39
Вясна! Пах таполяў п’яніць, дурманіць галаву. Лісточкі яшчэ малыя, клейкія, далікатныя. Зямля пад таполямі ўкрыта шкуркамі ад пупышак, яны трашчаць пад нагамі, як луска з разгрызеных вавёркаю яловых шышак.
Драгун сеў пад шумлівай таполяй, абапёршыся плячыма аб яе шурпаты камель. Гэтай вясною ён тут першы раз. Ён прыходзіў сюды, калі балела галава, калі кепска працавалася, калі на сэрцы ляжаў які-небудзь цяжар.
А сёння нядзеля, ён ішоў у бібліятэку, але ногі неяк самі сабой прывялі яго сюды. Цяжкая, як чыгунная, галава, хочацца спаць, цела ўсё ные і просіць адпачынку, нібы ён учора рабіў немаведама што — цягаў камяні на гару. Але што фізічная стома! Пасля яе добра спіцца, чалавек назаўтра ўстае трохі змучаны, але расходжваецца, разварушваецца — і зноў робіцца бадзёры і здаровы, зноў можа працаваць. А пасля сямейнай сваркі чалавек горш чым пабіты. Сядзяць у галаве малюнкі, цэлыя сцэны, асобныя словы. Ад іх хочацца ўцячы, вытравіць іх з памяці, скінуць з душы іх цяжкі груз. Але нічога не выходзіць! Хіба толькі аддацца якому лёгкаму занятку! Хоць бы праводзіць вачыма жанчын, што праходзяць па сцежцы, любавацца прыгожымі. Глупства! Драгун быў сёння сярдзіты на ўсіх жанчын свету. Яму лезлі ў галаву самыя кепскія думкі. Жанчына прыгожая датуль, пакуль яна маўчыць. А калі яна раскрыла рот, дык скажа нешта такое, што адразу паставіць яе намнога ніжэй, чым яна стаяла дагэтуль. І наогул сваім словам яна можа сябе знішчыць, закрэсліць, прынізіць, ператварыць у нішто.
І тыя, што праходзілі ля яго, сёння здаваліся намнога лепшыя за яго жонку. А яна так не любіць, калі скажаш, што яна такая ж, як і ўсе. Яна — экстраардынарная, не падобная ні да кога, адзіная ў свеце! Злосць распірала яго ўсяго, чым болей ён думаў, тым болей рабілася неспакойна. Дурніца! Яна думае, што сваркамі, ці, як яна кажа, гутаркамі, яна мацуе сям’ю. Наадварот, яна яе разбурае! І Драгун сказаў сабе: досыць! Ён цярпеў, калі яна ўзняла цэлую буру з-за Лідзінага пісьма, цярпеў, калі распачала вайну з-за беднасці, маўчаў, калі лезла без канца ў кухонныя баталіі з Плоткінымі і Шварцманамі, падтрымліваў у яе міжусобнай вайне з Інэсай Рынковіч. Драгун думаў: можа, і праўда Веры было цяжка, мо і праўда яна не магла цярпець далей — было цесна, не хапала грошай, яны толькі станавіліся на ногі. Тут ён яе яшчэ хацеў разумець, лічыў, што вось пераедуць яны на новую кватэру — будзе лягчэй, Вера ўрэшце супакоіцца, усё стане на месца. Дык не! У яе такі ўжо характар, і яна заўсёды знойдзе, да чаго прычапіцца. А калі не будзе прычыны, то яна прыдумае яе. Цяпер, лічыў Драгун, ім ужо няма з-за чаго сварыцца, а яна знайшла! Цяпер яна пачала з-за таго, што Драгун многа памагае сёстрам. Не бацькам, а сёстрам. Які ход канём! Малодшая сястра Надзея жыве разам з бацькамі. Драгун лічыць, што калі ён памагае бацькам, дык памагае і сястры, а калі сястры — памагае бацькам, бо ў іх усё агульнае. Але гэтага Веры не дакажаш. Пачалося ўсё з ганарара. Хай бы ён яго лепей не бачыў!.. Ужо даўно, як быў яшчэ зімою дома, абяцаў сястры, што як выйдзе яго кніжка, то прышле ёй якую сотню ці дзве. Цяпер яны будуюцца, і грошы ім патрэбны, кожны рубель дарагі. І вось зноў пераняслі кніжку, але што сястры да таго? Сорамна Драгуну, што не стрымаў свайго слова... Ды нават калі б і не пераняслі. Яны там думаюць, што ў Драгуноў грошай многа і без тае кніжкі. Усё-такі двое з дыпломамі, працуюць даўно, ён піша, друкуецца, мае ганарары.
