24
Кажуць, што як цесна ў хаце, то трэба спачатку паўносіць у яе ўсё, што толькі можна, а потым выставіць тое, што замінала,— і адразу стане прасторна.
Нешта падобнае адчулі Драгуны: ад іх пайшла нянька. Такога спрыту ад яе ніхто не чакаў: ціхая, сарамяжлівая, непаваротлівая, а не агледзеліся, як праз два гады знайшла сабе салдата, распісалася, бо ён дэмабілізаваўся, і разам паехалі на цаліну.
За сталом сабралася сямейная рада: Драгун, Вера і малая Валька. Канчалася нядзеля, вячэралі. Спачатку елі моўчкі, кожны заняты сваімі думкамі.
— Мама, а дзе Наташа? Яна хутка прыйдзе? — спыталася Валька.
— Бач, дурненькая, яшчэ не разумее. Наташа не прыйдзе, яна паехала далёка-далёка. Мы будзем без яе...
— Ну і добра. Мне з табою будзе лепей,— і дзіця прытулілася да маткі.
Вера абняла дзіця, пагладзіла па русай галоўцы.
— І куды нам цябе падзець? У яселькі хочаш? — у голасе яе чуліся слёзы.
— Хачу...
— А да бабкі, да дзеда хочаш?
— Хачу...
— А са мною хто будзе?
— Я буду. Не плач, мамка, я з табою буду.
— Дзіця маё! Што нам з табою рабіць? — Вера туліла да сябе Вальку, цалавала ў круглыя шчочкі.
— Ну што ты ўжо раскісла? — Драгун стараўся гаварыць цвёрда, а ў самога голас дрыжаў: — Няўжо мы не выкруцімся з гэтай бяды?
— А як?
— Трэба падумаць, а не пускаць слёзы... У яслі адпадае. Чакаць два гады — гэта задужа... Да бацькоў — таксама не паткнуцца: у маіх расце Каціна малая. У тваіх — Валіна. Хоць каб яны ведалі, як нам цяпер, то не адмовіліся б — ні мае, ні твае.
— Не, так не будзе. Самі рабілі, самі гадуйце. Толькі так.
— Правільна... Застаецца адно...
— Пераходзіць на тваю зарплату?
— А што? Будзем жыць... Нікуды не дзенемся.
— Эх, ты! — сумна паківала галавою Вера.— Каб хоць у нас быў які запас...
— Пра што ты гаворыш? Я табе яшчэ вінаваты сто рублёў. А вяселле, памятаеш, за чые грошы спраўлялі?
— Ты называеш гэта вяселлем?
— Ну, бяседа... Якая розніца?
— Розніца ёсць...
Ухадзіўшыся, ляглі спаць, але сёння іх чакала ўсяночная. За сцяною суседка Турбан, атрымаўшы пенсію, адзначала гэтую падзею: так яна рабіла заўсёды. Спачатку толькі гаварыла сама з сабою, потым пачала выкрыкваць, тупала па пакоі, нібы за кім ганялася, спявала, плакала, зноў спявала. Ляжаць і слухаць гэтую жудасную какафонію было нясцерпна. Яны зноў вярнуліся да перарванай гутаркі. І Вера расказала яму ўсе тыя думкі, якія даўно не давалі ёй спакою, якія Драгун чуў толькі абрыўкамі, толькі намёкамі. Цяпер усё гэта было падсумавана і ўзважана.
— Мушу табе сказаць, што пра сваю работу я ўжо думала даўно. Хацела пагаварыць з табою, ды ўсё адкладвала. А тут ужо болей няма куды адкладваць. Я ўжо збіралася або кідаць зусім, або пераходзіць у другі які інстытут, ці ехаць у вёску заатэхнікам. Памяркуй сам. Аспіранткай я працавала больш-менш на сябе. А як толькі перавялі ў лабаранткі, на мяне ўзвалілі ўсё, што можна. Я была на пабягушках у загадчыка аддзела кармлення Інэсы Рынковіч. Памятаю, яна прыехала з Гродзенскай вобласці, прывязла матэрыял і дала мне на апрацоўку. За месяц яна абследавала і банітавала 1500 авечак! Я здзівілася. На такую работу трэба патраціць у два разы болей... Затое як глянула я на работу, дык у мяне і рукі апусціліся. Часам шырыня авечкі перавышала даўжыню, а якасць воўны зусім не адпавядала даным росту і вагі жывёлы. Усе лічбы былі высмактаны з пальца. Потым ужо я даведалася, што абмер ёй рабілі студэнты першага і другога курсаў, якія яшчэ не ведалі, што да чаго, а яна ім нават не паказала, як гэта ўсё робіцца. У яе былі справы больш важныя... А тады я ціха сказала ёй, што матэрыял зусім сыры, яго нельга апрацоўваць. Яна ўзняла крык. Тады я сказала, што напішу дакладную дырэктару. Яна прыціхла і забрала свой матэрыял.
