23
Пісьменнікі раслі хутка, як грыбы пасля цёплага дажджу. Здаецца, нядаўна выдавалі па першай кніжцы, а тут ужо даюць па другой. І адразу відно — выраслі ўверх і ўглыб, і ўшыркі — ва ўсіх трох вымярэннях. Ад апавяданняў перайшлі да аповесцяў, ад аповесцяў — да раманаў. Не ўсё, праўда, у іх гладка, але аснова, добрая, моцная — ёсць у хлопцаў. І народ пайшоў пісьменны, адукаваны — адукацыя, як правіла, вышэйшая, а то і аспірантура.
Прынёс у выдавецтва першы свой раман малады празаік Мікола Драздоў. Першая яго кніжка выйшла два гады назад, мела добры поспех, многа пахвал далі ёй крытыкі, асабліва маладыя. У Драздове яны ўбачылі новую зорку першай велічыні... Што ў Драздова было дасканалым, дык гэта пейзажы. Здавалася, што не чытаеш, а бачыш малюнак — так мог ён падаваць прыроду. Часам гэтым сваім умельствам ён злоўжываў, і прырода паглынала чалавека, як вялікі лес. Прырода падавалася буйным планам, першародная ў сваім харастве, а чалавек раствараўся ў ёй, станавіўся мізэрны, маленькі, як мурашка...
Раман у аркушаў дваццаць Драгун адрэдагаваў, зняў з аўтарам усе пытанні, усе спрэчныя мясціны і панёс на подпіс. Літаральна ў той жа дзень у газеце з’явілася рэцэнзія на гэты ж раман, які спярша быў надрукаваны ў юначым часопісе. Рэцэнзент Крышталевіч непрыхільна паставіўся да твора, знайшоў у ім нават тое, чаго там не было. Але крытыкі гэтай хапіла, каб начальства насцярожылася і з павышанай цікавасцю ўзялося чытаць яго.
Час ішоў, Драгун працаваў над другім рукапісам, а трывога за раман не ўлягалася.
І вось назначана вытворчая нарада. Збіраюцца ўсе ў дырэктарскім кабінеце. Ведаюць, што будзе абмеркаванне рамана Драздова... Многія са спагадай паглядаюць на Драгуна. Некаторыя пасміхаюцца самі сабе: так табе і трэба!
Драгун сам не свой. Пэўна ж, дастанецца яму нямала. Аўтара, як правіла, на вытворчыя сходы і нарады не запрашаюць. Аднойчы аўтару выпадкова ўдалося трапіць на абмеркаванне свае кніжкі, дык потым дырэктар даў вымову рэдактару за тое, што прывёў аўтара... Найлепей вырашаць лёс чалавека, калі яго самога тут няма, не чуваць тады ні плачу, ні піску, ні крыку... А потым паставіць яго перад фактам — і ўсё, нікуды ён не папрэ...
Драгун зайшоў са сваім крэслам, сеў ззаду, насупіўся, спадылба аглядаў людзей. Рэдактары былі пераважна мужчыны, карэктары — усе да адной жанчыны рознага веку. Цікавы гэта быў момант! Паназіраўшы, тут можна было вызначыць характар чалавека, яго імкненне, яго адносіны да жыцця. Звычайна кожны чалавек меў сваё аблюбаванае месца. Усе, хто хацелі быць на віду ў начальства, садзіліся спераду, бліжэй да дарэктарскага стала. Гэта былі пераважна загадчыкі рэдакцый, парторг і кандыдаты на парторгі або хто з былых, адстаўных, старшыня мясцкома ці кандыдаты ў старшыні, аматары выступаць на кожным сходзе, а то і проста такія, што любяць пакрасавацца перад людзьмі і начальствам. Побач з галоўным, насупроць дырэктарскага стала, пры акне, сядзеў заўсёды Нагорны, гэта было яго «забраніраванае» месца. Маскалевіча часта выбіралі ў прэзідыум, і ён таксама выбіваўся наперад, каб быць на вачах у масы. Як правіла, на такіх сходах выбіралі адных і тых жа, яны, відаць, прывыклі да гэтага і заўсёды ахвотна і сур’ёзна займалі свае месцы ў прэзідыуме. Садзіліся спераду і тыя, хто спазніўся заняць сабе спакойнае месца ззаду, крывіліся і стараліся схавацца за суседавы плечы. Любілі сядзець спераду і прыгажэйшыя жанчыны, спрабуючы свае чары на начальстве.
