45

Прыйшоўшы з работы, Драгун выняў з паштовае скрынкі газеты і паведамленне з магазіна на халадзільнік. Драгун і ўзрадаваўся, што будзе такая патрэбная рэч, і засмуціўся: дзе ўзяць дзвесце дваццаць рублёў?

Праз якой паўгадзіны прыйшла Вера з Аленкаю, якую яна вадзіла да бабкі. Старэйшую ў сад і з сада дастаўляў Драгун.

— Радуйся, гаспадынька.— Ён паказаў жонцы паштоўку.— Халадзільнік едзе!

Вера прачытала паштоўку і аддала яму назад.

Яна памагала Аленцы распранацца.

— Ён-то едзе, але з чым мы яго сустрэнем?

— І я ўжо думаў... Трэба пазычыць грошай, а халадзільнік усё-такі ўзяць.

— Маладзец! — Вера ўсміхнулася.— Аленка, павесь сама сваё палітка,— сказала яна малой.— Я толькі баюся, што ніхто табе не пазычыць.

— Чаго... Пад аповесць...

— Гэтая твая аповесць ужо ўся закладзена і перазакладзена.

— Не бядуй, застанецца трохі і нам. Адно што трэба пачакаць.

— Язьмі мяне на люткі,— напрасілася малая Аленка ў бацькі.

— Цябе на ручкі? Ты ж вялікая.

— Няпраўда, я малая. Язьмі!

Драгун узяў дзіця, яно ашчаперыла яго за шыю і прыціхла. Ён пахадзіў з ёю па пакоі, а потым прысеў на канапе. Аленка была як сонная.

— Ты не выспалася ў бабкі?

— Не, я спала. Але ў мяне балела галоўка.

Драгун прыклаў вусны да дзіцячага лобіка і адразу адчуў — ёсць тэмпература.

— А цяпер у цябе што баліць?

— Цяпер жывоцік.

— У якім месцы?

— Не ведаю.

Драгун стаў абмацваць жывоцік.

— Ай, баліць, не чапай.

Балела ў правым баку. Драгун змераў тэмпературу. Было 38,5. Ён паклікаў Веру з кухні. Тая адразу кінулася да дзіцяці, пачала распытваць, дзе ў яе баліць.

— Не турбуй дзіця,— папрасіў ён жонку.

— Бабка казала, што сёння яна была капрызная, кепска ела і плакала некалькі разоў... Пакажы, у якім месцы ў цябе баліць?

Драгун паслаў малой на канапе, сеў ля яе.

— Як тэмпература будзе расці, то выклічам «хуткую дапамогу».

Вера адразу абвяла, нахмурылася, як бы схавалася ў сябе. Ранейшай гаваркой і неспакойнай Веры не стала. Мяняўся і Драгун, калі хварэлі дзеці. Тады ён рабіўся рэзкі, нават грубы, нібы Вера была вінавата, што хвароба прыйшла ў іх хату.

Аленка спакойна не магла паляжаць і хвіліны, усё круцілася, не знаходзіла сабе зручнага месца, прасіла піць.

Вера прывяла з сада Вальку, стала гатаваць вячэру.

Час цягнуўся марудна. Праз кожную гадзіну Драгун мераў малой тэмпературу. Тэмпература патрохі спадала, і гэта супакойвала бацькоў. Доктара рашылі не выклікаць. Спаць клаліся позна. Драгун лёг на ложку з дзіцем, а Вера прымасцілася на раскладным крэсле. «Баліць жывоцік»,— скардзілася малая праз кожныя паўгадзіны, і трэба было то насіць яе на руках, то гладзіць галоўку, то прыкладваць кампрэс. Недзе ў гадзіны дзве дзіця заснула — стома ўзяла сваё.

Раніцай тэмпература была зноў за трыццаць восем.

— Ну, збірайся, дачушка, пойдзем,— сказала Вера дзіцяці.

— Куды, да бабкі?

— Не, дачушка, у яселькі.

