37

Пасля кухоннай баталіі надышла цішыня. Абодва бакі змагліся, асабліва Шварцманы. Гэтулькі сіл патрацілі, і ўсё дарэмна! Няйначай, цяпер яны ламалі сабе галаву, якую тактыку ўжыць на далейшае, бо старая, плоткінская, сябе не апраўдала. Здаецца, нават нашкодзіла: сваім шумам яны памаглі давесці некаторым, што Драгуны жывуць у жахлівых умовах. А ў Драгуноў трохі адлягло на сэрцы: на даляглядзе загарэлася зорка надзеі на тое, што кватэру дадуць. Няважна, урэшце, па якой лініі. Нават калі ад Саюза ці ад работы, то ў адным і тым жа доме, бо дом на двух паях — выдавецтва і Саюз пісьменнікаў.

У абед аднаго разу Драгуны згаварыліся пайсці паглядзець той дом. Ён якраз быў недалёка ад іхняй работы.

— Глянь, колькі часу,— напомніла Вера,— каб ведаць, колькі ісці.

— Хвілін дзесяць, не болей,— адказаў Драгун.

Ішлі моўчкі, хоць кожны думаў пра адно і тое ж. Але каб не спалохаць свайго шчасця, хай на яго... Снег парыпваў пад нагамі, Вера коўзалася ў сваіх чаравіках на скураной падэшве, і Драгун вёў яе пад руку, бо ў яго самога туфлі былі на мікрапоры, і на зямлі ён стаяў цвёрда.

— А што табе ў Саюзе сказалі, як насіў заяву?

— Нічога. Якраз яны абмяркоўвалі кандыдатуры. Засядала жыллёвая камісія. Мяне туды піхнулі сілаю, я аддаў заяву Кулаковічу і хацеў ісці, але затрымалі. Спыталі, колькі метраў старая кватэра, якія ўмовы. Я сказаў, што ўмоў ніякіх, плошча трохі болей як дзесяць метраў. Стараўся вельмі не скардзіцца...

— Ах, які ты сціплы...

— А што? Яны ўсё роўна пойдуць глядзець.

— Мала што... Пойдзе два чалавекі.

— Яны і раскажуць.

— Ай, з табою нельга гаварыць,— успыхнула Вера.— Ты ўжо лічыш, што нічога не трэба рабіць, усё вырашана.

— А хто нядаўна прасіў зазначыць час?

— Гэта я так сабе... Ніяк не магу паверыць, што мы будзем жыць па-чалавечы.

— І я... Пяць год у інтэрнаце, пяць на прыватнай, пяць у тым каземаце з агульнаю кухняй. Пятнаццаць год, пятнаццаць лепшых год! — усклікнуў Драгун.

— Ну, у інтэрнаце яшчэ можна жыць.

— А я не любіў інтэрната. У ім вечны шум. Як вулей. Якія чатыры гадзіны там спакойна — з дзвюх гадзін ночы да шасці раніцы. А там зноў гудзе...

— Затое весела.

— Весела, але затое нічога нельга рабіць. Нават чытаць, я ўцякаў у бібліятэку.

— Вельмі ты далікатны.

Драгун нічога не сказаў. Яны падыходзілі да дома. Дом быў высокі, пяціпавярховы, з вялізных бетонных блокаў.

Яны зайшлі ў сярэдні пад’езд, на першы паверх. Ішлі малярныя работы, дзверы былі насцеж парасчыняны. Працавалі пераважна дзяўчаты.

— Калі здаяце дом? — спытала Вера, павітаўшыся.

— Калі скажуць,— адказала адна, уся ў заляпаным фарбай старым камбінезоне, які нязграбна аблягаў усю яе тоўстую фігуру ў фуфайцы.

— Малайцы, дзяўчаты! — пахваліў іх Драгун.— З такімі не прападзеш! Начальства такіх любіць.

Дзяўчаты зарагаталі.

— А вам што, не цярпіцца? — спытала другая.

— Яшчэ і як, дзяўчаткі,— сказала Вера.— Я гэты дом нават у сне бачу. Хіба вы самі не перажывалі такога моманту?

Дзяўчаты зноў засмяяліся.

— Мы і цяпер перажываем,— сказала першая.

— Што, і вам даюць кватэры?

— Даюць, а як жа! Ганчар гаршкі лепіць, а сам у чарапох варыць... Так і мы. Зробім — і вам аддамо. А самі — у інтэрнаце звякуем.

— Няўжо праўда? — здзівілася Вера.

