30
Пракурат падышоў да акна, нацадзіў з сіфона газіроўкі, са смакам выпіў.
— Нешта цябе зранку смажыць,— заўважыў ціха Нагорны, які сядзеў пры акне.
— Хачу ў душы агонь заліць,— абыякава сказаў Пракурат, пазіраючы ў акно, якое выходзіла на двор друкарні.— Не разумею, што яны ўсё тут капаюць. Колькі працую тут, а як прыйдзе вясна, то як пачнуць капаць і грукаць, то да самай зімы.
— Прыкмета горада. Тут і зямлі не даюць спакою,— зазначыў Нагорны.
— Не толькі чалавеку,— падліла масла ў агонь Роўба.
— А што, і праўда... Скрозь капаюць, капаюць...
— Капаюць, хапаюць,— падбавіў Нагорны.
Драгун падумаў, што нешта яны сёння зранку заводзяцца, а яму хацелася папрацаваць, хоць да абеду. Ён не збіраўся ўмешвацца, але неяк падсвядома адчуў, што ўсё круціцца вакол яго. Нешта яго як працяло, кароткі сігнал прабег пад левай лапаткай, насупраць сэрца.
— Галоўнае, мы часам нават не падазраваем, што пад намі ўжо яма,— біў у адну кропку Пракурат.— То добра ж, калі хто шапне: «Сцеражыся, чалавеча, ты вісіш у паветры». А не — дык апынешся там як міленькі. І яшчэ невядома, ці выберашся...
— Пра што гэта ты? — вырачыў вочы Нагорны.
— А што, ты не чуў? — павярнуўся Пракурат да Нагорнага.— Хочуць Драгуна павысіць...— Ён апошняе слова сказаў так, што адразу стаў ясны яго адваротны сэнс.
Драгуна нібы ўкалолі шылам пад лапатку. Ён уздрыгнуў і, відаць, пабялеў. Але нечаканасць мінула, ён ужо апамятаўся.
— Мяне павышаць? Я і так высока...— хацеў пажартаваць Драгун, але голас не слухаў яго: бадзёрасці не было.
— Я ў цябе пытаю: ты ведаеш што ці не? — Пракурат падышоў да Драгуновага стала і стаў насупраць.
— Нічога не ведаю...— Драгун адмоўна пакруціў галавою.— А што?
— Як той з анекдота: а што? Тваю кнігу вярнулі з галоўліта.
— Якую? Мішчанку?.. Не, мне нічога ніхто не казаў...
— У нас скажуць, чакай... Дырэктар даўно чытае...
— Я бо гляджу, што ён мяне цяпер зусім не заўважае, нібы мяне няма... І сны нейкія ўвесь час нядобрыя пляліся...
Нагорны ўважліва глянуў на Драгуна, падміргнуў, але не сказаў і слова.
Усякая ахвота працаваць раптоўна прапала, хацелася недзе ісці, нешта рабіць, а не чакаць, як вол доўбні. Навокал усе зноў супакоіліся, заняліся чытаннем, і можна было падумаць, што нядаўняя гутарка забыта. Драгун выйшаў на калідор, пахадзіў, хацеў у каго знайсці закурыць, хоць ён і не курыў. Спусціўся ўніз, хацеў схадзіць у магазін. На лесвіцы сустрэў Жывіцу. Яна расчырванелася, вочы блішчалі. Шакаладнага колеру сукенка добра стасавалася да адкрытых загарэлых рук і шыі.
— Што гэта вы ходзіце ў рабочы час, таварыш Жывіца? — роблена-сурова спытаўся ў яе Драгун.
Яна ўсміхнулася, але нявесела.
— Ты ведаеш, што цябе хочуць перавесці ў другую рэдакцыю малодшым рэдактарам?
— Сёння хлопцы гаварылі, а так я нічога не ведаў. Дзякую, што сказалі, цяпер я буду ведаць...
— Ведаць мала... Трэба нешта рабіць.
— А што я зраблю? Што дакажу?
— Ну, хоць бы даведайся, што там за заўвагі, чаму вярнулі кнігу. Гэта тую, што Нагорны чытаў? Ён казаў мне неяк, што баіцца за яе, што ён табе тады гаварыў зняць некалькі апавяданняў.
