32
Яшчэ па дарозе дадому Вера спытала мужа:
— Сёння пойдзеш у бібліятэку?
Ён глянуў на яе з падазронасцю, убачыў прыхаваны сум у яе вачах, але не надаў гэтаму вялікага сэнсу. Падумаеш, нешта жонцы заманулася!
— Сёння пайду. Я ж учора не быў.
— Дык учора ж ты хадзіў у лазню.
— У лазню — не ў бібліятэку...
— Палічы: субота, нядзеля — бібліятэка, панядзелак — лазня, аўторак, серада — бібліятэка, чацвер — адсыпацца, пятніца і гэтак далей — бібліятэка.
— А што тут кепскага? Хочаш, каб я на танцы хадзіў?
Вера пачынала злаваць. Ён знарок не хацеў разумець таго, пра што яна гаварыла.
— А пра мяне, пра сям’ю ты падумаў?
— Думаю, калі маю час...
— Але ж яго ў цябе ніколі няма.
— Ты ж ведаеш, што я пачаў адну рэч, ідзе добра... А калі я ўжо за што вазьмуся, то мне цяжка адарвацца. Няўжо ты мяне не разумееш?
— Выходзіць, што ты мяне не разумееш, а не я цябе.
І жонка надоўга змоўкла. Моўчкі ішоў і Драгун.
Прыходзілі, вячэралі — нянька збольшага навучылася гатаваць страву, хоць і не так смачна, як Вера.
З бібліятэкі Драгун прыходзіў каля адзінаццаці вечара. Усе ўжо спалі, толькі Вера часам рабіла што-небудзь ці чытала. Ён піў чай і клаўся спаць на сваім раскладным крэсле-ложку, бо Вера спала з Валькаю, а нянька на канапе.
Ноччу Драгун прачнуўся: нехта варушыў яго за нагу. Ён прадзёр вочы і ў паўзмроку ўбачыў Веру ў доўгай белай начной кашулі.
— Пасунься,— прашаптала яна.
Драгун даў ёй месца ля сябе.
— Чаго не спіш?
— Думкі розныя не даюць спакою...
— Якія розныя?
— Я ўжо даўно табе хачу сказаць, але ты ўсё не маеш часу...
— Гавары, якая ты...
— Памятаеш, ты неяк казаў, што ў сям’і павінна быць сама мала двое дзяцей. Інакш гэта не сям’я... Што тэхніка, цесната, усё можа здарыцца... Як з тым хлопчыкам, што бацька купіў самакат.
— Памятаю... Дык што?
— У нас будзе другое... Ты рад?
Драгун уздыхнуў.
— Рад-то рад, але клопату...
— А што без клопату даецца?..
— І цесната.
— Я якраз думаю, што гэта лепей. Мо хутчэй дадуць кватэру.
— Ты тут маеш рацыю. Гэта праўда... Аднак... Аж страшна робіцца...
— То што, ты не хочаш?
— Не кажы так. Я толькі хачу хлопца. Пэпік нас падвёў...
— Гэта ўжо што выйдзе...
— Але калі добра падумаць, то гэта ўсё паломіць наш і так нетрывалы парадак...
— І я гэтага баюся горш за ўсё. Год папрацавала — і зноў невядома што...
— Ну, неяк будзе. Старэйшая пойдзе ў сад. Праз год абяцалі месца. А з малым будзем трымаць няньку.
— Можа, і так. Але гэта потым. А цяпер схадзі ў райсавет, правер чаргу, ды мо і заяву трэба было б напісаць.
— Схаджу і заяву напішу. Мо і з работы мясцком якую пісульку даложыць. Добра, мая дарагая гаспадынька, добра. Зраблю, як ты кажаш.
Яны яшчэ доўга гаварылі пра ўсе свае нялёгкія клопаты, і хоць Драгун адчуваў побач цяпло жончынага цела, ён быў далёкі ад грэшнай думкі — нібы побач ляжалі не муж і жонка, а два чалавекі аднаго полу, якіх заўтра раніцай чакае цяжкая і непрыемная работа, што ім трэба было б заснуць, каб асвяжыць стомленае за дзень цела, а заместа гэтага яны растраўлялі сабе душу размовамі менавіта пра гэтую цяжкую і непрыемную работу, якая іх чакае і ад якой ім нікуды не дзецца.
Назаўтра Драгун зайшоў у навукова-тэхнічную рэдакцыю да старшыні мясцкома Бруневіч пагаварыць наконт паперы ў райсавет. Бруневіч, тоўстая, чарнявая, ужо ў гадах, але бойкая на язык і даволі рухавая жанчына, замахала рукамі.
— А што я напішу? За цябе прасіць буду? Прасі сам!
— Усё ж такі мясцком каб далучыў свой голас...
— І думаеш, паможа?
— А хіба вам цяжка? Звычайную паперу...
— Не цяжка, але гэта нічога не дасць,— непрыветліва сказала Бруневіч і адвярнула свой доўгі нос.
— Ну і прасіць вас не стану,— груба сказаў Драгун.— Слугі народа, заступнікі...— і ён выйшаў з рэдакцыі.