— Я ўжо дзесяць год у інтэрнаце. Пяць як замужам, ёсць дзіця, а ўсё роўна нікуды не дзенешся,— сказала самая старэйшая з іх, фарбуючы дзверы «слановай косцю».

— Каб нашым начальнікам давалі кватэры апошнім, то ўжо ўсе даўно мелі б,— сказала першая,— а то што ім? Яны ўладкаваліся і думаць пра нас забылі.

— Ну, вы ўжо ў палітыку лезеце,— зазначыў Драгун.

— Якая тут палітыка? — нічуць не разгубілася дзяўчына.— Я свайму прарабу тое самае кажу, а ён толькі смяецца. Ён даўно мае добрую кватэру.

— Ён два разы памяняе, пакуль табе раз дадуць,— сказала тая, што фарбавала дзверы.

Драгун уздыхнуў. Ён і сам ухваляў жалезны флоцкі закон: капітан пакідае карабель, што пачаў тануць, самы апошні. Каб такі закон увялі пры размеркаванні кватэр!

Пагаварылі яшчэ трохі, пасмяяліся, паскардзіліся на лёс адны і другія — і Драгуны пайшлі. Рабочыя таксама не паверылі, што ёсць яшчэ такія «інтэлігенты», як яны, без кватэры. Так і не сказалі, калі ж здадуць гэты дом. Але на душы ў Драгуна трохі пасвятлела. Усё ж такі не за гарамі тое свята.

А нешта праз тыдзень Драгун даведаўся, што ў Саюзе пісьменнікаў вывесілі спісы і што ён, Драгун, ёсць у гэтым спісе. Ён не паверыў вушам і адразу паехаў у Саюз. І праўда, Драгун красаваўся ў спісах недзе ў сярэдзіне — прэтэндаваў на два пакоі, а яго пакой намячалі аддаць паэту Фальскаму-малодшаму.

Праз дзень у тым жа Саюзе, перш чым зацвердзіць, абмяркоўвалі той самы спіс. Народу сышлося болей, чым на які сход з самай цікавай павесткай дня: прасторны клуб нават не ўмяшчаў усіх людзей.

Ва ўступным слове старшыня жыллёвай камісіі празаік Кулаковіч, невысокі павольны чалавек з чорнымі прылізанымі валасамі і шырокім носам, даў агульны малюнак сённяшняга жыллёвага стану членаў Саюза пісьменнікаў. На дваццаць пяць кватэр было пададзена 65 заяў, і пераважна ад людзей, якія жывуць на прыватных кватэрах або ў бараках ці аварыйных дамах, адным словам, ад людзей, якім трэба памагчы. Многа заяў ад маладога папаўнення. Добра прымаць у Саюз, але адразу давай кватэру! Ёсць нават заявы ад тых, што яшчэ не прыняты... Вялікую групу складаюць нашы паважаныя ўдовы, жонкі нашых таварышаў, многія з якіх памерлі заўчасна і імёны якіх доўгі час былі забаронены. Усяго разам у нас 75 удоваў. І большасць з іх жыве ў кепскіх умовах. Абавязак нашага літфонду — памагчы ім у самы бліжэйшы час. На жаль, дваццаць пяць кватэр не вырашаюць гэтай праблемы адным махам, аднак патрохі мы зможам палепшыць умовы тым, каму асабліва цяжка,— гаварыў Кулаковіч.

Потым ён стаў зачытваць прозвішчы ў спісе і пытаўся ў залы:

— Пакінуць у спісе ці не?

Пакінуць у спісе — гэта даць кватэру, не — не даць.

Зала шумела, выкрыквала, лаялася, плакала, рагатала. Некаторыя з тых, каму намячалі два пакоі, прасілі тры, тым, каму адзін — патрабавалі два, а хто зусім не трапіў у спіс — а такіх было найбольш — паводзілі сябе развязна, мужчыны шумелі і лаяліся, жанчыны — плакалі і сыпалі праклёны. Ва ўсякім разе, яны нічога не трацілі.

Сам Драгун маўчаў, хоць і сядзеў, як на баране. А Вера нават не пайшла на гэтую цырымонію — баялася, што не вытрымаюць нервы.

Прозвішча Драгуна зала ўспрыняла стрымана, хоць сям-там пачуліся галасы:

— Толькі прынялі ў Саюз — і ўжо кватэру!..

— Хай палучае ў выдавецтве!

Кулаковіч растлумачыў, што гэта якраз па дамоўленасці з выдавецтвам.

