1
Цяпер Драгун ужо каяўся, што распачаў усю гэтую гісторыю з пераменай работы. Сядзеў бы сабе паціху, рабіў бы тое, што скажуць,— і неяк бы жыў. Не думалася, што давядзецца гэтулькі патраціць нерваў. Яшчэ яго шчасце, што выдавецтвы пад адным дахам: перайшоў з аднаго паверха на другі, спытаў каго трэба. Няма — то можна адкласці на другі раз. І ён хадзіў — раз ці два ў тыдзень, нібы незнарок, а так сабе, без дай прычыны. Пакуль што воз не кранаўся з месца, хоць Драгуна збольшага ведалі. Ведаў сам загадчык рэдакцыі Гушчынскі і галоўны рэдактар Шахоўскі. З галоўным рэдактарам Драгун некалькі разоў сутыкаўся па рэдакцыйных справах: Шахоўскі быў адным з аўтараў падручніка для школы, і Драгун кожны год вясною прыносіў Шахоўскаму вычытваць карэктуру яго артыкула. З гэтых кароткіх сустрэч, а таксама з гутарак са знаёмымі, якія працавалі ў суседнім выдавецтве, Драгун ведаў, што Шахоўскі, нягледзячы на сваю павольнасць, флегматычнасць,— вельмі ўдумлівы і прынцыповы чалавек, які ніколі не пакрыўдзіць слабога, не саступіць нахабніку і не пойдзе супроць уласнага сумлення. Але якое гэта мела дачыненне да Драгуновага лёсу? Шахоўскі, здаецца, нічога не ведаў пра Драгуна — хіба толькі тое, што ён працаваў рэдактарам у школьным выдавецтве.
А што да загадчыка рэдакцыі Гушчынскага, то яго Драгун ведаў толькі ў твар, ды і Гушчынскі Драгуна таксама: сустракаліся неяк у выдавецтве, калі Гушчынскі рабіў ім пераклад з польскай мовы.
Калі ж Драгун сказаў Гушчынскаму, што ён хоча да іх на работу, Гушчынскі папрасіў яго зайсці праз тры дні.
Гэтыя тры дні, як стала вядома Драгуну, ішла «разведка». Гушчынскі прыходзіў у школьнае выдавецтва і распытваў у сваіх знаёмых пра Драгуна. А што тыя яму сказалі — невядома. Драгуну не цярпелася пагаварыць з самым Гушчынскім, але другі яго заход не прынёс ніякай уцехі. Сказалі, што Гушчынскі паехаў у камандзіроўку. Яго замяшчаў старшы рэдактар Нагорны — яго таксама ведаў збольшага Драгун — інтэлігентны малады чалавек з доўгімі, як у папа, гладка зачэсанымі назад русымі валасамі. Нагорны, круцячы ў доўгіх пальцах востра заструганы аловак, распытваў у Драгуна: як, што, чаму? Звычайная таварыская размова, якая нічога нікому не давала, нічога не высвятляла. Можа, проста Нагорны хацеў мець сваю ўласную думку пра Драгуна як чалавека — ад першай іх гутаркі. Пагаварылі і развіталіся. Гушчынскі прыязджаў праз тыдзень.
І вось тыдзень прайшоў. Драгун выскачыў з памяшкання, каб ухапіць халоднага паветра, асвяжыць галаву перад рашучай ці вырашальнай размовай. Ён стаяў перад кніжным кіёскам і па звычцы глядзеў на тое, што выстаўлена было напаказ: часопісы, брашуры, кнігі. Часам трапляла на вока кніга, якую ён рэдагаваў, і тады Драгуноў твар святлеў, нібы яму трапляўся хто знаёмы.
Побач з Драгуном стаяў рослы малады хлопец у сінім бастонавым касцюме, гучна ікаў і ўсё прасіў у прадаўшчыцы прадаць яму добрую кнігу для імянінніцы. Ні з таго ні з сяго хлопец павярнуў да яго свой чырвоны потны твар і папрасіў Драгуна:
— Браце, стукні... мне ў плечы. Нешта ікаўка... напала...
Драгун падумаў, што хлопец жартуе.
— Стукні, стукні, не бойся.
— Хіба гэта паможа?
— Паможа не паможа, але не пашкодзіць. Стукні, не саромейся.
Драгун стукнуў, але памалу, шкадуючы.
— Мацней! Што ты, як дзіця!
Драгун грукнуў некалькі разоў засаб.
— О, цяпер добра. Дзякую, браце! — і ён паціснуў Драгуну руку, нібы той зрабіў бог ведае што.
— На здароўе! — сказаў Драгун.
Яго гэта рассмяшыла, і ён у добрым гуморы стаў узнімацца на чацвёрты паверх.
«Здаецца, пашанцавала»,— падумаў Драгун, бо Гушчынскі сядзеў за сваім сталом, нешта ў ім капаўся, нечага шукаў.
