49
«Не мела баба клопату, ды купіла парася»,— думаў сабе Драгун, ідучы па гразкай раскіслай дарозе шукаць, дзе жыве той яго прыяцель, стары халасцяк Іван Жук. Недзе на Балотнай станцыі... Драгун быў у яго гады два назад, а ён сам неяк заходзіў да Драгуноў нядаўна, прыносіў чытаць новыя байкі. Чалавек захапіўся эзопаўскай старыной, чытае грэкаў, рымлян, Лафантэна, Канцеміра і Крылова, Крапіву і Валасевіча. Але покуль што — воз ні з месца. Праўда, часам ён браў глыбока, для «Вожыка» ніяк не лезла. І часам занадта востра. А часам і няўмела. І, як кажуць, варыўся ў сваім соку... Але, мусіць, уся бяда была не ў гэтым. Іван Жук некалі паступаў на журналістыку, не прайшоў па конкурсе і падаўся ў наргас, інстытут народнай гаспадаркі. Скончыў вучобу, а працаваць не давялося — захварэў мінінгітам. Доўга лячыўся, потым перавялі яго ў інваліды, жыў недзе ў Данбасе ў брата, а гадоў колькі назад пераехаў у Мінск, тут уладкаваўся на завод звычайным токарам. Кажа, што дактары забаранілі працаваць галавою. І жыве сабе адзін на прыватнай кватэры... Праўда, потым прызнаўся Драгуну, што, каб прыпісацца ў Мінску, давялося схадзіць спачатку ў загс, а потым ужо тая кабета яго прыпісала да сябе... Казаў, што гэта яго не звязвае, ланцугі Гіменея ён можа скінуць у любы момант, хай толькі захоча... Ну што ж? Мо гэтыя скіне, новыя наложыць?
Вузкая вулачка, па баках дамы і хаты сялянскага тыпу. Як мястэчка ці звычайная вёска. «І хаты няроўныя тут, як і людзі...» Здаецца, вось гэты дом у два канцы, накрыты чырвонаю чарапіцай. На дварэ жанчына сталых гадоў у новай ватоўцы і малады хлопец у гімнасцёрцы ахоўнага колеру папраўляюць плот: яна камандуе, ён папраўляе. Дзіўна, што не наадварот...
Драгун падыходзіць да іх і пытае, дзе тут жыве Іван Жук.
— Які Жук? А-а, Ванька? Во, у тыя дзверы.
Драгун зайшоў у прыбудовачку, адчыніў яшчэ адны дзверы і апынуўся ў кухні. Тут было двое дзвярэй. У якія ж пастукаць? Спачатку ў тыя, што злева. Цішыня. Пастукаў справа. Нехта як бы заварушыўся. Пастукаў яшчэ.
— Адну мінуту,— пачуўся заспаны голас.
І праз мінуту, а мо нават раней, дзверы адчыніліся, і Драгун убачыў на парозе Івана Жука. Ён усміхнуўся на ўвесь рот і аж успляснуў рукамі:
— Ну, брат, не чакаў! Думаю, каго там гоніць? Я з начное прыйшоў ды як заваліўся спаць...
Валасы ў яго тырчалі вожыкам, твар быў мурлаты, смуглы, нібы чалавек толькі што з курорта — дзе-небудзь з Крыма ці Каўказа.
Драгун зайшоў у пакой.
— Адразу павеяла маладосцю,— сказаў ён.— Ты зусім па-паходнаму, нават на раскладушцы.
— Найлепей! Я моцна нідзе не акопваюся,— смяяўся Жук і прыбіраў у пакоі: заслаў раскладушку чорнаю суконнаю коўдрай, прыняў табурэтку, абуўся, потым стаў галіцца электрычнаю брытвай.
Драгун сеў за стол, разглядаў кнігі, якія былі зложаны невысокім стосікам. Здзівіўся, убачыўшы «Лаакаон» Лесінга.
— Дык ты не толькі практыкуешся, але штудзіруеш і тэорыю?
