54
Гэта тое, што Драгун насіў у сабе некалькі год, тое, што ніколі не сказаў бы нават у лапах ката, тое, чаго не ведаў ніхто, апроч яго самога.
І пачалося ўсё, здаецца, з дробязі.
Неяк хутка пасля таго, як Драгун перайшоў у выдавецтва да Важніка, рэдактар Пракурат ездзіў дадому. Прыехаўшы, дзяліўся вясковымі навінамі, даў кожнаму па яблыку з бацькоўскага саду, а калі хлопцы выйшлі на перакур у адзінаццаць гадзін, тады, як добрыя людзі робяць фізкультуру, ён, нібы між іншым, сказаў пра гутарку з маткаю. Яна, як і кожная маці, распытвала ў яго пра работу, пра людзей. І калі ён расказаў пра Рымара — хто гэта такі і што ён зрабіў, колькі людзей заплакала ад яго крывавымі слязьмі, а колькі разлічылася з жыццём, жанчына ўспляснула рукамі і сказала з сэрцам: «І няўжо не знойдзецца смелага чалавека, каб яго забіў, як шалёнага сабаку?» Пракурат уздыхнуў і гаварыў далей: «Вясковыя бабы разумеюць, што трэба рабіць з такімі нелюдзямі, як Рымар, а мы, няшчасныя гарадскія інтэлігенты, падаём яму руку. Як нізка ўпала ў наш час паняцце чэсці! Раней забойца, калі ў яго была кропля сумлення, або сыходзіў куды, або вешаўся: яму не было ратунку ад людскіх вачэй, ад людской пагарды. А цяпер мы робім выгляд, што нічога не здарылася. Праўда, Рымар сваімі далікатнымі рукамі нікога не душыў, нікога не катаваў, але якая розніца? Ён пісаў даносы, па якіх бралі людзей і ставілі да сценкі. Данос — самая чорная форма чалавечага злачынства. Нездарма раней пры цару Гароху першы бізун быў даносчыку. Нават гаспадар ненавідзеў даносчыкаў, глядзеў на іх як на людзей ніжэйшай катэгорыі. А потым стала: даносчык — правая рука гаспадара. Нават болей: гаспадары мяняюцца, а даносчыкі застаюцца. Даносчык служыць усім, гэта стала яго прафесіяй: ён служыць усім, усе яму плацяць. Бо даносчык — патрэбная фігура. Ён нават данясе на таго, на каго пакажа гаспадар. Вось у чым яго вартасць. Вось чаму ён не падае ў цане... І ўся трагедыя таго, трыццаць сёмага года, была ў тым, што ворагі-то былі ўяўныя, што ахвяры былі дарэмныя, а даносчыкі проста лгалі, узводзілі на людзей паклёп, не маючы для гэтага ніякіх ні доказаў, ні фактаў. І калі даносчыкі ў той час мо і не ведалі, што яны рабілі, то, па крайняй меры, цяпер яны ведаюць: яны рабілі самую чорную і подлую справу».
Увесь гэты маналог Пракурата быў вялікай нечаканасцю для Драгуна, бо яны ў той час яшчэ не паспелі як след пазнаёміцца, і Пракуратаву шчырасць Драгун зразумеў як смеласць. Душою ён адчуваў вялікую праўду сказанага. Але ва ўсім гэтым яго, Драгуна, уразіла адно, і мо якраз тое, што Пракурат сказаў як бы між іншым: гэта словы яго маці. «І няўжо не знойдзецца смелага чалавека, каб яго забіў, як шалёнага сабаку?..» Драгуна нібы ўдарыла громам: вось тое, што трэба! Вось ён, яго сэнс жыцця! Рымар, чорная, злавесная фігура, Булгарын і Грэч у адной асобе. «Кароткі, тоўсты, як кабан, плюгавы, дужа некрасівы» — які, аднак, прарочы партрэт даў наш невядомы паэт гэтай злавеснай фігуры!.. Яшчэ студэнтам чуў Драгун гэта прозвішча побач з прозвішчамі да яго падобных, якія разам рабілі сабе палітычную кар’еру на крыві і слязах сваіх былых сяброў і таварышаў: пісалі і друкавалі так званыя крытычныя артыкулы, у якіх называлі ворагамі народа самых сумленных і лепшых людзей нацыі.