Хутка і без валакіты выбралі прэзідыум. Людзі пайшлі за дырэктараў стол, дзе чакалі пастаўленыя для гэтага крэслы, а суседзі з радасцю займалі тыя, што вызваляліся.
Старшыня нарады парторг Пятроўскі, з голай бліскучай галавою, з дэголеўскім носам, ужо ў гадах чалавек, адразу ж даў слова для дакладу дырэктару Важніку.
Той прайшоў да свайго стала, занятага цяпер прэзідыумам, стаў збоку, паклаў на край папку з дакладам. Потым пачакаў цішы, азіраючы залу з вышыні свайго высокага росту.
— У лютым гэтага года рэдактар мастацкай літаратуры таварыш Драгун і загадчык рэдакцыі таварыш Гушчынскі падпісалі ў набор і здалі ў галоўную рэдакцыю рукапіс рамана Міколы Драздова «На берагах Віліі»,— пачаў чытаць свой даклад дырэктар.
Далей ён сказаў, што у той жа дзень у газеце «ЛіМ» была змешчана рэцэнзія на раман Драздова, і рэцэнзія ў рэзкім тоне крытыкавала раман. Аднак рэдакцыя не прыслухалася да голасу крытыка, маючы, відаць, свой, зусім іншы пункт погляду на гэтую рэч. Таму ён як дырэктар лічыць патрэбным выказаць некалькі сваіх заўваг — як па зместу рамана, так і аб фактах непатрабавальнасці і непераборлівасці, што заўважаюцца ў рэдакцыі мастацкай літаратуры ў апошні час.
— Скажу шчыра, што ў гэтым творы я не знайшоў ніякіх жыццёва важных праблем, хоць трохі больш-менш значных падзей, уся ўвага чытача прыкута да дробных і па сутнасці пачварных з’яў, якія не маюць выхаваўчага, не кажучы ўжо грамадскага ў шырокім плане, значэння. Больш таго, я сказаў бы, што «малюнкі вясковага жыцця», якія не звязаны між сабою і не выцякаюць адзін з другога, пададзены так, што ўзнікае зусім няправільнае ўяўленне пра людзей нашай савецкай вёскі, пра іх побыт і маральнае аблічча. Затое ў рамане ёсць добрая порцыя пошласці і, як трапна заўважыў з іншага выпадку паэт Шчыпачоў,— «жарабяціны». На фактах, калі можна так сказаць, маральна-этычных, якія ёсць у рамане «На берагах Віліі», варта спыніцца больш падрабязна.
Працытуем асобныя мясціны. Вось размова двух трактарыстаў:
«— Ды я счакаў бы... Толькі не сёння.— Васіль зняў кепку, страсянуў галавой, цмокнуў.— Ягадка адна мяне чакае. Сохне... Чорненькая такая, спелая. Не магу, браце, душа мая! Трэба памыцца, выветрыцца. Сёння думаю зажымончык зрэзаць. Эх-ту!.. А як прыціснуць дзяўчыну, ягадку такую, калі ад цябе саляркай нясе? А дзяўчынка чорная... Фігурка... І сама такая цвёрдзенькая... Але цыц! Не дазваляе. Абсалютна!»
Доўга, на некалькіх старонках рукапісу цягнецца гэты даволі развязны і пошлы дыялог.
«— Ды хто яна?
— А-а... І цябе ўзяло... Я яе не выпушчу. Сказаў — усё. Бо мне яшчэ ні адна чорная не траплялася. А тут шанс ёсць. Абсалютна».
І далей у тым жа тоне:
«Любоў... Ды ну яе ў баразёнку... Няма яе абсалютна. Пабольш нахабства! Гэтая штучка мацней за ўсё».
А чым далей у лес, тым болей дроў:
«Яна не ўцякла ад акна. Ён узяў яе на рукі, хуценька занёс на канапу. Быў ашалелы, лавіў яе вусны, дыхаў горача, цяжка.
— Лена... Лена...
Яна ўдарыла, мусіць, па воку, бо на Міхася аднекуль са столі раптам пасыпаліся іскры, вострыя, колкія, бы хто раструшчыў лямпачку на дробныя чырвоныя кавалачкі.
Ён раз’ярыўся, быў у шалёнай злосці.
— Не падумай крычаць... На сваю галаву...