— А які толк? Каб гэта я дарваўся да ўсяго гэтага тады, як хацеў, як меў сілу... Мо і жыццё пайшло па іншым рэчышчы... А так што? Ніякага следу не пакіну...
— Ну, ты ўжо заныў... Я якраз прыйшоў да цябе наконт гэтага следу... Можаш пакінуць след, і яшчэ які глыбокі.
— Ты пра што?
— Вось паслухай...
І Драгун расказаў, як сустрэўся з адной знаёмай, як яна сумуе без мужчыны, прасіла яго пазнаёміць з кім-небудзь.
— А колькі ёй год?
Драгун разрагатаўся.
— А ты ведаеш, што яна спытала, калі я сказаў пра цябе? Спытала, браце, якога ты росту! Каму што... Але смех смехам... Яна мо адных год з табою ці са мною. Мо на які год старэйшая. А так кабета нічога сабе.
— Не, брат, старая.— І ён адразу апусціў рукі, перастаў завіхацца.— Мой бацька жаніўся, дык мая маці была за яго на пятнаццаць год маладзейшая.
— Табе хочацца паўтарыць бацькаў вопыт? А калі будзеш мець свой?.. Я на гэтыя гады гляджу так... Хіба мы ведаем, колькі нам адмерана?
— Усё ж такі...
— Ды, урэшце, у яе ёсць і дачка, недзе якраз напалавіну маладзейшая за цябе. Так што не зявай.
— І з дачкою? Ты, я бачу, добры сват. З табою толькі звяжыся.
— А што? Ты ў мяне дагэтуль не бадзяўся б самапасам...
Праз тыдзень у нядзелю Драгун з Жукам сабраліся ў госці да Яніны Акімаўны.
Засапліся, покуль узышлі на пяты паверх, адпачывалі трохі на пляцоўцы. Толькі Драгун хацеў пазваніць, як дзверы з лічбай «32» адчыніліся і выглянула сама Яніна. Няйначай, праз акно яна заўважыла іх.
— Гэта вы? Заходзьце! Калі ласка!
І яна шырока расчыніла дзверы. Сама яна ўжо была апранута па-святочнаму, у светлую крэмавую сукенку.
У кватэры смачна пахла пірагамі, смажанінай і яшчэ нечым. Госці распрануліся, павесілі плашчы, нават разуліся.
— Сядайце, госцікі, я тут яшчэ не ўсё давяла да ладу.— А ўбачыўшы, што на стол яны выставілі дзве пляшкі, кілбасу, цукеркі, пачала крычаць на іх: — Ну, што вы гэтулькі наняслі? Як на каляды! Ці ж так можна?
«Святая прастата,— падумаў Драгун.— Што ты заспявала б, каб мы прыйшлі з пустымі рукамі, няўжо ўзрадавалася б?»
А ёй сказаў:
— Добра, на другі раз улічым.
— Па-мойму, даражэй за ўсё тое, што чалавек прыносіць у душы, а не ў кішэні,— гаварыла Яніна Акімаўна ўжо з кухні.
Драгун раптам спахапіўся.
— Даруйце, але чаму я вас адразу не пазнаёміў? Яніна Акімаўна, хадзіце сюды.
Яна выйшла, першая падала руку — са шчырай усмешкай, пачырванелая, Жук — па-дзелавому, неяк важна-запаволена, як пад прымусам. На твары — ніякіх пачуццяў, толькі смуглявасць яшчэ болей апанавала яго шчокі. Цяпер Драгун здагадаўся, што гэта Жук так чырванее.
— Яніна Акімаўна...
— Іван.
— Хоць бы пацалаваліся на знаёмства! — пажартаваў Драгун.— А то вельмі поснае знаёмства.
— Поснае ці познае? — засмяялася Яніна Акімаўна, ідучы на кухню.
— Хай хоць познае, абы не дарэмнае,— адказаў ёй Драгун.