Слугі культу, яны павінны былі зляцець у бездань гісторыі разам з галоўнай фігурай, якая за адну ноч сышла з усіх п’едэсталаў, што па праву належалі другім. Але галоўны зляцеў, а яны засталіся. У іх, што стаялі бліжэй да зямлі, аказваецца, былі мацнейшыя карані, чым у іхняга бога. Яны ўцалелі, толькі перапалохаліся. Многім, праўда, давялося заўчасна пайсці на пенсію, іншыя паплаціліся жыццём. Але гэта было недзе там, у вышэйшых сферах, якія простым людзям недаступныя. На месцах, у правінцыі, усё было ціха і гладка. Пракурор Карпік, праз якога рукі прайшлі многія беларускія пісьменнікі, спакойна адправіўся на пенсію. А такія, як Рымар, як Фальскі-старэйшы, як Бэнда, Моталь і іншыя,— жылі сабе спакойна і ў меру сваіх сіл пісалі і друкаваліся. Рымар перайшоў у драматургію, але сцэна не прынясла яму ні вялікага поспеху, ні славы, ні грошай. Ён перакінуўся на кіно, стаў пісаць сцэнарыі, а ад крытыкі зусім адышоў. Сваю крытычную аглоблю, трохі абчасаўшы, паменшыўшы і ўкараціўшы, ён аддаў другім, болей маладзейшым, што знаёмы з сучаснай тэрміналогіяй. Кіно падабалася яму найбольш — там быў найдаўжэйшы рубель. А як Рымар любіў рублі, Драгун трохі ведаў, бо яшчэ ў школьным выдавецтве яму давялося быць рэдактарам хрэстаматыі, якую складаў Рымар, перавыдаваў яе з году ў год і браў дармовыя грошы, а праўкі ўсякі раз уносілі рэдактары, якім ён кожны раз абяцаў цукеркі, ды так ні разу не прынёс. А выкрасленыя радкі ён падлічваў, як п’яніца капейкі, і сварыўся з рэдактарам, даказваў, што так нельга абіраць аўтара. У яго хапала нахабства называць сябе аўтарам!.. Гэта быў чалавек, які рваўся да ўлады, але вайна перашкодзіла яму гэтага дабіцца, і цяпер адзінае, што яму заставалася — грошы. Ён разумеў, што праз грошы можна быць блізка да ўлады і, ва ўсякім разе, мець на яе ўплыў...
І вось у выдавецтве ў Важніка Драгун пазнаў Рымара яшчэ бліжэй. Вечны надомнік, Рымар прыходзіў толькі ў дні зарплаты або калі браў новы рукапіс. У рэдакцыі ён мала быў, а калі заходзіў у выдавецтва, то ішоў да дырэктара. На многія рэчы, як потым высвятлялася, Важнік пачынаў глядзець Рымаравымі вачыма, чуйна прыслухоўваўся да яго думкі — Важнік разумеў, што лепшага флюгера, чым Рымар, не знойдзеш, ён ведае, куды трэба павярнуць і каму пакланіцца, на каго можна крычаць смела, не баючыся адплаты.
Кожны раз, калі Драгуну даводзілася бачыць Рымара, ён адчуваў у сябе на спіне пад левай лапаткай нязвыклы халадок. Гэты чалавек выклікаў у ім агіду. Яго ажно, здаецца, калаціла, калі ён пазіраў на яго тлустую кароткую фігуру, якую як бы заціснулі знізу і зверху, ад чаго яна пачала раздавацца ўшыркі. Вялікія вырачаныя халодныя вочы, тонкія вусны з характэрнай канфігурацыяй гаварылі аб жорсткасці натуры, хоць на твары яго была заўсёды саладжавая ўсмешка, а на языку — гатовы для кожнага, у залежнасці ад рангу, камплімент. О, як мякка слаў! Але каб ён праглынуў тое сам, што думаў пра другога!
