14

Першы час пасля жаніцьбы Драгун ніяк не мог прывыкнуць да снедання. Адзін на снеданне ён піў чай з кавалкам хлеба, намазаным маслам, а то і так. А Вера прывучыла яго з’ядаць якую-небудзь кашу, катлету, а потым ужо запіць чаем ці кавай. Цяпер ён сам здзіўляўся, чаму так не глядзеў за сваім бытам. Можна было ўсё-такі жыць лепей. Нездарма ў яго часцяком балела галава, а далоні рук два разы ў год «лінялі» ад авітамінозу.

Вера ўставала на якую гадзіну раней за яго, хутка гатавала сняданне і за адным ходам і абед, бо ім было блізка на работу, і яны паспявалі палуднаваць дома.

— Ну, уставай, мой гаспадар,— гукала Вера.— Усё гатова!

Драгун ужо не спаў, ён прачынаўся разам з ёю, але любіў трохі паляжаць: сон пакідаў яго марудна, і вяласць ва ўсім целе праходзіла не адразу.

— Што сёння? — пытаў ён і падыходзіў да Веры, абдымаў за талію.

— Грэцкая каша. І яечня. І кава.

— Ды гэта ж абед, а не сняданне.

— Нічога, папраўляйся.

— Ты мяне раскорміш. А ці няма чаго кіслага?

— Для цябе знойдзецца, мой дарагі,— казала Вера жартоўна-пяшчотна і гладзіла па ўскудлачаных русых валасах.

Ён рабіў зарадку, галіўся, потым мыўся да пояса, і яны разам садзіліся снедаць.

Сёння Вера прынюхвалася да ўсяго.

— Чаго ты так адэкалонам абліваешся? За вярсту чуваць.

— Якое абліваешся? Пасля брыцця, як заўсёды.

Яна паморшчыла нос, адвярнулася. Пачалі снедаць. Ён еў усё ж нехаця. Кашу ён еў з чым-небудзь кіслым, Вера гэта ўжо ведала. А яна сама магла есці нават сярод ночы. Дзіўны народ гэтыя жанчыны!

Толькі яны пачалі піць каву, як Вера ўсхапілася з-за стала, пабегла да памыйнага вядра. Яе пачало нудзіць.

— Глыні вады,— Драгун падаў ёй конаўку.

Яна глынула вады, аддала конаўку. Твар яе стаў барвовы ад натугі. Усё скончылася ванітаваннем. Яна, саслабелая, прылягла на ложак. Стала бледная, вочы патухлі.

— Што з табою? — няўцямна спытаў Драгун.— Няўжо што кепскае з’ела?

— Нічога, Косця, не турбуйся. Усю пройдзе. Гэта добра, што так...

— Што добра?

Здаецца, толькі цяпер да яго пачынала даходзіць, што азначае такая перамена.

— У нас будзе малы... Пэпік,— сказала Вера і слаба ўсміхнулася.— Памятаеш, у Нушыча — Пэпік...

Драгун не ашалеў ад радасці. Наадварот, яму стала страшна. Так хутка... Толькі два месяцы, як пажаніліся, а ўжо... Ох, які вялікі клопат кладзецца на іх абаіх... Ці справяцца яны? І гэтая цесная чужая кватэра без сонца...

Усё гэта раптоўна нахлынула на Драгуна, аглушыла, як шлягай. Ён, цяжка ступаючы, падышоў да ложка, узяў халодную Верыну руку.

— І што, так будзе ўвесь час?

— Не ведаю... Мо і так... Гэта не ад нашага хацення...

... І пачалося! З таго часу Вера не мела спакою ні днём, ні ноччу. Пахі не давалі ёй жыцця, як і страва. Цяжка было адгадаць, ад чаго пачнецца і калі скончыцца. Вера стала нервозная, схуднела, па начах прачыналася і не магла доўга заснуць. А каб трохі супакоіцца — курыла.

А тут яшчэ пачаліся нелады на рабоце. Скончыўся тэрмін яе аспірантуры, дысертацыя не абаронена, нават не напісана. Думалася, што яе пакінуць малодшым навуковым супрацоўнікам. Вера ведала, што вольнае месца ў інстытуце ёсць. Але начальства на ўсё глядзіць па-свойму і рашае па-свойму. Ёй сказалі, што яе могуць перавесці толькі на пасаду лабаранта, аклад пяцьсот пяцьдзесят у месяц. Вера паплакала трохі ад крыўды, але згадзілася. Да часу можна пасядзець і на такой стаўцы, а там бог бацька.