З таго часу і пачалося.
Была я ў камандзіроўцы ў Зялёнай Лужы, трэба было апісаць увесь статак, да гэтага ён належаў тром калгасам, і там рабіла баніціроўку Інэса. Потым авечак змяшалі, і выходзіла, што пад адным нумарам хадзіла тры-чатыры жывёлы. Покуль я там дабілася толку, дык ачмурэла. І вось раз яна прыязджае. Пастух толькі выгнаў авечак на пашу, а яна камандуе: «Заганяй, будзем правяраць!» Пастух раззлаваўся і паслаў яе да д’ябла, плюнуў і пайшоў. Ну, яна знайшла пастухову жонку, прыстрашыла яе, тая стала заганяць авечак у кашару, давай там іх лавіць ды правяраць. Я трохі памагала, але цягаць авечак ужо было не пад сілу, ужо Валька не давала. Інэса на мяне як напала, дык хоць ідзі тапіся. Што я тут капаюся, цэлы тыдзень прабыла, а работа не зроблена! Яна мне пакажа, як трэба працаваць! Я расплакалася... Не было тады ў мяне сілы з ёю сварыцца, кінула ўсё, пайшла ў прыбудоўку. Там мне кепска стала, думала — памру. Але назаўтра супакоілася, прабыла яшчэ тыдзень і зрабіла ўсё, як трэба. Не паспела вярнуцца, а яна ўжо напісала дакладную дырэктару, што я маруда, што не спраўляюся з работай, што нават пастухоў падбухторваю, каб яе не слухалі. Я табе раней усяго гэтага не казала, хопіць, што я адна цярпела, не хапала яшчэ, каб і ты ўлазіў у гэтую кашу...
Потым неяк адчула, што Інэса стала паддобрывацца да мяне. Думаю, што ж гэта значыць? Нешта не так... Ажно адзін раз кажа мне: у міністэрстве ёсць такая Русанава. Яна мае яшчэ даваенныя матэрыялы абследавання нейкага там статка, вельмі добрыя матэрыялы, але яна іх нікому не дае. Як бы я ў яе выпрасіла, яна, Інэса, ведае, што я з ёю ладжу. А для чаго — не сказала. Неяк убачыла я Русанаву ды і кажу, што Рынковіч хоча паглядзець яе матэрыялы... Русанава ўсміхнулася і пытае: «А яна не сказала, навошта яны ёй?» Кажу, не... Аказваецца, Рынковіч яшчэ з адным кандыдытам навук задумалі напісаць манаграфію... на чужым матэрыяле. Але Русанава не такая дурная, як яны думалі. Яна кажа: «Навошта мне ім даваць? Гэта мой уласны матэрыял, я сама яго збірала. Сама буду пісаць дысертацыю. А яны мой матэрыял скарыстаюць і нават дзякуй могуць не сказаць, самае большае — недзе у дужках напішуць, што матэрыял ім велікадушна дала нейкая Русанава. Дудкі! Прывыклі заграбаць жар чужымі рукамі».
Тады яна згадзілася ўзяць мяне ў суаўтары, абы я толькі вырвала ў Русанавай матэрыял. Я не захацела. Так іх манаграфія і засталася у праекце. І ў гэтай няўдачы Рынковіч вінаваціла толькі мяне. Дайшло да дробязных прыдзірак. Неяк яна дала мне вычытаць мерапрыемствы аддзела авечкагадоўлі. Вычытала я, сёе-тое паправіла алоўкам і аддаю ёй. Паглядзела яна ды як кіне мне на стол! «Хто табе дазволіў тут крэсліць? І дзе арыгінал, чаму лічбы не звераны?» Я кажу, што яна дала мне толькі тэкст з машынкі, ніякага арыгіналу я не бачыла. А дзе паправіла, дык там зусім непісьменна. Куды там! Я засталася вінаватая!.. Калі дзе што не так, ніколі не скажа сумленна, што яна вінавата, заўсёды выедзе на некім. Што непісьменна ці што памылка — вінавата, пэўна ж, машыністка, а што перакручана лічба — буду вінавата я, бо вычытвала пасля машынкі.