Яно і так, на добры лад — грошы павінны быць. Але іх усё ж няма! Ні да рэформы, ні пасля! Нават потым, як кажуць, рубель стаў намнога карацейшы. На рынку цэны растуць, усе здзіўляюцца. А ў магазінах? Тое самае. Адна зарплата застаецца тая самая... Каб хоць яны ўмелі эканоміць, а то ні Вера, ні Драгун не ўмеюць ашчаджаць капейкі. І не прапівалі, не праядалі, не хадзілі разадзетыя. Сяды-тады нават у рэдакцыі гаварылі свае жанчыны — Роўба ці Жывіца,— чаму ён не купіць сабе новы гарнітур, ці лепшае паліто, або людскі плашч? Але ён толькі пасміхаўся: ён і сам купіў бы, каб было за што, купіць не так цяжка. Ды хіба ад гэтага ён пераменіцца, стане лепшы? «Наша пасада нас абавязвае»,— гаварылі жанчыны. А Драгун ім адказваў прымаўкай: «Выцягвай ножкі паводле адзёжкі». Касцюм ён купляў тады, калі ў штанах пачынаў прадзірацца зад або ў пінжаку локці. Вера таксама не была модніцай, інакш яна не стала б Драгуновай жонкай.
Драгун разумеў, што, каб прытачыць у адным месцы, трэба ўрэзаць у другім. Гэта як тая кароткая коўдра, нацягнеш да барады, стануць відаць ногі. І ўсё ж ён не траціў надзеі на тое, што яны ўрэшце вырвуцца з беднасці. Вось выдасць ён кніжку... Праўда, увесь ганарар за першую ён аддаў на даўгі. А другая ўсё пераносіцца... Ды і каб хоць добрая плата, а то сто пяцьдзесят рублёў за аўтарскі аркуш...
А гэтыя дзве сотні, якія ён атрымаў і з-за якіх усчалася сварка... Дзіва, дый годзе! Не было грошай — было ціха! Бач, ёй патрэбны ўсе, паловы яна не хоча! А каб ён нічога не атрымаў? Не было б і гутаркі,— кажа на гэта Вера. Праўда, тады было б ціха.
І ўсё ж ён паслаў сваім сто рублёў, не захацеў апраўдвацца, што кніжку пераняслі яшчэ раз. Тады і пачалося!
«Ты проста сляпы,— крычала Вера,— не хочаш бачыць, як мы самі жывём, у чым ходзім. Ты ніколі мне не сказаў: «Жонка, ты доўга носіш гэтае паліто, хадзем купім новае. У цябе выйшлі з моды гэтыя туфлі, хадзем купім другія».
«А ці памятаеш, як мы табе куплялі паліто, і ты плакала ад злосці, што я табе купіў дарагое, за дзве тысячы?»
«Бо ў нас не хапала грошай на другія расходы: у нас не было ў што апрануць дзіця».
«Глупства, дзеці апранутыя. Я не хачу, каб мае дзеці былі апранутыя лепей за ўсіх. Хай прывыкаюць да сціпласці, да памяркоўнасці. Яны будуць насіць тое, што ёсць у магазіне, на прылаўку, а не пад прылаўкам. Па блату нічога не даставаў і не буду».
«Каб мець блат, патрэбны грошы, а іх у цябе ніколі не было і не будзе».
«На абыходак былі і будуць. А раскошы не чакай».
«Якая раскоша? Яны нічога не знасілі новага, усё з перашытых нашых неданоскаў. Памятаеш, ты сястрыным дзецям накупляў новага, а твая дачка ў той час была ў перашытым са старога балахончыка».