— Гаварыў. Але там нічога сур’ёзнага я не знаходжу. Суровы, а не прылізаны рэалізм. Былі цяжкасці? Былі! Чаго ж тут баяцца? Вайна пакінула такую спадчыну...
— Аднак не бяры на сябе многа. Гэты аўтар такі, што яго чытаюць прыдзірліва... Ну, усё, а то Гушчынскі закрычыцца.
— Яго няма. Недзе ў начальства.
— Мо твае косці перамываюць?
— Калі рабіць няма чаго, то няхай...
І Драгун пайшоў уніз. Ля кіёска купіў газету, а ў магазін ісці паленаваўся — завінуўся нейкі халодны вецер, па вуліцы гнала густы гарадскі пыл, пяском сыпала ў вочы. Драгун зноў паплёўся на свой чацвёрты паверх, у рэдакцыю.
Гушчынскі ўжо сядзеў на сваім месцы. Як толькі ўбачыў Драгуна, паклікаў жэстам рукі да сябе.
— Гляньце, якія тут галоўліт зрабіў заўвагі па Мішчанкавай кніжцы,— сказаў ён непрыязна, і Драгуну падумалася, што загадчыку нядаўна зноў уляцела за яго, Драгуна.
Гушчынскі быў чырвоны як рак, рукі дрыжалі, а вочы блішчалі і бегалі, як шарыкі ў абойме.
Драгун узяў сшыты тонкім дротам літаўскі экземпляр, пайшоў у свой пакой.
Не хацелася глядзець, што там накрэмзана... Думкі нахлынулі, сумныя, невясёлыя думкі. Кінуць усё к чорту! Прызнаць сваю віну, скласці рукі... Рэзаць усё жывое, вытручваць гарачым жалезам. Хадзіць у перадавых, надзейных... Бо навошта ўсё гэта? Каму гэта трэба? Літаратура... Глупства! Нікому яна не патрэбна, абы было ціха і добра, і гладка. Навошта дражніць сабак? Лепей сённяшняе «ціха», чым заўтрашняе добра. Не шукаць, не рызыкаваць, не лезці ў невядомае. Ісці пратаптанай сцежкай. Бо пабяжыш — на бяду наляціш, пастаіш — бяда нагоніць. Дэвіз — варушыцца, рабіць выгляд, што жывеш. Так спакайней...
У пакоі пачуліся галасы, крокі. Драгун ачнуўся.
— Ну, глядзеў, што там такое? — спытаў яго Гушчынскі. Побач стаяў старшыня Саюза пісьменнікаў.
Драгун адсунуў ад сябе літаўскі экземпляр.
— Не глядзеў і не буду...
Гушчынскі ўзняў бровы, хацеў нешта сказаць, але змоўчаў і ўзяў карэктуру.
Яны выйшлі.
Драгун чуў праз пару дзён, што старшыня з Гушчынскім разам разглядалі ўсе заўвагі галоўліта, спрачаліся, а потым пайшлі да дырэктара. Адзінае, што давялося зняць — невялікі эпізод з аповесці,— як адразу пасля вайны дзеці ў п’янага фінагента ўкралі сумку з усімі квіткамі і нядоімкамі і ўкінулі ў прыбіральню, а астатняе старшыня сваім аўтарытэтам адстаяў.