Як вучоны яна не ведае некаторых элементарных рэчаў, напрыклад, што такое біяметрычны спосаб апрацоўкі — для яе цёмны лес. А стыль яе! Яна піша прыблізна так: «Когда проклятые фашисты нахлынули на нашу дорогую родину, все поголовье овец попало в исключительно неблагоприятные условия». А як чалавек яна вось такі... Толькі некалькі прыкладаў. Здаецца, дробязі, а чалавек адразу відзён... Збіралі мы адной нашай супрацоўніцы на дзень нараджэння. Яна нейкая хваравітая, жыве кепска... Сабралі нешта 600 рублёў. Інэса з Нінкай Зэльтан пайшлі ў магазін, купілі там нешта. Мы паглядзелі, пахвалілі: сапраўды, купілі тое, што чалавеку трэба. А Нінка кажа, што яшчэ засталося 150 рублёў, аддаваць грашыма ці яшчэ што купіць? Усе рашаюць, яшчэ што купіць. Нінка ідзе да Інэсы і кажа, што дзяўчаты на тыя грошы захацелі яшчэ купіць што-небудзь. Рынковіч вырачыла вочы і пытае: якія грошы? Нінка кажа: тыя 150, што засталіся. «Нічога не ведаю, вось 25 рублёў засталося, бярыце». Нінка толькі ахнула... І яшчэ нешта ў такім плане. Наш Шчарбовіч абараніў доктарскую дысертацыю, запрасіў усіх на банкет, а лабаранткам купіў яшчэ па каробцы дарагіх цукерак. Якраз яны не ўсе прыйшлі на банкет, ён аддаў тыя цукеркі Рынковіч і папрасіў, каб яна заўтра на рабоце перадала ім... Назаўтра ён сустракае на калідоры адну лабарантку, мякка выгаворвае ёй за тое, што яна не прыйшла на банкет, і кажа яшчэ: «Аднак я думаю, што цукеркі, якімі ад майго імя вас пачаставалі, вам спадабаліся?» Лабарантка пачырванела, памаўчала, а потым кажа: «Прабачце, але цукерак ніякіх я не бачыла». Тады разгневаны Шчарбовіч ідзе ў кабінет, дзе сядзіць Рынковіч, адчыняе дзверы і пытае на ўвесь голас: «Скажыце, Інэса Альфрэдаўна, чаму вы не выканалі мае просьбы і не пачаставалі цукеркамі лабарантак?» Інэса разгубілася, што з ёю рэдка бывае, нешта зашчабятала, ускочыла з крэсла, стала прасіць прабачэння, што забылася перадаць. А потым пабегла ў магазін, купіла тры каробкі нейкага гарошку, занясла ў лабараторыю і, шпурнуўшы на стол, сказала: «Жарыце!» Тыя цукеркі дзён некалькі валяліся на стале, і, відаць, прыбіральшчыца іх забрала.