— А, гэта вы...— сказаў ён няўважліва Драгуну.— Добры дзень. Бачыце, як я завалены...
Стол у яго сапраўды быў жывапісны. Усе шуфляды адчынены, а ў іх навалам ляжалі паперы, як лісце, што зграбаюць восенню ў кучы. І каб знайсці якую патрэбную паперыну-даведку, загад ці адносіну — трэба перакапаць усю кучу ад верху да самага нізу. Цяпер Гушчынскі так і рабіў — перакідаў паперкі з адной шуфляды ў другую, але кідаў у такім жа самым беспарадку, як яны ляжалі ў першай шуфлядзе.
Драгун пераступіў з нагі на нагу, не ведаў, што рабіць. Гушчынскі ўзняў галаву, хуткім рухам правай рукі марськануў валасы назад.
— Прабачце, Драгун, мо мы пагаворым заўтра? Як вы? — ён вінавата-ветліва ўсміхнуўся.
— Магу і пачакаць,— абыякава адказаў Драгун,— нічога страшнага.
— Я вас разумею... Але тут якраз трэба падрыхтаваць матэрыялы для галоўвыдата, цэлая гара папер, пакуль я іх разбяру...— Ён гаварыў і тут жа прабягаў вачыма новую паперу, шпурляў яе ў шуфляду.— Прыязджае польская дэлегацыя, дык трэба даць звесткі, што мы выдавалі з польскай літаратуры за апошнія гады... Як у план уставіць што перакладное — цэлая бяда, а цяпер — давай пабольш назваў, нават яшчэ тое, што не выйшла.
Кабінет быў прасторны, як стадола. Да дырэктарскага стала трэба доўга тупаць па мяккім віцебскім дыване. Справа ля вокан стаялі састаўленыя шырокія ненакрытыя сталы, як для добрага банкету на чалавек пяцьдзесят. Ля іх туліліся крэслы.
Дырэктар Важнік устаў з-за свайго стала і, перагнуўшыся, падаў Драгуну доўгую кастлявую руку. Гэта быў высокі хударлявы мужчына з сівою галавою, шырокім носам і поўнымі вуснамі. Калі б не светлыя, прыцярушаныя сівізной валасы і не бледны твар, можна было б сказаць, што ў яго жылах цячэ афрыканская кроў.
У дырэктарскім кабінеце сядзеў ужо загадчык рэдакцыі Гушчынскі і галоўны рэдактар Шахоўскі. Адчувалі яны тут сябе проста і ўпэўнена, як дома.
— Садзіцеся,— сказаў дырэктар па-руску. Ён разглядаў Драгуна без ценю няёмкасці, як чалавек, якому не раз даводзілася падбіраць кадры.— Ну, так... А дзе Чарняковіч? — спытаў сам сябе дырэктар і націснуў кнопку на сцяне ля тэлефонаў. Недзе ў прыёмнай пачуўся прыглушаны званок. Дзверы адчыніліся, выглянула чарнявая, ужо немаладая паўнаватая сакратарка.
— Паклічце Чарняковіча,— гучна сказаў дырэктар.
Хто такі Чарняковіч і навошта ён тут, Драгун не ведаў. Усе маўчалі, чаканне вісела ў паветры, як парнасць перад навальніцай. Хацелася ўцячы адгэтуль, непрыкметна выскачыць праз адчыненае акно. Ранейшая смеласць у Драгуна ўся выветрылася, ледзь толькі ён сутыкнуўся блізка з усёй працэдурай.
Зайшоў Чарняковіч, невысокі плячысты мужчына з лысінаю, з нахабнаватым смелым позіркам. Ён павітаўся і сеў на канапу побач з Гушчынскім.
— Што ж, цяпер можна пачынаць,— загаварыў гучна дырэктар па-беларуску, і Драгун не ўлавіў у яго словах фальшу, ён гаварыў без акцэнту.— Тут вось мы павінны вырашыць такое пытанне...— Ён запнуўся і перайшоў на рускую мову — відаць, так яму было лягчэй гаварыць.— Такое пытанне... Таварыш Драгун, рэдактар са школьнага выдавецтва, просіцца да нас на працу. Я хацеў бы пачуць ад вас,— тут ён скіраваў свае вочы на Драгуна,— таварыш Драгун, што вас прымусіла кідаць там працу і ісці да нас. Мастацкая літаратура — гэта не падручнік. Па-мойму, тут вам будзе цяжэй...
— Я гэта ведаю,— згадзіўся Драгун.— Затое цікавей.
— Гм... Цяжкасці вас не палохаюць... А ці рэдагавалі вы арыгінальныя кнігі?
— Чаму ж не? Вучоныя запіскі, зборнікі практыкаванняў, часам новы падручнік. Хоць у нас пераважна перавыданні з нязначнымі папраўкамі... кожны год.
— У вас свая спецыфіка, у нас — свая. Я баюся, што вы будзеце каяцца. Рэдагаваць мастацкую літаратуру — адказная справа.
