16
Яшчэ адну цікавую кніжку маладога празаіка давялося рэдагаваць Драгуну.
Гэта быў паэт Каралевіч, які ўжо выдаў пару кніжак вершаў і раптоўна (а мо і зусім не) перайшоў на прозу. Каралевічавы вершы Драгун чытаў, імі ён проста захапляўся. Калі меркаваць па вершах, то яго цягнула мінуўшчына, якую ён ведаў выдатна.
Першы раз Драгун убачыў Каралевіча ў рэдакцыі яшчэ раней, калі той выдаваў першую кніжку вершаў пад назвай «Матчына сэрца». Ён зайшоў у рэдакцыю у кампаніі Дубровіча, які быў няштатным рэдактарам яго зборніка. Абодва былі падпіўшы. Каралевіч тады здаўся Драгуну развязным, з ненатуральна прыўзнятым настроем і жаданнем парысавацца, паказаць сваю эрудыцыю, якою ён, праўда, карыстаўся вельмі трапна і дарэчы. Толькі пазней Драгун зразумеў, што Каралевіч тады быў менавіта такім, якім ён заўсёды бывае: гэта чалавек, які гаворыць усё, што думае, шчыры, як дзіця, і такі ж непасрэдны. На яго нельга было зазлаваць.
Але першае ўражанне доўга жыло ў Драгуновым сэрцы, перашкаджаючы бачыць партрэт Каралевіча ў правільным святле. Усё перамянілася пасля таго, як Драгун прачытаў яго зборнік прозы: апавяданні і дзве аповесці. Большасць апавяданняў, як і абедзве аповесці, былі звязаны з гісторыяй Беларусі. Драгун прачытаў рукапіс і хадзіў некалькі дзён як апушчаны ў ваду. Тое, што ён адчуў і перажываў, цяжка было перадаць. Увесь час, калі ён чытаў, ад яго не адставала назойлівая думка, што наш сучаснік не можа так напісаць пра далёкае мінулае. Было такое ўражанне, што Каралевіч спісваў усё ў чалавека, які жыў тады, у мінулым, усё бачыў на свае вочы і ўсё занатаваў, каб потым людзі па яго матэрыяле маглі вывучыць жыццё мінулых эпох. І яшчэ кідалася ў вочы адна добрая якасць, якая не вельмі часта сустракаецца ў празаікаў: сплаў пачуцця і думкі. Калі ўжо гаварыць пра тое, што рэдагаваў Драгун, дык свежым прыкладам для яго быў Базылевіч, які біў на пачуцці, нібы вёў апавяданне для душы. А ў Каралевіча было два адрасаты: і душа, сэрца, і розум.
Драгун радаваўся, што ёсць такі чалавек у беларусаў, які, няма сумнення, зробіць многа і пакіне глыбокі след — «божы нарог», як пісаў сам Каралевіч пра аднаго свайго героя.
У той жа час яго засмучала, што многія літаратары ставіліся да Каралевіча вельмі скептычна, з насмешачкай, не верылі ў яго талент і поспех, а ў друку некалькі крытыкаў прынялі яго творы холадна і насцярожана, адбівалі яго ад старажытнай тэмы і заклікалі скіраваць позірк у наша светлае сёння. Дзіўна! Адзін разумны таленавіты чалавек ўзяўся перавярнуць уздзірванелую цаліну ў беларускай гісторыі, а яго агітуюць кідаць усё і пераходзіць на сучасныя рэйкі. Ды пра сённяшні дзень пішуць усе астатнія паэты і пісьменнікі. Дайце хоць яму паказаць наша мінулае, якое мы ведаем толькі па кепскіх, пісаных чужакамі для нас, падручніках гісторыі. Хай беларусы ведаюць, што іх гісторыя не бяднейшая, чым у іншых народаў...
Каралевічу адразу пашанцавала на рэцэнзента. І тут ужо сам Драгун не драмаў, бо быў навучаны на Аўчыннікаву. Смелага аўтара далі смеламу рэцэнзенту. Ён параіў Каралевічу многа карыснага. Па-першае, зняць тое, што не лезла ні ў якія вароты — нешта такое геніяльна-зялёнае, горка-саладжавае, што яшчэ не перабрадзіла, не адстоялася. У Каралевіча было гэтулькі энергіі, што яна біла з яго фантанам, і нараджаліся як высокадасканалыя рэчы, так і крывабокія, хваравіта-зялёныя, хоць і не пазбаўленыя прывабных момантаў і выдатных мясцін.
Каралевіч зайшоў у рэдакцыю шумна, з усімі павітаўся за руку, жанчынам манерна, з паклонам, пацалаваў ручку, усіх абдарыўшы шчырай, да вушэй, усмешкай і звонкім, ад душы, рогатам. Усмешка рабіла яго звычайны, нічым не выдатны твар адухоўленым і прыгожым.