«Я сказаў, што мы не будзем прывучаць дзяцей да раскошы. Інакш мы не зможам забяспечыць іх адных, не гаворачы ўжо пра нас».
«А што ў нас у хаце? Ты прыгледзеўся калі ці не? Але што табе? У бібліятэцы табе ўсё роўна. А я сяджу тут, як у пустым гумне вясною. Страшна, няўтульна... Нават сорамна, калі зойдзе чужы чалавек. Яшчэ калі свой, добра знаёмы, то нічога, а як які госць, зямляк! Потым раскажа, распіша, як жывуць інтэлігенты, рэдактары, пісьменнікі... Памятаеш, як табе твой зямляк гаварыў, той наладчык, Савош, здаецца? Ён адразу ўсё ўгледзеў, які ты гаспадар, які работнік, які бацька».
«Глупства ўсё гэта! Хай кажа! Мне нічуць не сорамна за ўсё гэта! Хай будзе сорамна тым, у каго валіцца цераз горла, у той час як многія яшчэ жывуць у беднасці... Я сумленна жыву на сваю зарплату. І калі мне не на ўсё хапае — дык што ж тут такога? Я ў гэтым вінаваты? Красці не пайду, не хачу, і ты таксама не будзеш ашукваць людзей. Будзем есці сумленна зароблены хлеб, нічога, што ён чорны».
«Гэта ўсё пустыя словы... Чаму людзі жывуць, не крадуць, а маюць? Нашы знаёмыя, суседзі? Чаму яны ўсё маюць?»
«Хто чаго глядзіць, той тое і мае. Што ў нас няма дываноў, на сценах і на падлозе? Пляваць на гэта! Пражывём і без іх!»
«Што дываны? У нас няма людскай шафы. У нас няма буфета, халадзільніка, пісьмовага стала».
«Не спяшайся! Усё будзе! Затое ёсць тэлевізар маркі «Нёман».
«Куплены ў растэрміноўку за маю зарплату...»
«Купім і шафу, і буфет, і халадзільнік. А стол мне не патрэбны. Мне добра і на швейнай машынцы. Буду страчыць раманы: ж-ж-ж...»
«Ты б хоць вымучваў пабольш апавяданняў».
«Не ўсё адразу! Цярпенне, даражэнькая!»
«Цярпенне не вечна. Я не хачу болей гібець з-за некага, нават і з-за тваіх сясцёр».
«Гавары шчыра: з-за бацькоў!»
«Бацькі адно, а сёстры — другое. Бацькам ніколі не адмоўлю: ні тваім, ні сваім. Але сёстрам, братам не хачу памагаць. Мне самой мала. Як будзе лішняе — калі ласка!»
«Лішняга мы не дачакаемся. І заўваж, што дапамога, калі ёсць лішняе, ужо не дапамога, а міласціна... І ў цяжкую хвіліну ім таксама памагу, хоць пайду пазычаць».
«У якую цяжкую?»
«Надзея будуецца. Гэта, па-твойму, проста?»
«Цяпер яна будуецца — сто рублёў. Тады яна купляла хату — сто рублёў. Яшчэ што будзе? У старэйшай — паўтузіна дзяцей, ты плаці, памагай карміць! І так без канца! Я болей не магу!»
«Не перабольшвай! Усяму ёсць канец. Памруць бацькі — сёстрам памагаць не будзем. А цяпер, калі я паслаў сястры — значыць, паслаў бацькам».
«Яшчэ пачакай! Паміраць бацькоў яны прышлюць да нас! Вось пабачыш!»
«Прышлюць — дык прымем. Што ж тут такога?»
«Нічога такога... Як былі здаровыя, як было што пацягнуць з іх гаспадаркі, то трымалі, а як усё высмакчуць — тады да нас... А потым будуць прысылаць сваіх дзетак, каб мы гадавалі».
«Перастань! Гавары, ды знай меру!»
«Брат багаты, ён пракорміць, адзене і абуе».
«Перастань, я цябе прашу, бо ў мяне могуць не вытрымаць нервы!»
