6
На каталіцкія каляды гаспадары запрасілі Драгуна да сябе.
Ён доўга аднекваўся, але не змог: спачатку запрашаў адзін гаспадар, а потым на дапамогу прыйшла гаспадыня. Драгун здаўся. Толькі зайшоўшы да іх у хату, ён зразумеў, чаму яго так угаворвалі зайсці. За сталом сядзела таўстушка Ліда Чалевіч. Яна прыветліва ўсміхнулася яму. Твар яе быў густа напудраны, бровы і павекі падведзены чорнаю фарбай, а валасы светлыя, як аўсяная салома. Драгун вырачыў вочы, зводзячы ўсё на жарт, але ў сэрцы нешта заварушылася. Ён павітаўся з ёю за руку, спытаў, чаму доўга нідзе не было відаць.
— Была далёка адгэтуль... Ажно на цаліне...
— І праўда, далёка... У якой вобласці? У мяне там сястра жыве ў Акмолінскай...
— А я ў Кустанайскай...
— І што, ты ў водпуску?
Ліда не паспела адказаць, бо гаспадыня, якая дагэтуль усё расстаўляла на стале, спынілася насупраць іх і сказала жартоўна:
— Хопіць шаптацца. Адкладзіце на потым. Сёння нашы каляды, пакаштуйце куцці...
— Дык я тут лішні — я праваслаўны і даўно не пасціў,— зноў пачаў выкручвацца Драгун.
— Нічога, бог велікадушны, ён і не такія грахі даруе,— сказаў гаспадар.— Прашу за стол.
За стол вельмі не было каму садзіцца: гаспадары і Ліда з Драгуном. Дзеці, адно большае, другое малое, бавіліся недзе каля бабкі, якая ляжала ў другім пакоі, адбітым дошкамі.
Першую чарку выпіла нават бабка, якая ўжо ледзь хадзіла па хаце — бледная, як цень, адна скура ды косці.
Ад закускі гнуўся стол: куцця, парасяціна з хрэнам, засмажаны з яблыкамі гусак, пірагі, бабкі — усё свае работы.
Драгун еў і хваліў гаспадыню. Пасля свайго халасцяцкага стала ўсё тут было такое смачнае, што можна праглынуць язык.
— Я не ведаў, што ў вас так смачна кормяць,— казаў Драгун, трымаючы ў левай руцэ гусіную нагу, а правай намазваючы на мяса пякучы бурачковы хрэн.— Каб ведаў, дамаўляўся б у вас сталавацца...
— Не заўсёды ў нас каляды,— заўважыў з ядавітай усмешачкай гаспадар і глянуў на гаспадыню. Тая адразу зразумела, куды ён хіліць, і тут жа адбіла яго напад.
— А ты хацеў, каб кожны дзень мець на стале гусака? Прынось тысячы тры, тады будзе...
Яны гаварылі сур’ёзна, і можна было падумаць, што зараз пачнуць сварыцца. Таму Драгун перабіў іх. Ён сказаў першае, што прыйшло ў галаву:
— А я нават не ведаў, што мае гаспадары католікі.
— Мы раней нават пісаліся палякамі,— адказала гаспадыня.— Мо і бацькі мае паплаціліся за гэта паляцтва.
— Як паплаціліся? — зацікавіўся Драгун.
— Мне было дзесяць год, як іх узялі. І ўсё... Вось нядаўна толькі рэабілітавалі. Нават бацькаў кішэнны гадзіннік і матчын пярсцёнак вянчальны аддалі назад...
— А хто ж яны былі такія?
— Як хто? Звычайныя людзі. Простыя, цёмныя. Бацька сталярыў, а маці трохі шыла на машыне. Жылі сярэдне, не галадалі, але і раскошы не бачылі...
— А я думаў, што гэта ваша маці,— Драгун кіўнуў за перагародку.— Ажно бабка! Праўнукаў дачакалася.