— Вам сказалі, што я ваш рэдактар? — спытаўся ў яго Драгун.
— Толькі з адной умовай: прашу не называць мяне на «вы». Цярпець не магу. Давай дамовімся раз і назаўсёды: Яраславам заві мяне, браце.
Гэта былі першыя словы, якія ён сказаў Драгуну.
— Добра,— згадзіўся Драгун.— Добра, Яраслаў Мудры, сядай, і будзем здымаць пытанні.
— Наконт мудрасці памаўчым,— усё з той жа шчырай усмешкай сказаў Каралевіч.— Рэдактары нават Талстога вучылі мудрасці. Так што вучы і мяне, бо я яшчэ зялёны.
— Паспееш, паспееш...
Драгун гаварыў шэптам, каб не перашкаджаць людзям, а Каралевіч заставаўся сам сабою — калі спрачаўся, то на ўсё горла, калі даказваў, то закасаўшы рукавы, калі рагатаў, то дрыжалі шыбы.
Драгуна здзівіла, што Каралевіча вельмі лёгка можна пераканаць. Ён адразу здаваўся, калі бачыў, што заўвага правільная, што трэба паправіць ці выкінуць. Затое ў прынцыповых рэчах ён быў цвёрды, як скала, і зноў жа Драгун пачынаў паважаць яго за гэта, бо сам не любіў людзей, якія з-за дробязі маглі лезці на сцяну і даказваць сваю «праўду», а ў важных, вялікіх пытаннях, калі можна было нечым паплаціцца, адразу ўзнімалі рукі.
... Работа ішла дружна. Дапрацоўка пасля рэцэнзента. Дапрацоўка пасля рэдактара. Дапісванне, перапісванне, перадрук — усё гэта страшэнна стамляе. Каралевіч, мала прывыклы да такое справы, валіўся з ног. Драгун супакойваў яго: кожны аўтар праходзіць праз такі чысцец, іначай не трапіш у рай.
Урэшце Драгун падпісаў кніжку ў набор. Гушчынскі чытаць не стаў, падпісаў таксама. Драгун панёс галоўнаму, Быліне.
— Пакіньце, буду чытаць,— сказаў той суха.
А недзе праз тыдзень выклікаў ён рэдактара Роўбу і ўручыў ёй рукапіс Каралевіча.
Драгуна нешта пачало тачыць, нешта турбаваць. Навошта яго рукапіс даюць Роўбе? Чаму не сказалі яму ні слова? Такія рэчы ў рэдакцыі бывалі — калі рукапіс чытала амаль уся рэдакцыя. Гэта каб ведаць калектыўную думку, калі кніга была спрэчная... А тут нешта не тое. Праўда, Роўба не з тых, што выслужваюцца, яна скажа сумленна ўсё, што думае. А калі пабаіцца? Роўба была разумная жанчына, заўсёды спакойная, ураўнаважаная — усё роўна як родная сястра Жывіцы. Драгун паважаў іх абедзвюх.
Як бы там ні было, а час ішоў, машына круцілася, графікі падганялі — падпісаны рукапіс трэба здаваць у набор. План ёсць план, вытворчасць вымагае рытмічнасці, рабочы ў друкарні павінен мець працу... Роўба прачытала рукапіс. Іх сталы былі побач, яны лічылі сябе добрымі суседзямі, і гэтая чытка, як потым аказалася, не парушыла іх добрых адносін.
Зайшоў Гушчынскі і трохі з’едліва, хоць і па-сяброўску сказаў:
— Галоўны цяпер выклікае парамі. Пакуль што Роўбу і Драгуна. Цікава, каго наступнага? Калі б мяне і Жывіцу — не адмовіўся б.
Жывіца толькі паказала яму два рады густых зубоў, але змоўчала. За яе сказаў Пракурат — і якраз тое, чаго баяўся сам Драгун:
— Пабачым, што яшчэ з гэтай пары выйдзе. Туды яны ідуць сябрамі ці таварышамі, прынамсі, а адтуль могуць вярнуцца ворагамі.
— Ну, гэтая пара не пасварыцца! — Гушчынскі шматзначна падміргнуў.— Можаце браць прыклад.
— А вы хацелі б, каб мы грызліся? — Роўба папраўляла перад люстэрачкам валасы.
— Навошта? Лепей цалуйцеся,— Гушчынскі сёння нешта націскаў на пачуцці.