Недзе ў той час, а мо трохі пазней, Драгуна зацікавіла, а што ж засталося з крытычных пісанняў Рымара ў газетах і часопісах. Казалі, што ўсе самыя вострыя і правакацыйныя яго выступленні ў друку, тыя, што фігуравалі нароўні з абвінаваўчымі актамі, нехта павырэзваў з усіх падшывак, і не толькі ў Мінску, але нават у Маскве і ў Ленінградзе. Доўгія рукі былі ў Рымара! Засталося толькі самае ліберальнае. Драгун, забраўшыся ў бібліятэку, браў даваенны «ЛіМ», «Полымя рэвалюцыі», чытаў, гартаў, выпісваў.
У адным месцы (1934 год) Рымар пісаў:
«Паэт Андрэй Александровіч сваёй творчасцю адказвае на баявыя, актуальныя задачы сацыялістычнага будаўніцтва і класавага змагання, ён па-партыйнаму ставіць зброю сваю — мастацкую творчасць — на змаганне з класавым ворагам. Александровіч з’яўляецца адной з асноўных вядучых фігур беларускай паэзіі».
А трохі пазней пра таго ж Александровіча:
«Адным з пастаянных рупараў для адкрытых контррэвалюцыйных вылазак з’яўляецца газета «Савецкая Беларусь». ...У «Савецкай Беларусі» друкуецца другое контррэвалюцыйнае дэманстрацыйнае пісьмо Александровіча і інш., якое выклікала ўсеагульнае абурэнне і рашучы адпор з боку партыі і савецкай грамадскасці. У той жа газеце быў змешчаны рад нарысаў, у якіх закляты вораг беларускага народа асмельваўся супрацьставіць капіталістычную Германію Савецкаму Саюзу».
У аглядзе «Беларуская літаратура за 20 год» Рымар на пару з Фальскім бралі шырэй і глыбей:
«Па ініцыятыве аднаго з галоўных ідэолагаў беларускага нацыяналфашызму, шпіёна Ігнатоўскага, было створана ў 1923 годзе літаратурнае аб’яднанне «Маладняк» у мэтах папярэдняй контррэвалюцыйнай апрацоўкі моладзі. На чале гэтай арганізацыі быў пастаўлены былы супрацоўнік «Звона», польскі шпіён, які прабраўся ў камуністычную партыю і замаскаваўся, па ўказанню і пры дапамозе свайго кіраўніка Ігнатоўскага, пад пралетарскага паэта» (чытай — Міхась Чарот).
Узначальваючы «Маладняк», ён сістэматычна праводзіў пры дапамозе Дудара, Зарэцкага, Дубоўкі і іншых выхаванцаў Ігнатоўскага нацыяналістычную апрацоўку маладых літаратараў, вярбуючы сярод іх новыя кадры для контррэвалюцыйнай работы. У мэтах далейшага пашырэння сферы свае дзейнасці ў літаратуры нацыяналісты ствараюць у 1927 годзе, паводле ўказанняў таго ж Ігнатоўскага, новую літаратурную арганізацыю — «Узвышша». Ва «Узвышша» была вылучана група пісьменнікаў, якія прайшлі першапачатковую шавіністычную апрацоўку ў «Маладняку». У процілегласць «Маладняку», які праводзіў нацыяналістычную лінію больш-менш замаскавана, прыкрываючыся «камсамольскай» шыльдай, «Узвышша» ў сваіх дэкларацыях адкрыта заяўляла, што яно будзе праводзіць сваю дзейнасць пад кіраўніцтвам нацыянал-фашысцкай агентуры, якая прабралася ў рады кампартыі. На старонках часопіса «Узвышша» друкаваліся адкрыта контррэвалюцыйныя творы. Сваімі хлуслівымі лозунгамі барацьбы за «сапраўднае мастацтва», за «мастацтва, якое пабачыць вякі і народы», контррэвалюцыйныя кіраўнікі «Узвышша» Дубоўка і інш., непасрэдна звязаныя з падпольнай нацыяналістычнай арганізацыяй, ашуканчым шляхам прыцягвалі ў свае рады асобных здольных, але палітычна недастаткова ўстойлівых, падвержаных нацыяналістычным хістанням, пісьменнікаў.