— Але, але, бабка жыве, пакутуе, а каму яшчэ жыць ды жыць — дык таго няма...— гаспадыня змахнула з вачэй слязу.
— Не трэба наракаць на лёс, пані Рэгіна, што было, то было. Трэба жыць і пра гэта не думаць.
— Добра, не будзем думаць. Тады не думалі, цяпер не будзем. Лепей забудзем! — сказала яна ў рыфму і засмяялася.— А мне хочацца чалавеку расказаць, каб ён ведаў, як мы жылі... Мне было дзесяць год, мяне ўзялі ў дзетдом, я там прабыла год і ўцякла да цёткі, бацькавай сястры, папрасілася ў яе жыць. А потым была не рада. Што ні зраблю — усё не так, усё крык, пабоі. Адзін раз я разбіла талерку, дык яна мне як стукнула ў плечы, што я ажно два гады праляжала ў бальніцы. Чуць хрыбет не перабіла... Але нічога, я жывучая, паправілася. Акупацыю неяк перажыла і нават спадабалася свайму шаноўнаму Барысу Каранеўскаму...
Драгун глянуў на гаспадыню, на гаспадара. Яны ўсміхаліся, падміргвалі адно аднаму, нібы гаварылі вясёлыя жарты.
Другі тост пілі за гаспадыню.
— Ці я таго варта? — усё ў тым жа жартоўна-сур’ёзным тоне казала яна.— Вось не працую, гадую свайго Ромку.— І паказала на падлогу, па якой поўзаў малы тоўстагаловы хлопчык з вялікімі вачыма і кірпатым, бірулькаю, носікам.
— А чаму ён у вас не ходзіць, а поўзае, такі вялікі? — спытала Ліда Чалевіч, якая дагэтуль маўчала.
— Лянуецца, у бацьку ўдаўся. Год і пяць месяцаў, а яшчэ не ходзіць. На ножках трымаецца, але няма смеласці. Ён ужо хадзіў, ды выцяўся моцна, таму і баіцца. Жэнька, ідзі нам пайграй трохі! — клікнула яна сваю маленькую дачку, якой было гадоў сем-дзевяць.
— Не хачу,— прапішчала Жэнька з-за шафы.
— Хай лепш Барыс Адамавіч пайграе нам,— папрасіла Ліда.
— Потым,— махнуў рукою гаспадар,— як усё вып’ем.
Пачалі распытваць Ліду пра цаліну, а яна адказвала так, нібы там зусім не была: жарцікамі, намёкамі, недагаворкамі. Драгуна здзівіла, чаго яна туды трапіла.
— Ну як, можна там жыць ці не? — спытаў ён.
— Жывуць жа людзі. Напрыклад, твая сястра...
— Мая сястра паехала туды не з дабра... Няўдала выйшла замуж, развялася і паляцела туды шукаць шчасця.
— У гасцях добра, а дома лепш,— уставіла гаспадыня.
— Мой дом там, дзе я сама,— бесклапотна адказала Ліда.
— Чакайце, хто гэта свой дом носіць? Не напрошвайся на камплімент, Лідка! — падрэзаў яе гаспадар.
— Хочаце сказаць, што я чарапаха? Дзякую, дзякую, там у стэпе я іх наглядзелася.
— Прабач, я не хацеў... А што яны там ядуць, як жывуць без вады?
— Хто іх ведае... Мы іх елі заместа кураціны...
З кожнай чаркай усе весялелі, гутарка рабілася шумная, без усякай сувязі, пераходзіла, скакала з аднаго прадмета на другі, не спыняючыся падоўгу на нечым пэўным. І што б ні пачыналі сур’ёзнае, гаспадар адным махам збіваў усё на жарт, і ўсё канчалася смехам. Так гаварыць можна было без канца. Урэшце яго ўламалі, і ён сеў за піяніна. Сыграў спачатку некалькі калядных мелодый, мо знарок для бабкі — «Трох каралёў» і яшчэ нешта, чаго Драгун або не чуў, або забыўся. Потым перайшоў на папулярнае, што ўсе чулі і любілі: Шапэна, Агінскага, Чайкоўскага, нават нядаўна адкрытага, свайго Туранкова. Драгун першы раз чуў, што ў гэтага кампазітара такія проста класічныя мелодыі.