Вера ездзіла ў камандзіроўкі, а Драгун адзін не ведаў, што рабіць. Цяпер ён жыў тым рэжымам, які яна завяла. Уставаў рана, снедаў, ішоў на працу, а вечарам трохі адпачываў і садзіўся пісаць. Ішло туга. Круціўся вакол «першага кахання», перакрэсліваў, перапісваў, баяўся каму-небудзь паказаць. Мала-памалу выйшла апавяданне-пуга — ледзь не аповесць. У ім было многа аўтабіяграфічнага, фактычна ўсё, калі не лічыць канцоўкі і яшчэ аднаго прыдуманага героя, які спатрэбіўся для развіцця дзеяння. Драгун і радаваўся і баяўся. У яго не было ніякай пэўнасці, што ўдалося зрабіць хоць бы пасрэдную рэч, а сіл патраціў так многа, што на ўсякую дапрацоўку і перапрацоўку ўжо не засталося ні хацення, ні цярпення. А ўвогуле было дзіўнае адчуванне спустошанасці. Здавалася, ён аддаў усё, што мог і што меў, сілы болей не адновяцца і ён застанецца, так сказаць, літаратурным імпатэнтам.

Аднак страх яго быў дарэмны. Чым болей аддаляўся Драгун ад думак пра першае апавяданне, тым болей пачыналі вырысоўвацца перад ім малюнкі для новых сюжэтаў. Яго фантазія працавала, думка нешта шукала. Стаў думаць пра сваю вёску, пра яе людзей. Што можна ўзяць з іх жыцця? Смешнага ён не ўлоўліваў, хоць добра яго разумеў і любіў. Галоўнае, не мог перадаць на паперу — смех недзе прападаў па дарозе, заставалася нудота. Яго цягнула трагічнае, драматычнае. Надакучыла чытаць і выдаваць аморфную мяккасць, ад якой ні холадна ні горача. Успомнілася яму адна кніга. На ўнутраным баку вокладкі нейкі чытач напісаў «рэзалюцыю»: «Гэта кніга спадабаецца людзям са слабымі нервамі». Ён знарок прачытаў яе і здзівіўся, як трапна «рэзалюцыя» вызначала сэнс кнігі: у ёй было ўсё гладка, добра — і нецікава. Начытаўшыся такіх кніг, можна атупець, падумаць, што жыццё спынілася, што няма ні слёз, ні гора, ні гвалту, ні смерці — заўчаснай і нават натуральнай, што няма ні буйнай радасці, шумнай весялосці, ні рэўнасці, ні гарачага, страснага кахання. Крайнасці — не ў модзе, хоць у жыцці іх поўна.

У іх вёсцы жыла адна сям’я, у лёсе якой было поўна фатальнага трагізму. Маці і пяцёра дзяцей. Бацька памёр і пакінуў іх зусім малымі. Беднасць, хата на курынай ножцы. Дзеці, як толькі падрастаюць, ідуць парабкаваць, меншыя наймаюцца ў пастухі. Вырастае старэйшая дачка... У яе закахаўся панскі парабак. Яна не захацела выйсці за яго замуж. Ён застрэліў яе і сябе. Драгун памятае — яму тады было гадоў шэсць,— як хадзіў з дзедам глядзець тое страшнае відовішча... А ў вайну, у час акупацыі, трох сыноў гэтай няшчаснай кабеты немцы схапілі невядома за што і павялі расстрэльваць... Тут, падумаўшы, можна ўзяць матэрыялу калі не на аповесць, то для добрага апавядання. Ён даўно ўжо спрабаваў, але ўсё на месцы.

Прыязджала Вера, і Драгун адкладваў свае задумы. Пры ёй ён зусім не мог брацца за пяро — нічога не выходзіла. Каб пісаць, яму трэба быць аднаму. Пішучы, ён адчуваў сябе нібы голым, і ўсякі пабочны чалавек, нават свой, не даваў яму заставацца самым сабою, прыводзіў яго ў замяшанне: думкі пачыналі блытацца, рука збівалася з рытму. Здавалася б, адкуль такое адчуванне магло ўзяцца, на якой глебе вырасці? Мо ўсё ішло ад таго, што ён ад нараджэння быў сарамяжлівы?

Вера з камандзіроўкі вярталася свежая, загарэлая — як з курорта. Драгун пазіраў на яе і радаваўся.

— Відаць, табе там някепска паводзіцца?

— Ты на што-небудзь намякаеш? Ой, глядзі! — яна пагразіла яму пальцам.

— Што ты! Мне прыемна, што ты папраўляешся.

— Ты ведаеш, мне там і праўда лепей. Мо паветра, мо свежае малако ці сялянскі хлеб, але там я проста адпачываю. І Пэпік маўчыць, ні разу нават не знудзіла, не кажучы ўжо пра горшае.

— Малайчына, Пэпік! — з лёгкай Верынай рукі і Драгун называў тое, што ў іх будзе, Пэпікам.— Ён ведае, што ты там адна і цябе няма каму пашкадаваць, як толькі яму.

Цяпер яны ўжо гаварылі пра малое так, нібы яно было на свеце, толькі не з імі, а недзе ў бабкі ці дзеда, і называлі яго пяшчотна Пэпік, хоць ён мог аказацца і якой-небудзь Пэпітай.

А дома Пэпік паводзіў сябе зноў кепска: Вера пакутавала кожны дзень. Хадзіла нават да доктара, ды што тут доктар параіць? Заставалася адно — цярпець. І яна цярпела. Але чым далей ішоў час і чым бліжэй падыходзіў тэрмін паяўлення Пэпіка на свет, Вера рабілася ўсё хмурнейшай. Драгун спачатку глядзеў праз пальцы: ці мала што можа паказацца жанчыне? Аднак адагнаць ад сябе благія думкі надоўга не мог. Ды пакуль ён збіраўся высвятляць, Вера пачала першая.