Так, апрача З. Бядулі, ім удалося ўцягнуць у сваё аб’яднанне К. Крапіву, К. Чорнага, П. Глебку.
У мэтах адпаведнай апрацоўкі пісьменнікаў старэйшага пакалення контррэвалюцыйнымі нацыяналістамі было створана ў 1928 г. літаратурнае аб’яднанне «Полымя». Сюды ўвайшлі пакончыўшыя з сваімі функцыямі ў «Маладняку», яго ранейшыя арганізатары і кіраўнікі разам з Александровічам».
Вось так пісалі чорныя крытыкі гісторыю беларускай літаратуры.
А яшчэ раней Рымар, «ничтоже сумняшеся», абзываў і хрысціў беларускіх паэтаў самымі страшнымі эпітэтамі.
«...праявы контррэвалюцыйнага буржуазнага нацыяналізму, нацыяналістычныя настроі, маюць яшчэ месца і цяпер на паэтычным фронце. Нельга тут не прыгадаць такіх нацыяналістаў у паэзіі, як Баркоў, Таўбін, Астапенка, Астрэйка. Гэтыя паэты карысталіся найбольш формамі маскіроўкі ў сваіх творах. Контррэвалюцыянер Астрэйка піша паэму пра Бенгалію. У ёй літаральна спісвае з антысавецкіх паэм Дубоўкі і, апрача таго, алегарычна, пад умовы капіталістычнай эксплуатацыі і прыгнёту ў Бенгаліі падтасоўваецца... Савецкая Беларусь. Так кулацкі абаронца Астрэйка пераліцоўвае творы кулацкага абаронцы Дубоўкі... А вазьміце такіх паэтаў, як Баркоў, Таўбін, Астапенка? Ці ж не хавалі яны за эстэтызм буржуазнага тыпу, за голы фармалізм, за голую фразеалагічную паэзію свае варожыя мэты?»
«...Нацыяналісты выгадоўвалі ў сваіх паэтаў нянавісць да пралетарскай рэвалюцыі. Найбольш яркімі выразнікамі гэтых настрояў з’яўляліся Дубоўка, Пушча, Баркоў, Жылка — ідэолагі нацыяналістычнай контррэвалюцыі.
...Асноўная творчая іх асаблівасць, акрамя дзікае нянавісці да пралетарскай рэвалюцыі, гэта велізарнейшае эпігонства, велізарнейшае падражацельства, велізарная, нават плагіятарская залежнасць ад старых буржуазных упадніцкіх пісьменнікаў. Эпігонамі каго толькі не былі Дубоўка, Пушча, Баркоў і ім падобныя! Гэтыя паэты бязлітасна «выкарыстоўвалі» буржуазнага паэта перадкастрычніцкай пары Максіма Багдановіча, былі ў велізарнай залежнасці ад імажыністаў, прывівалі на беларускай глебе ясеніншчыну».
Так і паўстае з гэтых радкоў галодны і прагны шакал, які хоча, каб болей нарабілі мяса. Тады нешта дастанецца і яму. Ён у гэтым ўпэўнены:
«Таварыш Ежоў ачышчае жалезнай рукой нашу краіну ад трацкісцкіх, бухарынскіх і нацыянал-фашысцкіх шпіёнаў і дыверсантаў. Таварыш Ежоў блізкі сэрцу беларускага народа».
Мяса будзе!
А ўзровень яго культуры, эрудыцыі, крытычнага майстэрства відаць хоць бы з маленькага прыкладу — з разбору паэмы Петруся Броўкі «Праз горы і стэп». Вось як піша гэты, з дазволу сказаць, крытык:
«Аднак нават і гэты лепшы твор Петруся Броўкі гаворыць пра тое, што трэба загастрыць увагу паэта на яшчэ большае авалоданне паэтычнай тэхнікай, на яшчэ больш дасканалую апрацоўку паэтычнага радка... А мясцін ненатуральных, паэтычна слаба апрацаваных, недасканала напісаных з боку мастацкае тэхнікі — багата і ў вершы «Праз горы і стэп». От, напрыклад, узор таго, як вобраз будуецца ненатуральна, нежыццёва, а штучна, выдумана.
