22

У Драгуна ў горадзе жыло шмат знаёмых і нават сяброў па вучобе, і яны часцяком да яго заходзілі. Ён і сам любіў пайсці куды-небудзь, хоць і не ўмеў вельмі весяліць кампаніі. Пасля жаніцьбы, як і раней, да іх таксама заходзілі яго прыяцелі, запрашалі да сябе. Драгуны абяцалі, але болей для формы. Нешта ўсё не выходзіла то часу, то грошай, то настрою. І неяк непрыкметна і гарадскія яго сябры ўсё радзей і радзей заходзілі да іх. Не забывалі толькі тыя, што жылі ў вёсцы: гэтым у вялікім незнаёмым горадзе не было дзе дзявацца, і яны ішлі да таго, каго ведалі. Заходзілі часам зусім незнаёмыя, казалі, што ім параілі зайсці яго родныя. Як было не прыняць людзей? Два званкі звінелі весела і часта.

Неяк заехаў да Драгуна яго стрыечны брат Сакалоўскі Міця, вясковы механізатар. Драгуны прынялі яго, як і трэба, пачаставалі, запрасілі пераначаваць. Брат сказаў, што ён прыехаў на курсы, яму павінны даць інтэрнат, мо адну ці дзве ночы давядзецца яму пераначаваць у іх, калі яны не прагоняць.

Братавая была ветлая да Міці, усміхалася, распытвала пра вёску: як жывуць, ці добра зарабляюць, ці хапае жывёле кармоў. З ім яна, як і трэба з госцем, была гасціннай, затое ўвесь час ні за што пакрыквала на няньку, на дзіця, не глядзела яму ў вочы, як бы не заўважала зусім. Госць пераначаваў дзве ночы, а на трэцюю ўжо не прыйшоў — відаць, далі інтэрнат. Драгун падумаў, што чалавек, няйначай, пакрыўдзіўся. І мо так яно і было, бо болей ён да іх не зайшоў, хоць прыехаў на два тыдні.

Праз дзён дзесяць пасля стрыечнага брата прыехала да Драгуна яго маці. Казала, паглядзець унучку, бо дагэтуль яшчэ не бачыла. За адным заходам папрасіла памагчы паставіць зубы, бо засталіся толькі лічаныя. Можна было б зрабіць гэта дома, ды далёка хадзіць у горад. Што ж, Драгуну надарыўся лішні выпадак памагчы сваім.

Тут жа на Нямізе знайшлі прыватнага дантыста, які мог паставіць хоць падвойныя зубы — і ўсяго па трыццаць рублёў за штуку.

Драгун заўважыў, што Вера трымаецца з апошніх сіл, каб не сарвацца. Ён і сам адчуваў, што ўсім неяк як бы стала душна, як бы стала менш паветра. Фактычна, так яно і было. Уставалі рана, у сем гадзін. Прымалі раскладушку, складвалі пасцелі, праветрывалі пакой. Усіх падымала Валька — яна прачыналася ў адзін час, як па будзільніку. Пакой пачынаў варушыцца, як мурашнік. Бразгалі дзверы, на кухні цурчэла вада, у туалеце не патухала святло.

Суседзі Плоткіны, якія прывыклі да спакойнага жыцця, бо не мелі дзяцей, пачыналі нервавацца. Цяпер толькі Драгун зразумеў, што Плоткінава жонка так баялася, што побач будуць жыць людзі з малым дзіцем. Добра, што яна тады не ведала, як многа ў іх сваякоў. Але яна і цяпер не маўчала: ужо некалькі разоў выгаворвала Веры, што яны «не зусім правільна» ўмеюць карыстацца камунальнай кухняй, што ім часта звоняць і не даюць ім, Плоткіным, адпачыць.

Затое цяпер нават Драгун, самы памяркоўны чалавек у гэтай камунальнай кватэры, прызнаваўся сам сабе, што ў іх цесна і шумна. Прама пра гэта ніхто не гаварыў, усе неяк стрымліваліся, але Драгун разумеў, што гэтая стрыманасць усім дорага дастаецца, асабліва Веры.

Ноччу Драгун доўга не мог заснуць. Ляжаў, уздыхаў, варочаўся з боку на бок, чамусьці чакаў, што вось зараз празвіняць два званкі — абавязкова два. Здавалася, што і ўсе не спалі, адна малая Валька пасвіствала носікам ды на сцяне цікаў гадзіннік, іх вясельны падарунак. Гэтае ціканне, такое моцнае ў цішыні ночы, нервавала Драгуна, ён хацеў, каб гадзіннік спыніўся, але ён, як знарок, усё чэкаў і чэкаў.

Драгун, заскрыпеўшы спружынамі, сеў на ложку, хацеў як-небудзь абмінуць жонку, якая спала з краю, бліжэй да калыскі, і спыніць пракляты гадзіннік, але пачуў жончын сярдзіты шэпт:

— Чаго ты ўстаеш?

Нічога не сказаўшы, ён лёг зноў.

— А чаго ты не спіш? — спытаў у яе.

— Паветра мала, здаецца, задыхнуся.

Драгун пяшчотна абняў жонку, прытуліў да сябе.

— Нічога, перацерпім як-небудзь,— ён гладзіў яе плячук, вуснамі дакранаўся да шчакі.

— Добра, як ты цярплівы... А я не такая,— прашаптала Вера і паклала яму на шыю гарачую руку.— Можна звар’яцець. Чуеш? Ніхто не спіць. Нібы знарок падслухоўваюць.

— Кінь, табе здаецца,— Драгун затуліў ёй рот сваімі вуснамі.

Яна нервова пакруціла галавою.