Аднак хмары над Драгуном збіраліся. Ён адчуваў: напружанасць, маўчанне, ненатуральная цішыня. І ён вырашыў, што трэба абараняцца. Дзе б ён ні быў, што б ні рабіў — быў дома, на рабоце, адпачываў, ішоў па вуліцы,— ён думаў толькі пра адно: складаў прамову, з якой выступіць, а дзе і калі — няважна. У думках ён вёў зацяты дыспут з дырэктарам, галоўным, даказваў пераканаўча і неабвержна, што ён, рэдактар Драгун, займае правільную лінію, што ніякі ён не ліберал, не апалітычны, не вораг — Важніка, Быліны, камітэта па друку і ўсякіх іншых інстанцый, якія стаяць над кнігай па дарозе да чытача. Ён проста хоча, каб у кнізе, як у жыцці, было ўсё, каб кніга не была бледнай копіяй жыцця. Праўда, скажуць, што капіраваць прыроду, людзей — яшчэ не мастацтва. Але чаму ж тады гавораць: гэты мастак быў вялікі, бо ён, як ніхто іншы, блізка падышоў да жыцця, адлюстраваў тое, што было галоўным звяном эпохі, часу. Яшчэ кажуць, што мастаку абавязкова трэба мець светапогляд... А наогул, ці жыў калі мастак без светапогляду? Здаецца, не, а калі і жыў-быў, дык гэта не мастак, а проста партач, рамеснік. Галоўнае, які светапогляд: адсталы ці перадавы? На першы погляд, у гэтым вельмі проста разабрацца: той, што ўсё існае хваліць — гэта з перадавым светапоглядам. Той, што ганіць, вышуквае балячкі ў сённяшнім жыцці — адсталы элемент. Гэта, калі гаварыць груба, акруглена, прыблізна... Але менавіта так падыходзяць да твораў і іх аўтараў там, дзе кнігі ацэньваюцца і выдаюцца...
Доўга так хадзіў Драгун з поўнай галавою гэтых супярэчлівых думак, ды аднойчы ў нядзелю, засеўшы ў бібліятэцы, запісаў усё на паперу, блытана, спехам, але шчыра, як яму здавалася, доказна, пераканаўча... Ці толькі для ўсіх?
І трэба якраз здарыцца, што ў клубе Саюза пісьменнікаў сабралася нарада па рабоце з маладымі: пра іх цяжкасці, пра клопаты, патрабаванні і пажаданні. Драгун доўга не рашаўся, а потым ўсё ж папрасіў слова. Ён так хваляваўся, што каб не збівацца і не блытацца, дастаў з кішэні свой «канспект» і пачаў чытаць.
Драгун. Я не збіраюся выстаўляць сябе анёлам. Усе мы на такой рабоце, што ад памылак не застрахавацца. Розніца тая, што адзін іх робіць больш, другі менш. Не памыляецца, вядома, толькі той, хто нічога не робіць. І калі зыходзіць з гэтага тэзісу, то часцей памыляецца той, хто выдае больш арыгінальных кніжак, асабліва першых кніжак маладых аўтараў, якія яшчэ не зусім авалодалі сакрэтамі правільнага адбору матэрыялу, не адчуваюць яшчэ мяжы паміж «можна» і «няможна», карацей кажучы, яшчэ не нажылі сабе «добрага» дарадчыка, які ў нашым асяроддзі называецца ўнутраным рэдактарам. Божа барані іх ад яго! Хай у сто раз будзе цяжэй нам, выдавецкім рэдактарам, чым аддаваць сваё пяро ў рукі гэтага ўнутранага стража!
Пісаць праўду цяжка. Вось нядаўна Балканаў у рэцэнзіі на аповесць нашага Базылевіча выказаў думку, што аб таленце пісьменніка можна меркаваць па тым, наколькі ён адлюстроўвае, паказвае праўду жыцця. А ўспомнім, колькі крыві было сапсута ў рэдакцыі, покуль мы выдалі першую кніжку Базылевіча «Жураўліны клін». Я мог бы расказаць усю гэтую гісторыю падрабязна і назваць тых, хто станавіўся на дарозе і не даваў ходу гэтай таленавітай кнізе.
А што было з першай кніжкай прозы Каралевіча? Я два разы падпісваў яе ў набор. Яна ніяк не ўлазіла ў пракрустава ложа нашых старых установак і ўяўленняў аб прозе, той прозе, якую мы спакойна выдавалі і выдаём і якая так набіла аскому чытачу.
А возьмем першы раман Міхалевіча. Пра гэта лепей расказаў бы рэдактар Нікіфароўскі, які вёў кнігу Міхалевіча. Раман затрымалі, і Міхалевіча выратавала толькі тое, што яго кніга паралельна друкавалася і ў Маскве, а там людзі трохі смялейшыя, як у нас. Але не будзем яшчэ забываць, што ў Міхалевіча ўжо было літаратурнае імя, чаго ў той час не мелі ні Базылевіч, ні Каралевіч, ні Драздоў, які выдаваў свой раман «На берагах Віліі».