— Ну, пра гэта яшчэ памаўчым,— гукнула яна адтуль. Драгун усеўся на тахту, а тугадум Жук усё так жа моўчкі аглядаў падлогу, сцены, мэблю, пасопваў у нос, нешта сам сабе думаў.
— Ты чаго маўчыш? — спытаўся ў яго Драгун.
— Ды так...
— Баішся, каб не ўліпнуць?
— Не, мяне не так хутка забратаць, як табе здаецца.
— Я думаю... Старога бугая не вельмі ўломіш.
Драгун праглядаў газеты, а Жуку аддаў «Вокруг света».
— Бачыш, людзі, седзячы дома, падарожнічаюць вакол свету. Вучыся!
Драгун ужо пачынаў лаяць сябе, што ўзяўся за такую далікатную місію. Адразу відаць, што Жук не ў гуморы ад гэтага візіту і не на сёмым небе ад знаёмства. Але, урэшце, што яму трэба? Маладую?
— Яніна Акімаўна, а дзе ваша Жана? — спытаўся гучна Драгун.
— Жана? Недзе ў суседкі, гуляюць.— Яна выйшла з кухні, трымаючы ў адной руцэ нож, у другой — відэлец.— Ведаеце што? Я хачу...— яна замялася.— Хачу паклікаць да нас адну жанчыну, гэтую самую, да якой пайшла мая Жана. У яе дачка, равесніца з маёю, дык іх вадою не разліць. А мы, старэйшыя, таксама дружым, хоць сяды-тады і пасварымся... Дык як, паклікаць яе, ці не? Мо весялей будзе?
— А калі сумней? — Драгун зірнуў на Жука.— Як ты, Іван?
— Што мне? Я тут не камандую.
— Але ж у нас пытаюць...
— Мо гэта ў цябе?
— Калі ў мяне, то я не супроць. Што мне?
— То добра, я паклічу,— сказала Яніна Акімаўна і зноў пайшла на кухню.
Драгун паклаў газету, зайшоў следам за ёю. Гарэла газавая пліта. У жароўні нешта смажылася. На кухонным стале — яечня, пірог, сялянская кілбаса, кіслыя гуркі, памідоры.
— Вазьміце ў памочнікі,— сказаў Драгун.
— Няхай, я зараз і сама...
— Вы не падумайце, што я прыйшоў вас падганяць. Я памагаць!
— Што, жонка прывучыла?
— А што тут такога? Часам і памагаю. Але болей есці, чым гатаваць.
— Ну, вы, мужчыны, заўсёды так. Але нам і гэта прыемна — усё ж весялей у кампаніі.
— Падзел працы... Аднак што гэта за жанчына прыйдзе?
— Гэта спецыяльна для вас... Вы мяне знаёміце, я вас.
— Бачыце, якая вы добрая! А што, калі я напраўду закахаюся ў яе? Што тады?
— Няўжо вы такі хуткі? А жонка, дзеці?
— Ну, у мяне душа... шырокая, месца ўсім хопіць.
Яніна Акімаўна бліснула вачыма на Драгуна.
— Сцеражыцеся, у гэту можна і закахацца!
— Няўжо? Тады я ўцякаю.
— Вы сур’ёзна?
— А што? Мо ад гэтага залежыць мой лёс...
— Не думала я, што вы такі палахлівы...
— Тады застаюся! Я проста пажартаваў.
Яны ўжо сядзелі за сталом, а Драгун усё яшчэ быў пад уражаннем той хвілі, калі зайшла гэтая жанчына, што назвала сябе Шурай. Яго нібы асляпіла маланкай. «Вось гэта кабета,— сказаў ён сабе ў думках.— Вось гэта кабета! Ёсць жа такія на свеце!»