— Пусціце... Не ламайце рукі... Ой, спіна...
— Падумаеш... Што там у цябе?»
Аўтар, відаць, сам таго не жадаючы, падбірае такія словы і рэплікі, так будуе дыялог, карацей кажучы, ахінае дробныя пахабныя факты ў такую літаратурную форму, што міжволі напрошваецца вывад: у рамане ганьбуюцца нашы маральныя прынцыпы, нашы людзі паказваюцца ў вельмі ўшчэрбленым выглядзе.
Пацвярджаюць гэта не толькі прыведзеныя прыклады, але і іншыя:
«— Пане Куцка! Ведаеш, чаму баб у салдаты не бяруць?
— Не... Ну, ну...
— А таму, што па камандзе: «Лажысь!» дагары кладуцца...
— Га-га-га...
А знаеш сакрэт, як жонку ўлагодзіць?
— Давай...
— Днём каля паленца, ноччу ля каленца».
Ці можна апраўдаць гэту відавочную і непрыкрытую пошласць тым, што аўтар укладвае яе ў вусны п’янай кампаніі? Лічу, што не!
Гаворыць стары возчык Мікіта:
«— Прырода якраз уладзіла ўсё. Ёй усё роўна, замужам хто ці не. Яна свайго патрабуе, сваё гне. Прырода — гэта такая штука, што яна не глядзіць табе ў пашпарт, ці ты муж па закону, ці ты пастаялец. Усякая любоў канчаецца прыродай».
Ці вось яшчэ натуралізм у самым аголеным выглядзе:
«— Не гавары такога... Я люблю цябе... Я так яшчэ нікому не гаварыў. Ніколі... Лена!..
— Ясік... Не трэба, не трэба... Прашу... Не цалуй так... Дай перадыхнуць... Не трэба. Адпусці... Я ж усё роўна твая... Твая, чуеш? Не трэба цяпер, адпусці... Са мной яшчэ ніхто так не быў...
Ён цалаваў яе вусны, шыю, грудзі. Яна адчувала яго рукі, дужыя, цвёрдыя. Яна дрыжала, спалоханая.
— Ясік, ну не трэба, я баюся... Ты ж мяне любіш,— яна задыхалася.— Ой, што ты... Ясік... Ой... О-о-й...— яна абмякла, панікла, пала на халодную ад ночы траву».
Могуць сказаць, што калі ўзяць «Ціхі Дон» ці «Узнятую цаліну» Шолахава і выпісаць усе інтымныя прыгоды Грыгорыя і Аксінні ці Давыдава і Дар’і, то малюнак паўстане яшчэ болей аголены?
Я не згодзен з гэтым. Справа ў тым, што ў гэтых выдатных творах асабістыя, інтымныя, калі можна так сказаць, адносіны між людзьмі таленавіта ўпісаны ў агульную сюжэтную тканіну, узмацняюць вобразы Аксінні і Грыгорыя, Давыдава і Дар’і...
Нехта ззаду крыкнуў:
— Лушкі, а не Дар’і...
Але дырэктар так захапіўся дакладам, што не пачуў рэплікі і чытаў далей:
— ...Робяць іх больш чалавечнымі, поўнымі, шматграннымі. У рамане «На беразе Віліі» маральна-этычных праблем аўтар уласна не ставіў. Унутраныя інтымныя перажыванні людзей тут зводзяцца ў асноўным да аднаго: «зажымончыкі», «уся любоў канчаецца прыродай» і да таго падобнае...
Цытаваў дырэктар доўга, вывады рабіў кароткія і ясныя, зала, здавалася Драгуну, была ўся на баку дырэктара, усе весела смяяліся, кідаючы сяды-тады позіркі на Драгуна, які сядзеў усё так жа насуплены, але трохі астыў, не так балюча прымаў удары, бо, як яму пачало здавацца, яны не заўсёды траплялі ў цэль. Іншы раз яны проста ўзнімалі маладога аўтара, гаворачы аб яго добрым таленце. А што ў зале смяюцца, то з любога самага прылізанага і прыгладжанага рамана можна наскубці такога, што зарагочаш і заплачаш. Раман — гэта не апавяданне, якое прачытаеш за паўгадзіны і ўсё ўбачыш як на далоні. Трэба ўрэшце, каб чытач і не заснуў, каб была нейкая разрадка... А як паказаць адмоўнага героя, пашляка, «жарабятніка»? Сказаць, што ён сякі і гэтакі? Дык гэта будзе толькі дэкларацыя, плакат, а не характар. Чытач у яго не паверыць. Каб выклікаць пагарду да героя, трэба паказаць усю глыбіню яго падзення. Толькі так можна дабіцца сапраўднага эфекту.