Нашы маладыя празаікі пішуць смялей, лепш і глыбей, чым пакаленне, якое сфарміравалася ў цяжкі перыяд культу асобы Сталіна. А мы патрабуем, каб яны прытупілі свае пёры і паўтаралі Стацкевіча... Новая плынь у літаратуры моцная, здаровая і неадольная. Гэта тое, што патрэбна народу, чытачу, ён вітае і будзе вітаць кнігі Драздова, Базылевіча, Мішчанкі, Каралевіча і іншых.
Цяпер я два словы хацеў бы сказаць пра тое, якім метадам карыстаецца наша дырэкцыя для выхавання нас, рэдактараў.
На днях галоўліт зрабіў заўвагі па кнізе Мішчанкі. Машына адразу стала. Пачаў чытаць дырэктар, галоўны, загадчык рэдакцыі. А мне ніхто і слова не кажа. Толькі пайшлі чуткі, што мяне збіраюцца панізіць, перавясці ў другую рэдакцыю. Ніхто мяне нікуды не выклікаў, ніхто нічога не сказаў, не параіўся, нават не крычаў, што рэдка бывае. Цішыня, як перад навальніцай... Добра, што хоць выпадкова зайшоў у рэдакцыю наш старшыня Саюза. Разам з загадчыкам рэдакцыі яны пайшлі да дырэктара, усе заўвагі знялі, за выключэннем эпізода з фінінспектарам. Кніга пайшла цэлая, а каб не аўтарытэт старшыні? Ад яе засталіся б рожкі ды ножкі. А каб не гэтая выпадковасць? Дырэктар напісаў бы даклад, прачытаў бы яго на вытворчым сходзе або на бюро, зрабілі б аргвывады — і ўсё, Драгун нават не дрыгнуў бы. Яго паставілі б перад фактам. Гэта падобна на суд за закрытымі дзвярыма, якім вельмі ўмела карысталіся берыеўскія памагатыя і які прынёс гэтулькі шкоды нашаму народу.
Час перастаць рабіць таямніцы з таго, што не сакрэтна, час людзей лічыць за людзей і лічыцца з іх думкамі. Калі я рэдактар, я маю свой голас, сваю галаву і погляд на рэчы. Мяне павінны выслухаць, перш чым рабіць якія арганізацыйныя вывады. Ды не! У нашым выдавецтве няма такое моды — гаварыць з рэдактарам, тым болей калі ён яшчэ праштрафіўся.
Мы баімся калегіяльнасці, хоць на словах галасуем за яе абедзвюма рукамі. Хто калі памятае здарэнне, каб дырэктар прыйшоў у рэдакцыю і параіўся па якім-небудзь пытанні, што закранае лёс рэдакцыі ці асобы рэдактара? Ніхто ніколі! Лёс рэдакцыі і яе людзей вырашаецца за закрытымі дзвярыма. Так было нядаўна з Маскалевічам, з Нікіфароўскім.
Чаму ўсё ж такі мы баімся голасу грамадскасці, чаму баімся агласкі? Мне ўспамінаецца абмеркаванне рамана Драздова на рэдсавеце ў выдавецтве. Усе, хто там быў, з невялікімі агаворкамі хвалілі раман: Баркоў, Шыкевіч, Крыцкі, Ярашэвіч. Болей крытыкаваў галоўны рэдактар, бо, дарэчы, ён ужо ведаў думку дырэктара. А думка дырэктара ішла ўразрэз з усімі, хто тады выступаў: раман кепскі і выдаваць яго нельга...
Не мне судзіць, ці пахіснулі яго веру ў сваю думку тыя таварышы, што тады выступалі, але мне чамусьці здалося, што дырэктар не згадзіўся з імі толькі з амбіцыі. Як гэта? Каб я, дырэктар, ды адступаўся ад свайго? Навошта ж мне далі ўладу?.. А можа, я памыляюся?