«Размова» перапынялася, зноў успыхвала — і так цягнулася недзе да трох гадзін ночы. Усё скончылася прымірэннем, гарачаю пяшчотай і цяжкім неспакойным сном. Раніцай хацелася яшчэ паспаць, але дзеці ў нядзелю ніколі не дадуць. Як у будзень трэба падымаць раніцай, то плачу не абярэшся, а ў нядзелю пралупяць вочы разам з сонцам, і ніяк ты іх не ўпросіш паляжаць ціха.
Таму Драгун і быў сёння як разбіты, і таму не хацелася ісці ў бібліятэку. Ён ведаў, што сёння нічога не напішацца. «Але пайду, мо што пачытаю»,— падумаў ён і ўстаў з зямлі, па звычцы атрапаў ззаду штаны і пайшоў на тралейбусны прыпынак.
У бібліятэцы ўзяў часопіс, у якім была надрукавана новая аповесць Базылевіча. Драгун даўно сачыў за ростам гэтага таленавітага пісьменніка і не прапускаў выпадку, каб пачытаць яго новы твор. Цяпер Базылевіч меў ужо гучнае літаратурнае імя, з ім лічыліся, да яго зусім па-іншаму сталі адносіцца ў выдавецтве. І проста сімвалічна, што Драгуну аднойчы ўдалося бачыць сцэну, якую ўбачыш у сто год раз. Той самы галоўны рэдактар Быліна, які некалі шпурляў рукапіс Базылевічавай першай кнігі і нават не зрабіў ласкі падаць Базылевічу руку, калі Гушчынскі знаёміў іх у рэдакцыі, цяпер той самы Быліна першы схіляўся ў нізкім паклоне да Базылевіча, дзвюма рукамі хапаў яго руку, трос яе доўга і рабіў на твары прыветліва-саладжавую ўсмешку, пытаўся пра поспехі і справы, запрашаў зайсці ў свой кабінет і ўсяляк выказваў сваю пашану да чалавека... якога на пачатку яго дарогі не хацеў нават заўважаць...
Драгун ледзь знайшоў вольны столік — у такі час, пад абед, цяжка было разлічваць на што лепшае. Людзей, што вучыліся, чыталі, цікавіліся літаратурай і навукай, з кожным годам робіцца ўсё больш... Узяўся чытаць Базылевіча. Тэма — знаёмая яшчэ з першай аповесці: вайна. Мо паўтараецца? «Пабачым, пабачым»,— думаў Драгун. Пачынала разгортвацца дзеянне, вырысоўваліся людзі, характары. І паступова, крок за крокам, Драгун трапляў у палон, забываў, дзе ён і што робіць. Ён ужо ваяваў — часам са зброяй, часам з голымі рукамі,— але заўсёды за праўду і справядлівасць, і біўся да апошняга дыхання, як і аўтарскі герой. Як каму, а Драгуну такія характары падабаліся. Не заўважыў ён, як прайшоў час. У шэсць гадзін бібліятэка зачынялася.
Ужо выходзячы, унізе ўбачыў знаёмага — Васіля Шаплыку, калісьці разам вучыліся, як былі студэнтамі, а на першым курсе нават жылі ў адным пакоі — той пакой змяшчаў ажно сорак чалавек, і студэнты звалі яго «звярынцам». У бібліятэцы сустракаліся яны часта. Шаплыка рыхтаваў кандыдацкую дысертацыю і нешта доўга не мог яе абараніць.
— Драгун, каб ты здароў быў,— сказаў Шаплыка.— Ты маеш час?
Драгун трохі падумаў.
— Маю, аж занадта!..
— Дык хадзем да мяне. Мы ніколі з табою не выпілі чаркі.
— Хіба без гэтага нельга жыць?
— Аднак жа... Хадзем! Дарэчы, у мяне ёсць твая кніжачка. Падпішаш якраз...— Ён зашпіліў свой вялізны жоўты партфель на два замкі, узважыў яго на руку, нібы правяраючы, ці ўсё там.— Пайшлі, будзеш госцем!