— Калі здаецца, дык яшчэ горш,— і глыбока ўздыхнула.

— Нічога, наша ад нас не ўцячэ,— Драгун разумеў, што яна хацела сказаць.

А жонка тулілася да яго, і ён сам адчуваў, што пачынае хмялець.

— Скора ўсё гэта мінецца... Супакойся... Яшчэ праспім на работу,— і ён адвярнуўся ад яе.

— Дзіва, тут праспіш... Нежывога падымуць,— гарачы пакрыўджаны шэпт чуецца над самым яго вухам.

«Нават ноч нас не мірыць... Далей так нельга цярпець... Можа кепска скончыцца,— думаў Драгун, адчуваючы на сваёй шыі жончына дыханне.— Сям’і трэба аддаваць душу і цела без астатку, без перапынку, як расліне ваду і святло. Усякая жонка любіць пяшчоту і ўвагу, як дзіця — клопат і цяпло...»

Так думаў, засынаючы, Драгун.

Пакрысе ён прытупіўся, прывык да шумнага жыцця і цеснаты, пераконваючы сябе, што ўсё гэта хутка скончыцца, што цярпець засталося нядоўга.

І ўжо калі наступнай вясною заехала да іх сястра Каця з трыма дзецьмі, якая ехала з цаліны дадому ў госці, Драгуну было не так страшна, як раней. Ён суцяшаў сябе тым, што жонка таксама не так востра прымае да сэрца ўсе дробязі і непаладкі жыцця. І мо трохі смялей, чым звычайна, узяў грошы і купіў аднаму пляменніку, самаму большаму, палітка, а меншым касцюмчыкі, сястры даў на дарогу пару соцень.

Пры сястры Вера не паказвала свайго настрою, а як толькі тая паехала, адразу перамянілася — стала маўклівая і надзьмутая, не падыходзь.

— Мне проста брыдка за цябе, Вера. Ты як малое дзіця,— не стрымаўся неяк Драгун.— Ты хочаш, каб да нас ніхто не заходзіў.

— Менш будзе клопату.

— Кінь! Які тут клопат?

— Табе ніякага. Толькі схадзіць у магазін па гарэлку. А мне трэба думаць, адкуль узяць.

— Ну дык што? Усе так робяць і так жывуць...

— А я не хачу.

— А я не хачу рабіцца чужым для сваіх...

— Станеш чужым — нам будзе зацішней.

— Так мы патраціліся на іх, не дай бог!

— Каб мне гэтулькі здароўя! Але болей я не хачу, каб пасылалі мы, а дзякавалі табе. Табе дзякуюць — ты і пасылай.

— Я не за дзякуй пасылаю і даю.

— Як хочаш. Толькі ведай — не са свае і не з мае зарплаты.

— Ха! Буду красці! — зарагатаў Драгун.

Яны толькі што павячэралі. У пакоі стаяў беспарадак. Нянька забаўлялася з малою, паказвала ёй малюнкі ў кніжцы, а дзіця называла звяроў. Дзіўна, што зайца ці вожыка яна не бачыла ў вочы, а на малюнку называла нават кенгуру ці якую чарапаху.

Вера мыла пасуду. На сукенку яна накінула паркалёвы, у чырвоную гарошынку халацік, падперазалася і стала падобная на дзяўчынку, якая апранула доўгую сукенку.

Драгун памагаў жонцы. Ён стаяў ля стала і выціраў талеркі і лыжкі, якія хуткімі нервовымі рухамі мыла і падавала Вера. Сёння ён пазіраў на яе хударлявы прыемны твар і адчуваў непрыязнасць.

— Аддаць лішняе — кожны дурань зможа,— разважаў услых Драгун.— А вось падзяліцца апошнім — гэта сапраўдная дапамога.

— Са мною ніхто не дзяліўся, і я не хачу.

— Не паверу! Ці магла ты на стыпендыю пражыць пяць год? Прысылалі табе бацькі?

— Прысылалі. Але бацькі...

— А мне бацькі і сёстры. І гэтага я ніколі не забуду. Я вучыўся, а яны працавалі, памагалі мне. І ніхто не прымушаў, нават не прасіў.

— І цябе ніхто не прымушае...

— Правільна. Яны нават не папросяць. Але маё сумленне мяне прымушае. Бо каб не яны, не іх дапамога, я не сядзеў бы тут у Мінску разам з табою.

— Ах, як яны мяне ашчаслівілі! Нізкі ім паклон. Буду ўдзячная да самай магілы.

Шаржыравана-тэатралізаваны Верын голас непрыемна разануў Драгуну па сэрцы.

— Калі ты не хочаш, дык я ўсё-такі буду... удзячны да магілы. Дабро забываюць чамусьці хутчэй, чым зло. А трэба наадварот.

— Я заўважыла, што ты добры для другіх, а для сям’і — ты вораг!

— Пэўна ж! Не даю таго, чаго не магу даць! Не прыношу двайное зарплаты. Не працую, як вол, днём і ноччу, а яшчэ гавару пра нейкае сваё права, пачынаю рабіць тое, што не падабаецца маёй жонцы. Пэўна ж кепскі! Вось каб пакорліва маўчаў пад тваім абцасам!..

— Сціхні малоць! — крыкнула Вера.— Якая двайная зарплата? Хоць бы ты гэту не пускаў на вецер. 1100 рублёў! Ах, якая зарплата! Ты вось кватэры дабіўся! Ты казаў, што гэта да часу, а ўжо мы тут другі год, і невядома яшчэ, колькі тут прабудзем. Ах, які ты добры муж і бацька! Кланяемся табе нізка!


Загрузка...