І яшчэ факт — крыху другога парадку. Неяк яна ўбачыла мяне з адным хлопцам — часам да нас прыходзіў у інстытут. Гэта было, натуральна, да таго, як я пазнаёмілася з табою... Яна спыталася, хто ён. Я кажу, што проста знаёмы. Яна адразу: «Пазнаём мяне з ім!» Добра, кажу. Сказала яму, а ён пытаецца, ці яна замужам. Я сказала так, як было. «Дык хай ідзе да свайго мужа». Але аднойчы на інстытуцкім вечары, здаецца, на май, я падводжу яго да яе, яны знаёмяцца. І толькі зайграла музыка, як ён пайшоў танцаваць са мною. І за ўвесь вечар да яе ні разу не падышоў. А пад канец яна сама падышла да яго ды кажа: «Паважаны Анатоль, ці не правялі б вы мяне дадому?» А ён спакойна адказвае: «Прабачце, але я не магу: я ўжо абяцаў праводзіць Веру Платонаўну». Яна ўспыхнула, як порах, павярнулася і пайшла... Ну, потым глядзела на мяне воўкам нешта з паўгода. А калі мяне з лабарантаў пераводзілі ў малодшыя навуковыя, то яна адна была супроць. Увогуле ёй мяне горка з’есці і жаль пакінуць: дзе яна знойдзе другога такога дурня, каб на яе працаваў? А апошні час яна зусім стала мяне не пераварваць... Я табе скажу, што каб яе метадам я рабіла дысертацыю, то не толькі адну, а дзесяць бы абараніла. Яна як паехала ў Маскву на кансультацыю да свайго кіраўніка, то паўгода там жыла ў гасцініцы, усё кансультавалася. За гэты час яе тут і муж кінуў, сышоўся з яе малодшаю сястрою, якая, кажуць, зусім другога складу чалавек... Ведаеш, чаму яна ў інстытуце мае такую сілу? Не таму, што ўжо такая вучоная, а таму, што ўсякі мужчына, які ў нас мае нейкую вагу, можа ўзяць яе, калі захоча. На гэтым яна і трымаецца... Чаму я не абаранілася? Я хацела сумленна. А мне кажуць: так не пойдзе... Ёсць у нас адзін дзівак — Цемнагорскі. Дык ён мне неяк кажа: «Вера Платонаўна, няўжо вы не ведаеце, як абараняюць дысертацыі? Вы ж нішто сабе дзяўчына... І розум у вас ёсць, і веды, і ўсё астатняе. Плюньце на прынцыповасць». А я кажу: а ці будзеце вы пасля гэтага мяне паважаць? Ён падумаў. Не, кажа, не буду, гавару шчыра. Дык вось, я хачу, каб мяне паважалі. Хай я лепей не абаранюся ніколі. Я не скажу, што ўсюды так, але ў нашай сельскай гаспадарцы нібы зачараванае кола. Нідзе нічога не даб’ешся, не знойдзеш канцоў. Усё трэба нейкі блат, знаёмства, падхалімаж... У мяне быў падвопытны статак на Гарыні, дваццаць пяць бычкоў. Але ж ім патрэбен цвёрды рацыён. А вясною старшыня саджаў яго на сухую салому... Неяк заходзіць да мяне на кватэру, дзе я жыла ў адной цёткі, падпільнаваў ці які чорт, калі тая недзе пайшла. Дастае з кішэні паўлітры і ставіць на стол. «Ну, аспірантка, калі хочаш быць кандыдатам, то пачнём з гэтага, а кончым сама ведаеш чым...» І выскаляецца... Я яго як турнула, дык яго адно пяты блішчалі... Ну, пасля гэтага мае бычкі плакалі і дысертацыя таксама... Ды і кіраўнік мой быў такога ж складу, як той старшыня. Каб што памагчы, парадзіць, падтрымаць — то гэтага няма, а вось пажывіцца за чужы кошт, абакрасці цябе, тваю душу — на гэта ён як крумкач на падлу. О, паганцы!.. Хочаш ты мець сумленне, то будзеш гол як сакол. Скажуць: то і будзь сыты сваім сумленнем... Не, не хачу я за званне прадаваць сумленне! Не хачу! І не хачу, каб гэтая вучоная шваль Інэса папіхала мяне, як свіную ражку. Увесь час яна пнецца даказаць, што яна разумнейшая, яна вышэйшая, а я — ніхто. Але ж яна і сама ў гэта не верыць, і баіцца, што рана ці позна ўсе ўгледзяць, што яна пусты, дзьмуты пухір, што яна трымаецца толькі на сваёй жаночай слабасці, якую ўмее абярнуць сілай... А я буду ісці сваёй дарогай, як бы мне цяжка ні давялося. І ты мяне за гэта не папракай. Я яшчэ не ведаю, як ты глядзіш на свет, але мне здаецца, што ты таксама не выбіраеш крывых, абыходных сцежак. Значыць, чорт сем лапцей стаптаў, покуль пару дабраў... Але будзем мы з табою заўсёды бедныя. Ці згодзен ты на такую долю? Дарэчы, ты сам кінуў сваю аспірантуру. Мо нават і дарэмна... Але я не папракаю цябе — табе відней...