Галасы сціхлі. І тут папрасіў слова Фальскі-малодшы.

— Нядаўна я ажаніўся,— пачаў ён, але яго перабілі.

— Скажы спачатку: развёўся! — крыкнулі з залы.

Ён не адказаў на рэпліку і працягваў:

— Спадзяваўся, што Саюз дасць мне магчымасць уладкавацца па-чалавечы. І што ж я ўбачыў? Мяне адпраўляюць жыць у такую нару, што мне стала страшна! Ні адзін нармальны чалавек — хай даруе мне Драгун — там доўга не пражыве. Там жа катарга! Там няма ніякіх санітарных умоў, там халодная кухня з цэментавай падлогай, вечны змрок, холад і вільгаць, не гаворачы ўжо пра цеснату. А суседзі! Божа барані мяне ад такое кватэры! Калі я нават буду паміраць пад адкрытым небам, у такую, з дазволу сказаць, кватэру ніколі не пайду! І прашу камісію яшчэ раз перагледзець спіс і ўлічыць маю просьбу, а не даваць тое, што з носа спадзе.

Драздоў, які сядзеў побач з Драгуном, нахіліўся да яго і шапнуў на вуха:

— Ну, цяпер ты, Драгун, моцна акапаўся.

Драгун толькі стрымана ўсміхнуўся: здаецца, яго пакідаюць у спісе.

Сход яшчэ цягнуўся з гадзіну, але Драгун, стомлены напружаннем, ужо не так востра ўсё перажываў. Дзіўная чалавечая натура! Чужая рана не баліць... І нават чужыя слёзы не заўсёды кранаюць. За ўвесь гэты час ніхто не адмовіўся ад свае кватэры ў нечую карысць, усе крычалі толькі за сябе.

І кантрастам гучалі ціхія роўныя словы ўдавы пісьменніка Пяткевіча.

— Хіба я вінавата,— гаварыла ўся белая, маршчыністая і слабая, хоць яшчэ не зусім старая па гадах жанчына ў чорнай сукенцы,— хіба я вінавата, што засталася адна? Хай бы ён забраў мяне з сабою на той свет, я была б шчаслівейшая. Я пажыла з ім пяць гадоў — і яго пасадзілі... І што я бачыла цэлых дваццаць год пасля таго?.. Кім я толькі ні працавала і дзе я толькі ні была?.. І вось мая старасць... Няўжо яго жыццё і мае пакуты каштуюць менш, чым тая аднапакаёвая кватэра, якую я прасіла?

Кулаковіч раз-пораз выціраў свой круты лоб, які пакрываўся потам. Сёння Кулаковічу было цяжка. Але ўсё ж такі ён папацее колькі гадзін — і канец, пойдзе дадому, у сваю трохпакаёвую кватэру, а вось тыя, што сёння прымушаюць яго пацець, будуць самі пакрывацца цыганскім потам яшчэ невядома колькі год. Кулаковіч трымаўся надзіва спакойна і стрымана, і чым ён быў спакайнейшы, тым болей, па сабе ведаў Драгун, кіпела ў яго ў душы. Гэта ўжо такі характар у чалавека... Няўжо ён такі і дома? — пытаў сябе Драгун. Ён і сам на людзях быў ціхі, аж занадта, асабліва сярод малазнаёмых, а ў сваім, блізкім асяроддзі адчуваў сябе натуральна, вольна і быў усялякі: на кепскае рэагаваў бурна, чырванеў ад гневу, са смешнага гучна рагатаў, аж браўся за жывот, на дзіця пакрыкваў, любіў, каб яго каманды тут жа выконвалі, хоць сам цярпець не мог, калі ім камандавалі... Драгун лавіў сябе на тым, што ён па характары нечым падобны да Кулаковіча. Гэта нават відаць і на творчасці, калі тое, што пісаў Драгун, можна ўжо назваць творчасцю: абодва расцягвалі, часта нават надакучліва-нудна вялі на адной ноце...

І яшчэ адно пераконанне выносіў Драгун з гэтага сходу. Хто ўмее моцна плакаць, крычаць, бедаваць, таму хутчэй дадуць, чым другому, які спадзяецца на законнасць, на справядлівасць: маўляў, і так відаць, як я жыву, усе бачаць, усё ўлічаць — не абдзеляць, не абыдуць. На практыцы было зусім не так! Цяпер Драгун лаяў сябе за непаваротлівасць і маруднасць, за гэтую марную надзею, што камісія ўбачыць яго цяжкі стан... Бач, як Фальскі ўмее пастаяць за сябе! Каб ён жыў у такой кватэры, як Драгун, ён ужо даўно вырваў бы сабе тое, што трэба!