Неяк з паўгода назад ці болей яны пасварыліся за газеты. Бруневіч напала на Драгуна за тое, што ён не выпісвае газет. Гэта была няпраўда, бо Драгун выпісваў, але не ў выдавецтве, а на пошце, у апошнія дні падпіскі, у той час як у выдавецтве бралі грошы наперад за два ці тры месяцы. Тады Драгун сказаў Бруневіч: «Газеты я выпісваю не для вас, а для сябе. І нават каб вы мне сказалі іх не выпісваць, я ўсё адно выпісаў бы, бо яны мне патрэбны не толькі для таго, каб пабольшаць кола падпісчыкаў». Відаць, тую гутарку не забыла Бруневіч і цяпер рашыла паказаць яму, як шкодна сварыцца з такімі людзьмі, як старшыня мясцкома.
Што ж, Драгуну давялося ісці без мясцкомаўскай паперы, ён толькі напісаў сваю «слёзную» заяву.
Лепей было б пайсці на прыём да старшыні райсавета, але для гэтага давялося б цэлы тыдзень чакаць, таму Драгун скіраваў у кватэрны аддзел, дзе яго даўно ведалі.
— Як там мая чарга маецца? — павітаўшыся, спытаў Драгун.
Хударлявая маладая жанчына са светлай завіўкай паглядзела ў алфавіт.
— У вас, Драгун, 57-мы нумар. Па ўсіх даных, пад канец года вы будзеце мець кватэру.
У Драгуна сэрца застукала ад радасці.
— Каб жа вашы словы ды старшыні ў вушы! Няўжо гэта можа быць?
— У год у нас ідзе 200—300 нумароў. Так што тут нічога фантастычнага.
— Вельмі прыемна гэта чуць ад вас... Да таго ж у мяне навіна — чакаем павелічэння сям’і...
— А колькі ў вас дзяцей?
— Цяпер адно...
У гутарку ўмяшаўся чарнявы мужчына ў вайсковым кіцелі, які сядзеў за сталом над вялікімі тоўстымі рэестрамі.
— Вам проста шанцуе. З адным дзіцем вы атрымалі б адзін пакой. А так будзеце мець два.
— У мяне яшчэ і нянька...
— Няньку не лічыце. Гэта не член сям’і.
— Але ж месца займае?
— Зрабіце, каб не займала.
— Што вы! І так ледзьве знайшлі!
— Цяпер нянька — вялікая праблема,— сказала жанчына з завіўкай.— Я таксама шукала два гады. А потым яна праз два месяцы ўцякла ад мяне. Цесна, кепска, плата малая...
Драгун, здаецца, не ішоў дадому, а ляцеў. Свет неяк перамяніўся адразу, падабрэў, павесялеў. Звычайна, праходзячы па скверы ля опернага, ён запавольваў хаду, часам садзіўся на лаўку і адпачываў хвілін дзесяць. А сёння без аглядкі пашыбаваў дадому. І хоць меў ключ, спецыяльна пазваніў — даў два доўгія званкі. Адчыніла Вера.
— Ты мяне спалохаў,— сказала яна.
— Ты ўжо дома?
— Як бачыш. А ты нейкі вясёлы. Што чуваць?
Ён схапіў яе на рукі, закружыў па пакоі.
— Я гатоў сёння танцаваць! — закрычаў Драгун.— У гэтым годзе нам абяцаюць кватэру.— Ён пасадзіў Веру на стол, прытуліў да сябе.— У нас 57-мы нумар! Ты ведаеш, што гэта значыць? Яны ў год здаюць 200—300 кватэр.
— Не радуйся вельмі, а то здзівіш.
— Што ты!.. А яшчэ мне сказалі, што нам проста пашанцавала: нам дадуць два пакоі... калі ў нас будзе цвай кіндэр.
— Ажно не верыцца...— прашаптала шчасліва Вера.
...А праз дзень Драгуны пачулі яшчэ адну прыемную навіну: выдавецтва разам з Саюзам пісьменнікаў закладвала 60-ці кватэрны дом. Гэта азначала, што праз год-паўтара можна разлічваць на кватэру.
— Не трэба толькі адчайвацца,— гаварыў Драгун Веры, ідучы з работы.— У жыцці так, як вось гэтая пагода: то сонца свеціць, ні воблачка, ні хмурынкі, а тут раптам гром з яснага неба, навальніца; то неба засцелюць хмары, здаецца, што ніколі ўжо сонца не ўбачыш, а потым зноў — вецер разгоніць хмары, ачысціць неба — і ўсё спачатку. Дарэчы, ты заўважыла такі псіхалагічны эфект? Вось хмары закрылі неба, схавалі сонца. Здаецца, яго зусім няма. А гэта самая звычайная ілюзія: хмары закрылі толькі нас, а не сонца: сонца свеціць, як і свяціла.
Вера ішла, слухала і пасміхалася.