Другі ўдар быў нанесены праз тыдзень, калі дырэктар склікаў рэдакцыйны савет. Гэты раз запрасілі самога аўтара — каб потым не скардзіўся ў вышэйшыя інстанцыі. Сабралася ўсяго чалавек восем.
Тут ужо не выбіралі ніякага прэзідыума, толькі сакратарка вяла запіс выступленняў.
Дырэктар, скінуўшы пінжак, пахаджваў па сваім прасторным кабінеце, нячутна ступаючы па дыване.
— Я папрасіў вас сабрацца, каб пачуць вашу думку пра раман Драздова «На берагах Віліі». Адмоўная рэцэнзія ў «ЛіМе» з аднаго боку і супярэчлівыя водгукі асобных літаратараў на раман прымусілі мяне яшчэ раз вярнуцца да гэтага пытання, хоць у нас у выдавецтве і складваецца ўжо свая цвёрдая думка. Хто хоча першы сказаць?
Усе сядзелі за вялізным сталом. Праскрыпелі крэслы, усе глянулі адзін на аднаго, чакаючы, хто смялейшы.
— Дайце я пачну...
Гэта быў ужо ў гадах салідны мужчына: шырозны ў плячах, з буйнаю сівай галавою, з вялікім кірпатым носам-бульбінай, паэт і празаік, перакладчык, кінасцэнарыст, вядомы літаратар Баркоў. Да гэтага чалавека ў Драгуна было дваістае пачуццё, а чаму — пра гэта калі-небудзь яшчэ будзе гаворка. Цяпер Драгун чакаў ад Баркова ўсяго.
— Я прачытаў першую частку рамана і тут у «ЛіМе» якраз убачыў рэцэнзію. Шчыра кажучы, яна мяне здзівіла нядобразычлівым тонам, бо ўражанне ад рамана ў мяне складвалася добрае. Рэцэнзія вельмі па-сацыялагізатарску змастачана. Папракаючы гераіню, што яна не вядзе вялікай грамадскай работы, рэцэнзент думае аб так званых галачках мерапрыемстваў, а не аб шматгранным штодзённым жыцці. Шчырае, простае, нязмушанае адчуванне жыцця — гэта лепшае, што ёсць у рамане. Падзеі раскрываюцца проста, натуральна, па-свойму, забываеш нават, што чытаеш. Здаецца, сам ідзеш за гэтымі героямі і жывеш разам з імі. Але аўтар не захацеў многага выкасаваць, таму ў чытанні рамана ёсць пэўныя затрымкі. Няма і належнага адбору лексічнага матэрыялу.
Ён прывёў некалькі прыкладаў удалага і няўдалага ўжывання слоў, паказаў, як у адным выпадку слова стварае вобраз, цэлы малюнак, у другім — разбурае яго, нявечыць — і на гэтым скончыў.
Другім папрасіў слова Шукевіч, невысокі, моцны, яшчэ маладжавы мужчына, вядомы сваімі раманамі.
— Я згодзен з першым апанентам,— сказаў Шукевіч,— твор ёсць, але сёе-тое аўтар не выкрасліў: як па лініі трактоўкі вобразаў, так і па лініі мовы і стылю, канструкцыі сказаў. Напісаны раман таленавітым чалавекам — хочацца думаць, спрачацца. Ідэйныя пазіцыі аўтара ясныя, ясныя і яго ідэйныя задачы. Нешта не ўдалося, нешта нацягнута. Ёсць і зайздроснае багацце мовы, ёсць і манернічанне. Кепска, што аўтар даў не той варыянт, што ў часопісе.
За Шукевічам выступіў лысаваты рухавы Крыцкі, бывалы чалавек, вопытны празаік, які пасля рэабілітацыі доўгі час працаваў рэдактарам у выдавецтве. Гаварыў ён хутка, спяшаючыся, нібы баяўся, што яго пераб’юць або не дадуць дагаварыць да канца свае думкі.