Роўба не так даўно развялася з мужам, да гэтага жылі яны кепска, яна часта прыходзіла на працу з чарнякамі на твары, і Драгун ёй спачуваў: некалі яго бацька таксама біў сваю жонку, яго маці,— аж дагэтуль, пакуль ён не падрос і не сказаў: даволі!.. Сяды-тады, калі ў рэдакцыі выпадала заставацца ім дваім, Роўба расказвала Драгуну пра свае сямейныя драмы. Мо гэтае паразуменне і было расцэнена ў рэдакцыі як скрытая сімпатыя ці яшчэ што болей, хоць як жанчына Роўба не выклікала ў Драгуна ніякіх эмоцый. Проста яна была для яго таварыш па рабоце — як усе іншыя: Пракурат, Нагорны, Каляда, Маскалевіч, Малышка ці яшчэ хто. Калі ўжо гаварыць шчыра, то душой яго цягнула да Жывіцы: яна падабалася яму і знешне, і як чалавек. Але што з гэтага? У кожнага ёсць свае сімпатыі і антыпатыі, ды ніхто пра гэта не крычыць.
— Што яны ўсё намякаюць, я не разумею? — спытала ў яго Роўба, калі яны ішлі да галоўнага.
— Ну, што між намі нешта ёсць... Але плюньце вы на гэта.— Драгун махнуў рукой.
Галоўны цяпер сядзеў у дырэктарскім кабінеце, бо замяшчаў дырэктара: той паехаў адпачываць.
Галоўны выйшаў з-за стала і запрасіў іх сесці за вялізны стол для нарадаў.
— Тут нам месца хопіць,— сказаў Быліна і сам зарагатаў.
Ён заўсёды першы гучна рагатаў са сваіх жартаў, якія не заўсёды выходзілі дасціпна, і здаралася, што ён рагатаў толькі адзін ды часам які падліза, каб заслужыць ласку ў начальства.
А цяпер Роўба толькі злёгку ўсміхнулася, а ў Драгуна выраз твару застаўся посны: яго турбавала больш тое, што зараз пачнецца.
— Сядайце, сядайце, пагрэемся на сонцы...
І праўда, сонца добра пякло праз два вялізныя акны, скіраваныя на поўдзень, у пакоі стаяла парная духата. На лысіне ў галоўнага выступіла дробная раса, а каўнер белай нейлонавай кашулі быў расшпілены, без гальштука.
Быліна паклаў каля сябе папку з рукапісам. Новая светлая папка, покуль прайшла ўсе рукі, стала пацёртай і бруднай.
— Ведаеце,— пачаў Быліна,— два разы прачытаў я нашага паважанага Каралевіча і ўсё баюся: ці зразумеюць нас правільна чытачы? Ці трэба пра гэта пісаць, пра што піша Каралевіч? Ці туды ён ідзе, ці тое робіць?.. Вось я і паклікаў вас, каб параіцца, паспрачацца, калі трэба... Каб вы мяне пераканалі — ці я вас. Адным словам, каго каму ўдасца... Што вы скажаце, таварыш Роўба? Як чытач, як рэдактар? Прашу вас...
Роўба залілася чамусьці чырванню, правяла далонямі далікатных сваіх рук па шчоках, бліснула белымі зубамі і заспяшыла:
— Скажу як чытач, што я даўно не чытала (а мо дакладней — ніколі) такой кнігі. Тут усё новае, свежае, непаўторнае... Каралевіч проста малайчына, што ўзяўся за тое, што дагэтуль усе абыходзілі, чаму — не разумею. Ці не ведалі свайго беларускага мінулага, ці не адчувалі ў сабе сіл узняць такую важкую ношу. Каралевіч дасканала ведае...
Зазвінеў тэлефон. Быліна ўсхапіўся неяк вельмі хутка для свае саліднасці, жэстам рукі папрасіў Роўбу памаўчаць, а сам хуценька падышоў да апаратаў. Іх было два, і які з іх звоніць, мог разабрацца не кожны.
Тэлефон званіў. Быліна зняў трубку, прыклаў да вуха, але тут жа зноў павесіў. Узяў другую — з «вяртушкі».
— Слухаю вас... Добры дзень... Быліна... Так, так... Не, два тыдні назад... Прабачце, гэта не так проста... Не, без яго мы не вырашым... Не, я не бяру на сябе такой смеласці... Мне яшчэ не надакучыла жыць... Так, так... Прабачце... Усяго найлепшага.
Галоўны паклаў трубку, белай хусцінкай выцер лоб, сцёр з твару тую няёмкасць, якая не пакідала яго за ўвесь час размовы. Няўпэўненым вялым крокам прайшоў на сваё месца, стомлена сеў.
— Дык што вы там гаварылі? — спытаўся ў Роўбы.