Дзіця даўно не спускала з языка яселькаў, і таму ўгаворваць яе доўга не давялося. Сабраліся і пайшлі пехатою, а малую няслі на руках, бо да бальніцы было недалёка. Падаў невялічкі сняжок, зямля была шэра-белая, яшчэ не закрытая на зіму. Дзіця трохі павесялела і ўвесь час круціла галавою — то ўбачыла ката, то галубоў, якія дзяўблі на тратуары высыпаны некім праз акно дробна накрышаны хлеб, то на белага калматага сабачку, якога вяла старая жанчына на павадку.

Вось і клінічны гарадок, знаёмы да дробязі. Тут, у радзільным аддзяленні, ляжала Вера, калі прывяла на свет Вальку, потым калі Валька хварэла на запаленне лёгкіх, цяпер вось зноў. Нешта за гэты час тут змянілася... Ага, вырас высозны васьміпавярховы будынак, які злучалі з суседнім старым корпусам. Драгуны ледзь прашыліся праз вузкі праход, зроблены для пешаходаў і абстаўлены дошкамі. Навокал, злева і справа, узвышаліся горы ўмерзлай зямлі, валяліся ўжо непатрэбныя трубы і перакрыцці рыштаванняў, бітая цэгла. Нешта раўнаваў бульдозер, ссоўваючы ў ямы замёрзлыя камякі і брылы зямлі, экскаватар на гумовых колах ссыпаў у самазвалы ўсялякі хлам. Адным словам, рабочыя спяшыліся здаць да халадоў аб’ект.

У хірургічным аддзяленні ў іх адразу спыталі накіраванне ад участковага доктара. Драгун стаў тлумачыць, што дзіця захварэла ўчора вечарам, а выклікаць сёння — таксама трэба чакаць да 4—6 гадзін дня... Таму і прыняслі адразу сюды... Нічога не памагло. Драгун пайшоў да загадчыка, той урэшце згадзіўся агледзець дзіця. Запісалі ў кнігу прозвішча, імя, адрас, і Веры з малою сказалі ісці ў другі пакой, для аналізаў, а Драгун застаўся чакаць. Цяпер у прыёмным пакоі яму не было чаго рабіць, ён выйшаў у калідорчык, зайшоў у пачакальню, у якой не было ні душы, пахадзіў з кута ў кут. Думкі пра Аленку не давалі спакою. Што ў яе такое можа быць? Чаму баліць жывоцік, справа, дзе дактары знаходзяць апендыцыт?

У пачакальню зайшла русая дзяўчына ў зялёным паліто, якую да гэтага ён бачыў у прыёмным пакоі: яна прыводзіла сваю сяброўку, у якой быў прыступ апендыцыту і якую запісвалі ў кнігу перад Аленкай. Драгун адчуў сябе скаваным пад чужым позіркам, яму неяк раптоўна стала горача, і ён зноў выйшаў на калідорчык. Там было цесна — якія два крокі на два, а потым яшчэ такі ж маленькі тамбур перад выхадам на ганак. Дзверы на ганак былі прычынены, і Драгун убачыў там чалавека. Яму відаць быў бок карычневага паліто, плячо і левае вуха, бо чалавек стаяў задам да дзвярэй. Драгуну раптам здалося, што ў гэтых «дэталях» чалавека ёсць нешта як бы знаёмае. Ён шырэй прычыніў дзверы і ўбачыў, што гэта стаіць дзядзька Васіль, той самы дзядзька, у якога бабка даглядае іх, Драгуновых, Аленку.

— Добры дзень... Чаго вы тут?

Дзядзька Васіль таксама здзівіўся, убачыўшы ля сябе Драгуна.

— А ты чаго тут? — і ён падаў Драгуну сваю цвёрдую рабочую руку.

Толькі цяпер Драгун зразумеў, што пытаць дзядзьку Васіля, чаго ён тут, было лішне: той стаяў, абапёршыся на палачку, а правая нага, аблепленая гіпсам, нязвыкла бялела паўзверх чорнага галёша, які быў прывязаны да нагі вяровачкай.

— Што ж гэта з вамі? — яшчэ раз запытаўся Драгун.

— Ды вось чэрці ўвагналі... Разбіў палец. На другой змене быў... Рэйка жалезная ўпала, не паспеў прыняць нагі... Спачатку нічога, а потым — хоць крычы... Прыйшоў па здымак, пайду ў сваю паліклініку, хай бюлетэнь афармляюць... А што ж гэта вы сваё малое сёння не прывялі?