Затое чарговая «аперацыя» — абмеркаванне вершаў маладога паэта Вярэйскага была падрыхтавана з улікам промахаў, якія былі дапушчаны на рэдсавеце па Драздову. Усю рэдакцыю выклікалі на партбюро. Аўтара, як закон, не запрасілі. Не запрасілі нікога чужога. Усе свае. І тон, зададзены дырэктарам упачатку, не спадаў да канца. Зборнік вершаў даручылі чытаць людзям, якія стаяць ад паэзіі вельмі далёка. Напрыклад, загадчыку аддзела кадраў, рэдактарам з сацыяльна-эканамічнай, навукова-тэхнічнай літаратуры. Яны спатыкаліся на кожнай метафары і хапаліся за галаву ад кожнага складанага вобраза, гаворачы, што ў іх час так ніхто не пісаў. Яны ўвачавідкі шкадавалі аб «іх часе», але што зробіш — час назад не вяртаецца.
О, божа, казалі яны. І як чалавек мог дадумацца да такога:
Я іду і пяю ад вялікай, пранозлівай радасці,
Што памру, не дайшоўшы да подласці, трусасці, старасці!
Гэта ж не жарты! Старасць ставіцца на адну нагу з подласцю, трусасцю! Значыць, кожны стары — гэта...
Жалезная логіка!
Члены партбюро поўнасцю падтрымалі дырэктара. Рэдакцыя спрабавала даказваць сваё, але толькі яшчэ больш разгневала дырэктара. Усе мы былі бітыя, усе вінаватыя.
Прызнацца, да гэтага выступлення дырэктара я быў лепшай думкі аб ім як аб кіраўніку і чалавеку. Яго выступленне было грубай вульгарызацыяй, абсалютнай пародыяй на разбор вершаў. Я ўпэўнены, што каб дырэктар рабіў свой даклад перад такой аўдыторыяй, як сёння, то яго асвісталі б, і нашаму вышэйшаму кіраўніцтву давялося б рабіць арганізацыйныя вывады — пасылаць таварыша Важніка на курсы па павышэнню кваліфікацыі, бо ў яго, здаецца, усяго два курсы даваеннага КІЖа.
Абмеркаванні нашых промахаў і памылак ператвараюцца ў судзілішча, у расправу, на якой літаральна затыкаюць рот таму, хто не згаджаецца з думкай дырэктара, як гэта было з бляскам паказана пры абмеркаванні вершаў Вярэйскага, калі рэдактар Нікіфароўскі выступіў у абарону паэта і фактычна абвергнуў усе дырэктаравы закіды.
Дырэктар у нас — паўнапраўны валадар, які робіць усё, што лічыць патрэбным. І там, дзе яму не хапае логікі і розуму, ён ужывае сілу.
Могуць спытаць: а дзе ж галоўны рэдактар, на якім ляжыць адказнасць сачыць за ўсім літаратурным працэсам, абараняць пісьменніка і яго правы перад адміністрацыяй, памагаць выдаваць, друкаваць, ствараць добрыя кнігі, тым болей што сам Быліна таксама пісьменнік — літаратурны крытык. На жаль, такога галоўнага рэдактара ў нас няма. Яшчэ не было выпадку, каб галоўны рэдактар выступіў супроць дырэктарскай думкі. Больш таго, калі часам па якіх-небудзь прычынах галоўнаму даводзілася самому рашаць тое ці іншае пытанне, то ён тут жа мог адступіцца ад свайго рашэння, калі думка ў дырэктара была другой. Так што шукаць падтрымкі ў галоўнага рэдактара, калі гутарка заходзіць аб нязгодзе з дырэктарам,— тое, што шукаць ветру ў полі.
Самы вялікі грэх у выдавецтве — заступіцца за пісьменніка. А той, хто, як кажуць, бярэ аўтара за горла і рэжа па жывому, ходзіць у перадавых і паважаных. Але калі я бачу, што праўда на баку аўтара, я не магу прызнаць, што гэта не так — я заступаюся за аўтара. За гэта я стаў лібералам, апалітычным і нават ненадзейным. Цяжка, вельмі цяжка працаваць у такой атмасферы, яшчэ цяжэй выдаваць кнігі пісьменнікаў, якія яшчэ не маюць літаратурнага імя, якія яшчэ толькі ўступаюць у літаратуру... А такіх кніжак за апошнія гады я адрэдагаваў і выдаў ні многа ні мала — пятнаццаць штук.
Сваё выступленне Драгун закончыў пад гром апладысментаў.