— Я кажу, што Каралевіч дасканала ведае эпоху, пра якую піша, людзі ў яго, здаецца, сышлі са старадаўніх карцін. Гэта проста талент... Проста я баюся, што надта хвалю яго. Асобныя моманты мне не падабаюцца: празмерная дэталізацыя, натуралізм, часам ён хоча прыўзняць нешта прыземленае, шэрае на ўзровень паэзіі. Гэта яму не ўдаецца... Як рэдактар, я прапанавала б зняць навелу пра паляванне, якраз яна грашыць натуралізмам. А так мне здаецца, што ён умее пісаць і ведае пра што пісаць. Гэта яго тэма, і тут, толькі тут чакае яго поспех.
Быліна ўвесь час быў сурова-засяроджаны. То сядзеў, успёршыся на рукі, то адкідваўся на спінку крэсла, пазіраў у столь. Няйначай, думкі яго былі заняты нечым іншым — мо тою тэлефоннаю размовай. Не перабіваў Роўбу ні разу, а калі яна скончыла, адразу папрасіў выказацца Драгуна.
Драгун стараўся менш хваліць Каралевіча — за яго гэта зрабіла Роўба, і ён у думках шчыра ёй дзякаваў, бо яе пахвала намнога мацнейшая, чым яго. Яна — незацікаўленая асоба, а ён, хвалячы Каралевіча, у пэўнай меры хваліў бы і сябе, страхуючыся ад крытыкі. І яшчэ: кніга, якую ён адрэдагаваў, рабілася нібы яго ўласнай, у яе ён уклаў сваю працу, сваю душу, гатоў быў абараняць яе ад усякага нападу як нешта сваё. Нават больш: сябе і свайго ён ніколі не ўмеў і не мог абараняць, бо лічыў, што збоку людзям лепей відно, што добра, а што кепска. Але пад канец ён таксама збіўся на пахвальбу.
— Каралевіч, я лічу, робіць важную справу, паказваючы, што і ў нас ёсць мінулае, ёсць гісторыя, не горшая, як у людзей, і нам ёсць чым ганарыцца мінулым, а не толькі яго чарніць. Мы выраслі не на голым месцы. Слабыя продкі не далі б моцнага пакалення. Ён абуджае нацыянальную свядомасць, нацыянальную гордасць беларусаў, якія ў сілу абставін многа стагоддзяў страшэнна прыніжаліся. Вуснамі швейцарца, найміта, які служыць у Беларусі, ён кажа, што тут жывуць цудоўныя людзі, са шчырымі сэрцамі, са светлым розумам, з вялікай будучыняй. Абуджаць патрыятызм, вучыць любіць сваю бацькаўшчыну — гэта высокая мэта. Або возьмем «Цыганскага караля»...
Быліна зварухнуўся, па твары прабегла грымаса прыкрасці.
— Ты, Драгун, нібы даеш анатацыю чытачу, які не чытаў кнігі. А я чытаў, і Роўба чытала. Так што карацей, канкрэтней. Кніга цікавая ці не? Канкрэтна! Карысная? Патрэбная? Вось пра што гавары.
— Якраз пра гэта я і гавару... Яна цікавая, патрэбная, нават вельмі патрэбная. Такіх кніжак у нас няма!
— Вы заўсёды схільны перахвальваць.
— Калі ёсць за што, не грэх і пахваліць...
— Правільна. Вось вы ўсё хваліце... Амаль што пераканалі мяне... Толькі ў адным я ўпэўнены: у яго засмечаная мова.
— А чаго? Мова неблагая, трохі мо залітаратураная,— сказаў Драгун.
— Кажу, засмечаная! — аж пырснуў слінаю галоўны.— Няўжо вы сляпыя, таварышы рэдактары? Ліктары, фаскі, курульнае крэсла, каралеўскі дрыкгант... Што гэта? Трэба перад сабою трымаць слоўнік іншамоўных слоў і праз кожныя пяць хвілін шукаць гэтыя фаскі, крэслы, дрыкганты! Што нам, станавіцца на калені перад кожным модным словам Каралевіча?..
І тут, ускочыўшы на ногі, ён з зайздросным спрытам выбраўся з-за стала, грукнуўся на калені і стаў хрысціцца шырокім узмахам рукі:
— У імя айца, і сына, і святога духа, амін! Дзякуй табе, Каралевіч, што ты выкапаў нам новае слова, мы век пражылі б і не ведалі б, што яно ёсць на свеце!
Ён аж задыхаўся, у куточках губ паказалася белая пена. Цяжка, сярдзіта сапучы, ён устаў з калень, механічна атрапаў штаны і сеў з краю ля стала, яшчэ поўнымі злосці вачыма азіраў кабінет, нібы чагосьці шукаючы.
Роўба спалохана глянула на Драгуна, той няўцямна паціснуў плячыма і маўчаў, не ведаючы, што рабіць: смяяцца, плакаць ці быць сур’ёзным, хоць у душы ён рагатаў. Такога артыста, як Быліна, ён бачыў першы раз.