— Мяне здзівіла, калі я пачуў, што ў выдавецтве раман выкрэсліваюць з плана. Твор Драздова — цікавы і арыгінальны. Натуральна, што ў маладога аўтара можна знайсці невялікія завіхрэнні, выкліканыя творчымі пошукамі. Шкодзіць раману жаданне здзівіць, паманернічаць.
Крыцкі хуценька сказаў, хуценька сеў, агледзеў усіх: хто за ім?
За ім выступіў крытык Ярашэвіч, адказны сакратар таго часопіса, дзе друкаваўся раман. У Ярашэвіча былі вялікія пукатыя вочы, вузкі, як сціснуты, нос і чаканная пракурорская дыкцыя.
— Я згодзен з усімі тут выказанымі думкамі. Мы ў часопісе ўхапіліся за гэты твор таму, што ён цікавы, а вобразы моладзі — надта арыгінальныя. Мы адчувалі, што аўтар не зусім справіўся з матэрыялам, але не хацелі яго збіваць на газетную мову і стыль. У мове шмат крыўляння, манернічання. Мне здаецца, што рэдактару Драгуну часам было не пад сілу пераканаць аўтара паправіць сёе-тое. Ці не запрасіць больш вопытнага рэдактара?
Драгуна гэта нічуць не пакрыўдзіла: у такіх выпадках «запрашаюць больш вопытных» рэдактараў.
Амаль усе, хто тут сядзеў, ужо выказалі свае меркаванні. Пятым папрасіў слова галоўны рэдактар Быліна. Тон яго выступлення быў рэзкі.
— Скажу адразу, што аўтар зрабіў памылку, калі не ўлічыў тых заўваг, якія яму зрабілі ў часопісе і даў усё тое, што хацеў, а рэдактар за гэтым не прасачыў. Не было там многіх анекдотаў, пошлых мясцін, пахабшчыны... Відаць, аўтару захацелася паарыгінальнічаць... Ёсць у рамане бясспрэчныя вартасці, але хапае і чужароднага, непатрэбнага. Пісьменнік не асіліў усяго матэрыялу і не здолеў зрабіць належны адбор. Рэцэнзент слушна заўважыў пэўную імпрэсіяністычную манеру аўтарскага пісьма. Як мне здаецца, аўтару абавязкова трэба ачысціць твор ад выпадковага, наноснага, ад моўных выкрутасаў. Па-другое, трэба пайсці па лініі больш выразнага стаўлення аўтара да кожнага з вобразаў. Нельга ні ў якім разе нагнятаць адмоўнае, а такія сцэны ў рамане ёсць. Трэба не плакаць па дэталях, калі яны не іграюць на вобраз, і па словах, якія рэжуць вуха. Пасля дапрацоўкі раман можна выдаваць.
Дайшла чарга да аўтара. Далі слова і яму.
Драздоў гаварыў ціхім, змучаным голасам. Ён падзякаваў за крытыку, за заўвагі і за добразычлівы тон.
— Пастараюся раман дапрацаваць,— сказаў ён у заключэнне.— Хачу толькі зазначыць, што манернічання ў мяне няма, бо пішу той мовай, на якой гавораць у нас, якой гавару сам. Трэба яшчэ адзначыць, што рэдактар мне многа памог. Яшчэ раз дзякую...
— А што рэдактар на гэта скажа? — спытаў Шукевіч, калі надышла паўза.
Драгун адмовіўся выступаць, бо адчуваў, што стане гаварыць рэзка і толькі напсуе.
— Мне няма чаго сказаць... Я падпісаў раман у набор... Маю думку на гэты конт у выдавецтве ведаюць,— сказаў ён толькі і сеў.
Цяпер усе глядзелі на дырэктара. Заставалася яго апошняе, важкае, рашаючае слова. І яго тут жа пачулі:
— Я застаюся пры сваёй думцы: у такім выглядзе раман выдаваць нельга. Не ўпэўнены, ці варта пераносіць кнігу на наступны год. Не ўпэўнены, што рэцэнзент у газеце памыліўся. Уражанне ад твора ў мяне вельмі кепскае. Ідэя не праяснена, вобразы цьмяныя, няма ў творы значных падзей. Мо толькі пасля перапрацоўкі можна будзе вырашаць, выдаваць твор ці не.
Але з апошнім ніхто не захацеў згадзіцца.
Урэшце дырэктар даў згоду перанесці раман на наступны год.
І яшчэ вырашылі памяняць рэдактара.