— Свеціць, але не нам... Здаецца, што, калі мы толькі сышліся, ты зусім быў не такі, ва ўсякім разе, настроены зусім па-другому. Я цябе ўгаворвала, што трэба пацярпець, што ўсё будзе добра, што ўсё стане на лад. А цяпер мы памяняліся ролямі. Цяпер ты мяне ўгаворваеш. Гаварыць-то лёгка, а вось цярпець... Ты ведаеш, што амаль кожны вечар, як ты пойдзеш у бібліятэку, у мяне сутычкі з суседзямі.
Драгун стаў пасярод дарогі.
— Чаго ж ты маўчала дагэтуль?
— Не хачу цябе ўцягваць у гэтую кашу. Хай у цябе будзе спакойна на душы, каб ты мог працаваць...
— Глупства ты гаворыш!
— Не глупства. Ты сам падумай. Тыя выехалі на нас — скардзіліся, што не могуць жыць са сварлівымі суседзямі. І гэтыя нешта падобнае задумалі... Мне страшэнна цяжка, каб ты толькі ведаў. Але я буду цярпець.
...На кухні Драгун мыў рукі. Стукнулі дзверы, выйшаў Шварцман, але тут жа павярнуў назад.
Драгун сказаў наўздагон:
— Я зараз канчаю, калі ласка!
Але Шварцман нібы не пачуў. Ён схаваўся за дзвярыма, а потым выйшаў ужо з жонкай. Яны наблізіліся да Драгуна, і Шварцман таямнічым голасам, амаль шэптам, загаварыў:
— Мы вас вельмі просім зайсці да нас на хвіліначку... Толькі на адну хвіліначку!
— Толькі на адну хвіліначку,— як рэха, падхапіла яго жонка, склаўшы рукі на грудзях і прыняўшы позу чалавека, які літасціва просіць другога памагчы ў бядзе.
— Калі ласка, навошта так доўга прасіць,— згадзіўся Драгун і пайшоў за Шварцманамі.
Пакой, у якім быў Драгун гады два назад, здаецца, папрастарнеў: менш мэблі, чым у тых, Плоткіных.
— Садзіцеся, просім вас,— Шварцман падсунуў яму крэсла.
Драгун сеў. Яму не падабалася ліслівасць, з якою яго тут прымалі. Здавалася, што яны баяцца, каб Драгун раптоўна не кінуўся на іх з кулакамі ці не закрычаў.
— Можа, вып’еце шкляначку чаю? — прапанавала Шварцманава жонка.— Адну шкляначку! Толькі адну!
Драгун адмовіўся.
— Дзякую, не хачу. Дык што вы мне скажаце?
Шварцманы неяк замітусіліся: ён глянуў на яе, яна на яго, потым разам на Драгуна. Пачаў гаспадар.
— Нам, ведаеце, не вельмі зручна... але мы паклікалі вас пагаварыць... Ну, каб вы ведалі... наконт вашай жонкі...
— Што? — вырвалася ў Драгуна.
Шварцман нацягнуў на твар ліслівую ўсмешку, заспяшаўся:
— Не падумайце нічога кепскага... Мы проста хацелі б вас прасіць, каб вы неяк супакоілі... супакойвалі трохі сваю жонку...— Ён выцер пот з бледнай, пакрытай пушком лысіны.— Мы ведаем вас як культурнага, вельмі стрыманага чалавека... Нам гаварылі гэта яшчэ Плоткіны. Дый мы самі бачым... Але ваша жонка...
— А што вам зрабіла мая жонка?
— Як вам сказаць? — адступіў Шварцман, нібы баючыся, што зайшоў вельмі далёка.— Яна нічога не зрабіла, але яна так сябе паводзіць... Ёй нельга сказаць і слова... І яна робіць усё назло... Калі я адчыню дзверы на балкон, яна зачыніць. Калі я зачыню, то яна адчыніць...
— А ці не здаецца вам, што гэта вы робіце назло?
— Што вы! Божа барані!
— А што яшчэ?
— Яшчэ? Абзывае нас усякімі словамі, робіць такія тэатральныя жэсты, што...
— Я ўжо баюся адна выходзіць на кухню,— ледзь не плачучы, сказала гаспадыня.
— Так, так, я выводжу яе на кухню...
— А па-мойму, гэта дарэмна! Не трэба нікога баяцца, але не трэба нікога і чапаць.
— Хто чапае? Божа барані! Ніхто ніколі! Навошта нам? Хіба мы не ведаем, каго чапаць?..
Шварцман спахапіўся і падазрона глянуў на Драгуна: ці не сказаў лішняга? Але Драгун выглядаў спакойна. І Шварцман пачаў закругляцца:
— Мы вас вельмі і вельмі просім... Угаварыце яе, хай яна не будзе такой... Ну, рэзкай, грубай, вульгарнай, прабачце за слова... Мы вас вельмі паважаем, таму і звярнуліся... Навошта нам? Мы ж суседзі... Пагаварыце вы з ёю...
— Добра,— сказаў Драгун і ўстаў.— Пагавару... Толькі прашу вас таксама — не злоўжывайце яе цярпеннем... Яна жанчына. І яна чакае дзіцяці. Так што прашу ўлічыць гэта.
У Шварцманаў — у яго і ў яе — акругліліся вочы.