На дварэ стаялі маразы, і Драгунам даводзілася паліць печку два разы ў дзень — раніцай і вечарам. Холадам веяла ад вокан, з усіх шчылін ля падрубаў, са склепа пад падлогай.

Ухадзіўшыся, Вера лягла ў пасцель, узяла кніжку, а Драгун усё хадзіў па пакоі, варушыў прысак у печы, каб хутчэй перагараў, каб можна было зачыніць комін.

— Кладзіся ты ўжо, чаго снуеш, як цень? — сказала Вера.

— Зараз. Пакладу толькі анучку на акно, цячэ з дубэльтаў.

Драгун бачыў, што сёння ёй не чытаецца, хоць звычайна ён адбіраў у яе кніжку, бо не мог заснуць пры святле.

Ён распрануўся.

— Выключай, я начыталася,— папрасіла Вера.

— Нешта ж ты сёння нормы не дабрала.— Драгун лёг у пасцель.

— Ты хочаш спаць? — спытала яна ў адказ.

— Хачу... А што?

— Ай, з табою ніколі не пагаворыш. То ты заняты чым-небудзь, тады да цябе не падступішся, то спіш як забіты. Не верыцца, што ў цябе некалі была бяссонніца.

— Я і сам цяпер не веру,— Драгун пазяхнуў на ўвесь рот, аж сківіцы затрашчалі.

— А ці думаў ты, дарагі мой гаспадар, што нас чакае?

— Хіба мне рабіць няма чаго, як толькі думаць?

— Не, я пытаю сур’ёзна...

— Калі сур’ёзна, то думаў.

— І што ж ты прыдумаў? — Вера павярнулася да яго.

— Думаю, што нічога страшнага ў нас наперадзе няма.

— О, які ты аптыміст! Проста не пазнаць цябе.

— Дык гэта ж ты мяне так выхоўваеш.

— Перастань... Вось цяпер, як напалілі печку, то ў нас цёпла, а раніцай будзе дзесяць градусаў. Што нам скажа малое?

— Ну, мо к таму часу будзе вясна...

— Якая вясна? Гэта недзе ў лютым, самыя халады.

— У лютым? Трэба будзе раней уставаць, паліць печку.

— Усё ў цябе проста.

— А што другое прыдумаеш? Дабівацца кватэру? Як ты яе даб’ешся? Хіба галавою аб сцяну.

— Ты не злуй, гавары спакойна. Кватэра ў нас гэтая, і трэба пра яе і думаць. Трэба агледзець падрубы, абкідаць хоць снегам, калі няма саломы. Купіць якую электраплітку, ці што, каб ноччу можна было ўключыць, калі дзіцяці мяняць пялёнкі трэба. Дроў сухіх дастаць яшчэ трэба, а то прывёз сырызны...

— Якіх давалі, такіх і прывёз. Там усе такія. Гэта ж не ў лесе, а на складзе.

— Ты не вінаваты, я ведаю. Але малое не захоча нічога прызнаваць, яму патрэбна цяпло. І ты павінен яго даць, гаспадар мой... Дай сюды руку, хутчэй! — Вера ўзяла яго руку, прыклала да свайго вялікага жывата.— Чуеш, як стукае? Укладваецца спаць наш малы Пэпік.

Малы варушыўся і стукаў заўзята, нібы хацеў наверх.

— Рухавы чалавечак,— Драгун далікатна пагладзіў Веру па жываце.— Ціха, ціха, супакойцеся, усё зробім...

— Гэта адно. Цяпер другое... Ці думаў ты, з кім будзе наша малое, калі я пайду на работу?

— Пра гэта не думаў. А навошта так далёка забягаць?

— Ці далёка? Які ты, аднак, бесклапотны.

— А што ты прыдумала?

— Я хачу працаваць. Што ты на гэта скажаш?

— На гэтай самай пасадзе?

— Дачасу можна і на гэтай.

— Прападзі яна пропадам! Шэсцьсот рублёў у месяц. Пасля васемнаццаці год вучобы!

— А што рабіць! Ісці заатэхнікам — калі ласка. Паедзем у вёску, будзем жыць. Ты будзеш настаўнікам. Чым кепска?

— Калі на словах, то я хоць зараз. А падумаўшы — то лепш тут кепска, чым там добра. Хоць і там людзі жывуць. Мае некаторыя аднакурснікі маюць ужо свае хаты. А я — пралетар.

— Гэта і кепска... Нам-то што? Мы да ўсяго прывыклі. А вось дзеці нашы...

— Іх яшчэ няма. А будуць — таксама прывыкнуць.

— Ты сваё гнеш... Аднак ведай, што я буду працаваць.

— Буду ведаць... Ну, хопіць! Мо прыснім прароцкі сон, які паможа нам выйсці з тупіка.


Загрузка...