Драгун прыйшоў дадому задыханы і мокры ад поту. Калі ён сказаў жонцы, што ім даюць кватэру, Вера спачатку не паверыла, а потым абняла яго, стала цалаваць і плакаць.

— Мо я была кепская, злая, нячулая з табою, то даруй... Мне было цяжка...

— Я табе веру... І дарую. А ты даруй мне, што я быў непаваротлівы, мала стараўся, мала дабіваўся...

Драгун пасадзіў Веру на канапу, а Валька ўзабралася яму на калені, падскоквала і ўсё паўтарала, як папугай:

— Мы паедзем на новую кватэру... А мы паедзем на новую кватэру! Чуеш, Аленка, мы паедзем на новую кватэру!

— Цішэй, Валька,— супакойваў яе Драгун.— Дай пагаварыць з мамай!.. Сёння я паглядзеў, што не трэба вельмі спадзявацца на справядлівасць... Каб я не хадзіў гэтыя два ці тры месяцы, а сядзеў склаўшы рукі, то невядома, ці далі б нам кватэру... А мо і далі б? Чорт яго ведае, як лепш...

— А калі мы паедзем на новую кватэру? Заўтра? — не адставала Валька.

— Трохі пачакай. Яшчэ не далі ордэр.

— Табе дадуць ордэн? За што?

— За тое, што многа цярпеў,— адказала за яго Вера.

— Якраз табе такі ордэн больш падышоў бы.

— Куды там! Я якраз нецярпячка...

— Нецярпячка, нецярпячка, глядзі, цябе затопча качка,— лапатала Валька.— Калі мы паедзем на новую кватэру?

Бацька і маці смяяліся, бачачы, як адразу ажыло дзіця.

— То давайце збірацца! Чаго вы расселіся? — тузала Валька бацькоў за рукі.

— Ціха, дачушка, збяромся, яшчэ рана.

Дзіця пачало плакаць.

— Якое рана? Ужо вечар... Кватэру даюць, а збірацца не хочуць... Вось людзі...

Пасля вячэры доўга не маглі ўгаманіцца. Потым дзеці паснулі, а Драгун і Вера ўсё шапталі адно другому ўсялякае глупства, будавалі планы. Вера ад радасці была на сёмым небе. Яна размалявала ўсё ў такія ружовыя фарбы, што ў Драгуна ажно мігцела ў вачах. Купім тое, купім гэта, паставім так, паставім тут... Драгун толькі смяяўся.

Назаўтра яго чакала яшчэ адна радасць: з Масквы прыйшоў грашовы перавод на трыста рублёў (новымі грашыма) за апавяданне, надрукаванае ў зборніку.

А потым атрымаў на рукі ордэр і ключы. Дзіўна, што ў той дзень Драгуну выпісалі два ордэры! Пра гэта ён даведаўся ад Жывіцы, якая была ў камісіі па размеркаванні кватэр у выдавецтве. Другі ордэр яму выпісалі па чарзе, на якой ён прастаяў роўна дзевяць год. Драгун толькі вылаяўся сам сабе. Іронія лёсу! Як паўгода назад ён прасіў-маліў у райсавеце, каб яму далі кватэру па чарзе, бо далей нельга цярпець, ніхто нават не паварушыў пальцам. А цяпер яму ў адзін дзень выпісваюць два ордэры! Якая шчодрасць!.. Ды д’ябал яго бяры! Усё ўжо ззаду, у яго ордэр і ключ на руках, а гэта — дробязь, якая толькі на момант скрабянула па сэрцы.

Цяпер заставалася толькі пераязджаць.

Драгун дамовіўся з хлопцамі, узялі нейкі грузавік з друкарні і за адзін раз перавязлі ўсё Драгунова багацце.

Шварцманы некалькі разоў выглядалі праз шчыліну, назіралі, як іх ненавісныя суседзі выязджаюць. Няйначай, яны зайздросцілі Драгунам.

А на Драгунова месца перабіраўся малады хлопец, журналіст з літаратурнай газеты.

Пазней Драгун пачуў, што не паспеў ён сюды пераехаць, як Шварцман ужо напісаў заяву ў райсавет, што яму падсяляюць нейкага п’яніцу, бабніка і разбэшчанага тыпа.


Загрузка...