Едзеш, чуеш трывожны таварыша голас:
— Я на дзікія скалы ўжо больш не хадок,—
Скажа так — і пакоціцца труп яго долу.
Або: «Вецер грае разлучыну шалёным тустэпам». Гэты тустэп, калі ён пераносіцца ў абставіны бою, з’яўляецца абсалютна не на месцы. Нельга тустэп з мяшчанскага асяроддзя пераносіць у абставіны гераічнай і пераможнай барацьбы».
І вось цяпер гэты крытык-даносчык думае, што ўся яго пісаніна забыта. Ён вясёлы, смяецца, жартуе, гаворыць кампліменты, расказвае анекдоты, піша сцэнарыі і ставіць кінафільмы. Ён пабратаўся нават з тымі, на каго некалі пісаў у газетах і паказваў пальцам: ён вораг! — разам піша сцэнарыі, разам ездзіць на курорт у Карлавы Вары, у Чэхаславакію. Узяць хоць бы таго Баркова...
Божа, як упалі ў нас у цане раней такія высокія паняцці гонару, чалавечай годнасці! Героем стаў ужо не той, хто не гнецца, а ломіцца, а той, хто не ломіцца, а гнецца! Усё стала з ног на галаву, а мо наадварот: з галавы на ногі?
Не, звычайнае несапсутае чалавечае пачуццё ўласнай годнасці з гэтым не можа змірыцца. Народны святы прынцып — чалавечая кроў ніколі не праходзіць дарам — застанецца ў сіле на векі вякоў!
І, можа, Драгун робіць вялікае глупства, што бярэ на сябе місію абараняць гэты прынцып, але калі гэтага не робіць ніхто другі, то павінен зрабіць хоць бы ён. Калі забілі сцяганосца праўды, ён знойдзе ў сабе сілу і смеласць, каб узняць сцяг!
...І калі ён так рашыў, яму стала лёгка на душы. Ён пачаў жыць толькі гэтаю думкай: дзе б ён ні быў, што б ні рабіў, пра што б ні думаў,— усюды, ва ўсім побач жыло адно нязменнае, цвёрдае, як камень, усведамленне, што галоўнае — гэта, а ўсё астатняе — толькі дадатак, толькі дарога да мэты. Сябе ён не шкадаваў — нехта ж павінен! Успаміналіся высокія словы турка Назыма Хікмета, якія некалі разанулі яго па сэрцы сваёю праўдаю і глыбінёй:
І калі ты гарэць не будзеш,
І калі ён гарэць не будзе,
І калі я гарэць не буду,
І калі мы гарэць не будзем,
Дык хто ж тады разгоніць змрок?
Шкада было толькі дзяцей, жонкі, бацькоў — сваіх і жончыных. Бацькі хочуць, каб іх дзеці і ўнукі былі шчаслівыя. Тады толькі яны паміраюць спакойна. А ён шчасця не даў, нават хоча адабраць у іх надзею на шэрае звычайнае жыццё... Але ўспаміналіся сотні і тысячы, якія ішлі ў імя... ахвяруючы ўсім, нават большым, чым ахвяруе ён. Праўда, яны-то ішлі на подзвіг... А ён зробіць нешта процілеглае подзвігу — звычайнае злачынства... Хто даў яму права судзіць чалавека? Хто??? а мо тыя, што спяць ужо колькі дзесяткаў год вечным сном па міласці гэтага чорнага крытыка? Няўжо ніхто ніколі, паміраючы, не пракляў яго чорную душу, не сказаў сам сабе: «За мяне адпомсцяць!» Сказаў, не можа быць, каб не сказаў! Чалавек заўсёды верыць, што праўда і справядлівасць перамогуць!