Драгун нявесела ўсміхнуўся.

— Бачыце, у жыцці ніколі не ведаеш, што цябе чакае заўтра... Гэта ж мы якраз прыняслі сюды Аленку. Учора вечарам падскочыла тэмпература, скардзіцца дзіця на жывоцік. Баімся, каб не апендыцыт.

— Скажы ты! — здзівіўся шчыра дзядзька Васіль.— Гэта ж трэба!..

Яны яшчэ пабедавалі трохі, павойкалі, паспачувалі адзін аднаму, дзядзька Васіль скурыў папяросу і, кульгаючы, пайшоў па здымак. Людзі заходзілі і выходзілі, а Веры ўсё не было. Дзядзька Васіль выйшаў хутка, паказаў Драгуну апісанне траўмы і папрасіў прачытаць, бо медыцынскі почырк не кожны можа разабраць. Нават і Драгун з цяжкасцю зразумеў, што была разбіта косць вялікага пальца ля пазногця і нешта адламана «удовлетворительно».

Яны пасмяяліся самі між сабой: маладзец, умеў ламаць, калі адламалася «удовлетворительно». Урэшце дзядзька Васіль схаваў свае паперкі ў кішэню.

— Ну, то хай будзе ўсё як найлепей.— І пачыкіляў у тую сваю паліклініку.

Драгун пазіраў яму ўслед. Цікавы быў гэты дзядзька, такіх на сваім вяку Драгун сустракаў нямнога. Ён не трохі, а бязмалым так добра, як любіў некалькі казаць Янка Галубок, Драгуноў сусед, не быў падобны да традыцыйнага беларуса. Ён не ціхманы ды рахманы, а такі, што ў крыўду сябе не дасць, ведае сабе цану і ўмее пастаяць за сябе і за свае пераконанні. І твар у яго валявы, рашучы, цвёрды. Бывае так часам у прыродзе: зробіцца хутка, проста, з першага разу, а глядзіш — усё як выліта, усё да месца, нічога не паправіш і не дадасі. Ды і твар, ды і ўся фігура дзядзькі здаваліся высечаны з граніту таленавітым майстрам неяк вось так раптоўна, у хвіліну вялікага натхнення за адным заходам, без пераробак і ніякага браку. Твар у яго бронзава-бурага колеру, як у селяніна ці ў міліцыянера-рэгуліроўшчыка, які цэлы дзень пячэцца на сонцы і сушыцца на ветры ў спёку і ў мароз. Нос прамы, правільнай формы, моцны, баксёрскі, калматыя бровы, разумныя карыя вочы, прыгожы пукаты высокі лоб, які мае не кожны акадэмік, правільна акрэслены рот і валявы, у меру выпнуты наперад падбародак. Адным словам, твар такі, што адразу на яго звернеш увагу, заглядзішся і здзівішся шчодрасці і майстэрству прыроды, якая ўмее так дасканала тварыць. Мо нават у маладосці ён быў і задзірысты, бо калі чалавек адчувае ў сабе многа сілы, то ён усюды лезе, каб паказаць яе. На твары ў яго нямала слядоў чужое рукі ці часу: шрам на верхняй губе ля носа, нягладка сшытая скура ля правай скроні, кароткі глыбокі след удару нечым вострым над левым брывом. І хутчэй за ўсё гэта сляды не вайны, хоць меў ён і яе меткі, і адмераў ён яе ўсю, ад пачатку да канца, і не раз быў на валаску ад смерці. Ён пачынаў вайну афіцэрам, а скончыў радавым, прайшоўшы праз штрафныя роты за дзёрзкасць з начальствам. Многа цікавых гісторый расказваў ён Драгуну са свайго ваеннага жыцця. Не проста ішло ў яго і ў сямейным плане. І вырысоўваўся вельмі складаны, круты і самабытны характар...

На ганку Драгуну стала холадна ў ногі, і ён пайшоў у тамбур-калідорчык, стаў мераць крокамі яго малую прастору, думаючы пра дзядзьку Васіля, пра Веру і Аленку, якія недзе там прапалі абедзве.