Але найболей Драгуну спадабаліся арыі з «Запарожца за Дунаем». Адчувалася, што музыка любіць гэтыя мелодыі і ўкладвае ў ігру ўсю сваю душу. Ён расчырванеўся, вочы яго гарэлі гарачкавым бляскам, на вялікім лобе выступілі буйныя кроплі поту. Арыю Карася ён нават падпяваў сам сабе басавітым голасам, і ўсе былі ў захапленні. Малая Жэнька стаяла каля бацькі і з замілаваннем глядзела то на яго твар, то на рукі, вялікія, з вузлаватымі пальцамі, здавалася б, такія няспрытныя, а тут такія ўвішныя, што проста як матылькі лёталі над клавішамі, выпускаючы на волю цэлую плынь гукаў.
Гулак-Артамоўскі быў яго каронны нумар. Да таго ж ён іграў без партытуры, папросту без нотаў, і Драгуна здзівіла яшчэ болей: ёсць жа шчаслівыя людзі, што могуць так іграць! А сам ён працаваў цеплатэхнікам у нейкім вадаканалтрэсце! «Абавязкова падарую яму што-небудзь з нотаў, мо нават знойдзецца той самы «Запарожац»,— падумаў Драгун.
Пасля канцэрта сталі збірацца дадому. Ліда падазрона паглядвала на Драгуна, нібы хацела штосьці ў яго спытаць і не асмельвалася. А мо чакала, што ён скажа «бывай» і шмыгне за свае дзверы?
Драгун стаў развітвацца: пацалаваў рукі жанчынам, пахваліў яшчэ раз гаспадарову ігру.
— Дзякуй вам за цудоўны вечар.
— Заходзь часцей! — сказаў на гэта гаспадар. Ён канфузіўся, калі яго хвалілі.
З Лідай яны выйшлі разам. У цёмным калідорчыку перад дзвярыма ў Драгуноў пакой на момант затрымаліся. Ліда стаяла побач, ён адчуваў яе дыханне, чуў пах яе валасоў. Ён прытуліў яе да сябе і сказаў:
— Зойдзем да мяне, я толькі апрануся...
Ён адамкнуў дзверы і нават не ўключыў святла, вобмацкам знайшоў паліто. Ліда стаяла ля дзвярэй, у самым праходзе, якраз на яго дарозе. Яны абняліся, вусны прагна шукалі вуснаў. Ліда вісела ў яго на руках, і каб ён развёў іх, яна ўпала б на падлогу.
— Заставайся ў мяне,— прашаптаў Драгун.
Яна, дакранаючыся валасамі да яго шчакі, кіўнула ў цемры галавою.
Драгун паставіў Ліду на падлогу, падняў руку — выключальнік быў тут жа, ля дзвярэй,— уключыў святло.
Ліда зажмурылася.
Ён узяў у яе паліто, павесіў на цвік, убіты ў сцяну.
— Сядай, Ліда... Я згатую кавы...
— Нічога не трэба...— яна прайшлася па пакоі, азірала сцены, столь, падлогу, дакранулася рукою да брудных, яркай чырвонай афарбоўкі шпалераў.
— Што ж ты не змяніў нават старых шпалераў?
— Не паспеў. Я тут нядаўна...
— А ты ведаеш, што гэтыя сцены я клеіла?
— Ты? Хіба ты тут жыла?
— Жыла... З адной нашай... Ты яе не ведаеш...