«Ну што ж, калі вам так мяне шкада, дык рэдагуйце самі ці шукайце сабе таго, хто справіцца. Драгун не справіцца... Адкуль яму? Скончыў філфак, працаваў тры гады рэдактарам, ніводнай кнігі не сапсаваў, стараўся, а тут табе кажуць, што не дарос». У яго адразу прапала ўсякая ахвота гаварыць з дырэктарам, нешта яму адказваць. Смешнай здалася ўся гэтая афіцыйная працэдура, гэтыя людзі, што сабраліся тут — навошта яны, калі дырэктар усё гаворыць і вырашае сам?
— Цяпер наконт мовы,— гаварыў далей дырэктар.— Якую вы лепш ведаеце: рускую ці беларускую?
«Я ж цябе падчаплю, раз ты пачаў пра мову»,— падумаў Драгун і ажывіўся — што ўжо будзе!
— Я-то канчаў рускую дзесяцігодку, але свае мовы не забыўся. Родная мова мая — беларуская. Магу, калі не верыце, хоць зараз напісаць вам дыктоўку.
Дырэктар нешта запісаў сабе на перакідным календары.
— А жывую мову, народную, вы ведаеце? Я пытаю гэта таму, што канчаюць універсітэт, а ведаюць толькі рускую мову. Беларускую — сяк-так, кніжную, або зусім нічога.
— Гэта гарадскія,— упэўнена адказаў Драгун.
— А вы з вёскі?
— З вёскі... І з Заходняй Беларусі. Хоць нас і прымушалі паны-пілсудчыкі, каб мы выракліся свае мовы, у іх нічога не выйшла,— дадаў ён невядома нашто.
— Што ж, гэта добра... мо ў каго ёсць якія запытанні да таварыша Драгуна?
Нейкая спагада ці павага да дырэктара адразу зацеплілася ў Драгуновым сэрцы пасля гэтых слоў. Значыць, усё ж думае яго браць... Цяпер Драгун пазіраў на дырэктара не як на заўзятага бяздушнага бюракрата, а як на чулага, добрага чалавека, які ўмее цаніць работніка, паверыць у шчырасць яго слоў.
Памаўчалі, а потым спытаўся Чарняковіч:
— А ваша начальства адпусціць?
— Думаю, што адпусціць.— Драгун усміхнуўся. Хацеў яшчэ сказаць: «Нават з радасцю», але змоўчаў.
— Хіба вас не цанілі?
— Начальству відней, каго цаніць... Але я не скарджуся... Сваё адпрацаваў, а цяпер магу ісці куды хачу.
Дырэктар крыва ўсміхнуўся. Відаць, яму такія словы не спадабаліся.
— Ці ёсць у вас кватэра? — спытаўся галоўны рэдактар, і гэтае пытанне, як адчуў Драгун, выратавала яго ад непрыемнасці,— ён мог нагаварыць лішняга і ўсё сапсаваць.
— Няма. Жыву на прыватнай. Але стаў на чаргу ў райсавеце. Праз гадоў пяць абяцаюць даць кватэру.
Усе, хто быў у кабінеце, акрамя Драгуна, усміхнуліся.
— Сямейны? — спытаўся яшчэ галоўны.
— Не.
— А ці любіце вы літаратуру? — падаў голас Гушчынскі, які ўвесь час маўчаў.
— Сказаўшы «не люблю», я адрэзваю сабе дарогу да вас... А сказаць «люблю» — надта галаслоўна. Таму я прамаўчу. Скажу толькі па сакрэту, што я сам спрабую пісаць...
— Вершы ці прозу?
— Прозу...— і Драгун заліўся чырванню, як дзяўчына. Каяўся: хто яго пацягнуў за язык? Нібы набівае сабе цану.
— А чаго вы пачырванелі?
— Не ведаю...
Усе засмяяліся.
— Ну, добра,— падвёў вынік размовы дырэктар.— Відаць, мы вас возьмем. Як ты скажаш, Гушчынскі?
Загадчык рэдакцыі паціснуў плячыма.
— Мне чалавек патрэбен. Думаю, што Драгун — неблагая кандыдатура.
— Калі напіша добра дыктоўку — бяром. З месячным выпрабавальным тэрмінам. Вось так! Згодны? — дырэктар абвёў усіх вачыма.
— Згодны, згодны,— падтрымалі дырэктара Чарняковіч і Гушчынскі.
— Мо гэты месячны выпрабавальны тэрмін лішні,— сказаў толькі Шахоўскі памяркоўна.
Дырэктар строга глянуў на яго, пацёр пальцамі сівую скроню.
— Не пашкодзіць! Вы лепей заўтра арганізуйце яму дыктоўку. Скажыце Зарубанавай, хай падбярэ тэкст. А вы, Драгун, зайдзіце днямі ці пазваніце яму,— і дырэктар паказаў вачыма на Гушчынскага.
На гэтым і скончыўся Драгуноў візіт да дырэктара.