Бразнулі дзверы, і ў прыёмны пакой праскочыла маладая дзяўчына-санітарка ў белым халаце і шапачцы. Усе дзверы за сабою яна пакінула адчыненыя, і Драгун прамармытаў ёй услед некалькі нядобрых слоў, стаў зачыняць дзверы на ганак. Але раптам ён пачуў на двары хуткі бязладны тупат некалькіх пар ног, ужо на ганку нехта коратка, з выдыхам прастагнаў:

— Ы-ы-ы-х...

Драгун не паспеў апамятацца, як клямка дзвярэй выскачыла ў яго з рук, на парозе паказаліся маладыя хлопцы ў белым з насілкамі. На іх ляжаў мажны мужчына сярэдніх год у сінім заношаным камбінезоне. На буйным твары, смуглявым ад прыроды ці мо ад мазуты, як у непрытомнага, бялелі бялкамі закочаныя пад лоб вочы. На камбінезоне відаць былі сляды зямлі, а старыя падбітыя чаравікі яго пакрываў цагляны пыл.

Гэта ўсё прамільгнула перад вачыма Драгуна з кінематаграфічнай хуткасцю, бо як потым ён успомніў, хлопцаў было пяць чалавек: першы з іх з маланкавай хуткасцю расчыняў насцеж форткі дзвярэй, нейкім цыркавым, акрабатычным рухам адшчэпліваючы шпінгалеты.

Праз хвілін пяць выйшаў адзін — у белым, без шапкі, з кучаравымі валасамі,— мусіць, той, што адчыняў дзверы.

— Што з ім, зваліўся адкуль? — спытаўся ў хлопца Драгун.

— Не, прыдушыла брылай,— сказаў ён на хаду.

Яшчэ трохі счакаўшы, выйшлі тыя чацвёра, што няслі насілкі: маладыя рослыя хлопцы, няйначай, студэнты-практыканты, у беленькіх адпрасаваных халатах, у такіх жа шапачках.

— Я гляджу, чаго гэта мужыкі бульдозер піхаюць рукамі? — гаварыў гучна адзін, няйначай, працягваючы пачатую за дзвярыма размову.

Хутка за хлопцамі мажная санітарка вынесла насілкі, трымаючы іх пасярэдзіне за адну аглоблю, як лесвіцу. Драгун глянуў на іх, і мароз прабег у яго па скуры: у адным месцы на зялёным брызенце відаць была свежая кроў.

«У кожнага свае драмы,— разважаў сам сабе Драгун, ходзячы ўжо па ганку,— не думай, што толькі ў цябе. Аднак ад гэтага жыццё не спыняецца і не спыніцца ніколі». А перад вачыма ўсё стаялі тыя насілкі з мажным чалавекам, у якога быў чарнявы твар з закочанымі пад лоб, страшнымі вачыма. «У кожнага свае драмы... Аднак...» І неяк раптам свет павярнуўся да яго другім бокам. Вось гэтыя раскапаныя катлаваны, траншэі, кучы цэглы і зямлі, недабудаваныя дамы раней здаваліся яму сімвалам вечнасці жыцця, у якім ніколі няма завяршэння, канца: усё мяняецца, будуецца, не стаіць на месцы... А цяпер усё гэта яму здалося сімвалам недабудаванасці, недасканаласці, неўладкаванасці і няўтульнасці, без якой так цяжка чалавеку на гэтым свеце, дзе вока яго і душа не могуць адпачыць, нацешыцца гармоніяй, хараством таго, што атрымала сваю закончанасць, закругленне. Нездарма кажуць: канец — дзелу вянец. Няскончанасць, незавершанасць нервуе, непакоіць чалавека, не дае яму думаць пра нешта другое, не пускае яго наперад. У няскончаным доме гаспадару неспакойна спіцца...

На ганак выйшла Вера, але распранутая.

— Ну?..

— Ты ідзі на работу. Пакуль зробяць аналіз крыві, яшчэ доўга пройдзе. Усе дактары цяпер ля таго, што прыняслі на насілках... Ты бачыў?

— Бачыў... Калі не пакінуць тут Аленкі, то звані мне на работу. Прыйду,— сказаў ёй Драгун.

Вера махнула рукою і пайшла ў прыёмны пакой. На вачах у яе стаялі слёзы.

...У Аленкі прызналі апендыцыт. У той жа дзень ёй зрабілі аперацыю.


Загрузка...