— Вось як! А я думаю: адкуль ты знаёма з маімі гаспадарамі? І доўга ты тут пражыла?
— Год, не болей.
— І адгэтуль паехала на цаліну?
Яна кіўнула галавою.
— Якая ж прычына была, што ты паехала за свет адна?
— Так сабе... Ніякай прычыны... Хацела паездзіць па свеце.
— І паездзіла?
— Як бачыш. Паездзіла... Вярнулася.
— А дзе цяпер? Працуеш?
— Які ты цікаўны сёння... Каб ты заўсёды так цікавіўся... маім лёсам...
— То што было б? — амаль механічна, не падумаўшы, спытаў Драгун і асекся.
Ліда стала сур’ёзная. Яна падышла да яго, паклала яму рукі на плечы.
— Не пытай мяне болей нічога. Мне цяжка...
— Прабач,— сказаў вінавата Драгун.— Я зусім несур’ёзны чалавек. Прысядзь, адпачні...
Цяпер ён зразумеў, што яна прынясла яму сваё гора. Што яна знарок зайшла да гаспадароў, каб пабачыць яго.
... Ён заклаў рукі за галаву, пазіраў у цёмную столь, прыслухоўваўся, як побач на падушцы ўсхліпвае Ліда.
— Чаго ты?
Яна маўчала. Толькі ўсхліпы рабіліся радзейшыя і слабелі.
Ён ненавідзеў сябе ў гэтую хвіліну як самага страшнага ворага. Ён праклінаў сябе за маладушнасць, за подласць, за гэтую мінуту слабасці, калі ён павінен маўчаць, сцяўшы зубы, і не сказаць ёй ніводнага слова суцяшэння. «Чаго ты?» — адзінае, што пачула яна ад яго. Хіба яна гэтага чакала? Ён толькі пытае яе, як на следстве, нічога не гаворыць пра сябе, не пускае яе ў сваю душу, бо там нікога няма, як няма і Ліды... Дык навошта ён сее ў яе сэрцы нейкую ілюзію, навошта гэтая блізкасць, недарэчная, непатрэбная, выпадковая і пустая? Што яна дасць яму ці нават ёй?
І чаго яна плача?
А мо яна так кахае яго, мо рада, мо проста шчаслівая? Мо яна чакала гэтай хвілі як найбольшай узнагароды за свае пакуты, няўдачы, за доўгае спадзяванне, за свой не надта ўдалы і незайздросны лёс? А мо гэта таму, што ён узяў яе цела, а не душу? Глупства! Душа, цела, дух... Містыфікацыя... Проста яна помсціць яму за той вечар, калі яны сядзелі ў бухгалтэрыі на цыратовай канапе, яна абдымала яго за шыю і ніяк не хацела адпускаць. А ён усё-такі ўцёк, разарваў яе абдымкі — і, напэўна, пакрыўдзіў дзяўчыну. Ён проста не ведаў тады, чаго ёй трэба ад яго... А яму ад яе нічога не было патрэбна... Ён лічыў, што, пайшоўшы, зрабіў сумленна, бо не кахаў яе... Але чаму ж сёння ён рашыўся? Мо вінавата гарэлка? Не... Проста ён ужо ведаў сёе-тое пра яе і хацеў пераканацца, ці гэта праўда. Хутчэй за ўсё, што так... Ды ён урэшце мужчына... Чаму ён павінен уцякаць ад таго, што ідзе ў рукі само? Ці тое, што само прыйшло, не цэніцца? Маральны фактар, а як жа!
Не, усё гэта не тое! Ён проста ненавідзеў сябе, што зрабіў несумленна, лёгшы з ёю ў пасцель і не сказаўшы «кахаю». Няўжо яна чакае ад яго гэтага слова і таму плача?
— Косця...
Да яго даляцеў гэты голас як з-пад зямлі — ён уздрыгнуў.
— Даруй, у мяне нервы... Як я рада, што тут, побач, ты...