А цяпер яны сядзяць побач, яго калена дакранаецца да яе нагі, калі яна робіць рух, паварочваецца ці бярэ што на стале. Тады Драгун адчувае, што ў ім нешта робіцца, парушаецца звычайнае цячэнне часу, і здаецца, што ўсё прападае — ёсць толькі адна яна, яго суседка. Драгун нават можа абняць яе за талію... Можа ўзяць яе руку... Поўную, прыгожую руку... Шура... Яна і сядзіць роўна, як каралева, нічуць не горбіцца, горда трымае сваю пародзістую галаву з каронай чорных валасоў, сабраных у высокі цюрбан. А грудзі распіраюць ёй кофтачку, спакусліва прыцягваюць зрок сваёй пышнай акругласцю.
Яны сядзяць цяпер побач, Драгун і Шура, на канапе, а з другога боку стала, супроць іх — Жук з Янінай Акімаўнай.
Покуль налівалі, пілі і закусвалі — гаварылі ўсе разам, шумелі, спрачаліся, таргаваліся, а потым неяк само сабой выйшла, што Драгун павярнуўся да свае суседкі, Жук — да свае, стол, як сцяна, раздзяліў іх, і здавалася, што яны тут адны. Ва ўсякім разе, тое, што гаварылі на тым баку стала, да яго не далятала, нібы тыя маўчалі.
У Шуры быў звонкі, раскацісты смех і грудны, прыемнага тэмбру, голас. Драгун ёй сказаў:
— У вас такі прыемны, мілагучны смех. Па-мойму, вы добра спяваеце?
Яна засмяялася, нібы пацвярджаючы праўду Драгуновых слоў, а потым неяк адразу смех абарваўся, і яна стала адразу сумная.
— Што з вамі? — Драгун узяў яе за руку.
— Нічога. Проста так... Вы адгадалі: некалі я добра спявала... Але цяпер гэтым не займаюся.
— Чаму?
— Дала сабе слова.
— Якое-небудзь няшчасце?
— Няшчасце...
— Даруйце, я не ведаў...
— Калі ласка... Адкуль вы маглі ведаць? У мяне быў сын... Семнаццаць год... І памёр... З таго часу я зараклася спяваць... Думала, што звар’яцею... Ажно нічога, вось выгадавала дачку.
— Адны?
Суседка павярнула да яго галаву, сумна сказала:
— Адна... Таму што мой муж памёр хутка пасля вайны, ад ранаў.
Чорт вазьмі! У кожнага свая бяда! Драгуну стала не па сабе. Ён ужо не ведаў, як адвясці гутарку ад такой сумнай тэмы.
Але выручыў Жук. Ён сказаў занадта гучна, нібы тут сядзелі глухія:
— Давайце вып’ем! Хто мае тост?
Драгун перавёў вочы на другі бок стала.
Жук і Яніна Акімаўна былі такія ж, як і гадзіну назад: ён — урачыста-строгі, смуглява-бледны, ні кропелькі не п’яны, яна — вясёлая, ружовая, з белазубай усмешкай, з ненатуральным бляскам у цёмна-сініх вачах... Цікава, пра што яны гаварылі? Няйначай, Жук расказаў ёй пра свой лёс. Вечная тэма! Толькі чаго Яніна такая вясёлая? Проста ненатуральна вясёлая. І не глядзіць на Драгуна... А ўрэшце, што яму? Сват — сабе рад? Смех, дый годзе! А мо сам Драгун паводзіў сябе непрыстойна? Але ж не, здаецца, не лез цалавацца да суседкі, сядзеў, як і трэба ў добрай кампаніі. Мо толькі «еў» яе вачыма? Гэта можа быць. Жонка часам гаварыла яму, вярнуўшыся з гасцей ці з якое кампаніі, што ён не зводзіў пажадлівага погляду з адной кабеты (называла імя ці месца, дзе тая сядзела). Але тое, што бачыць жонка, не заўсёды можа ўбачыць чужое вока.
Драгун устаў, узняўшы угору чарку.
— Давайце вып’ем за першае каханне!
Усе дружна пацягнулі рукі да Драгуновай чаркі, сталі чокацца.
— Які харошы тост,— уздыхнула Яніна Акімаўна.
— Як даўно гэта было...— у тон ёй сказала Шура. Яны зноў, падзеленыя сталом, раздзяліліся: на тым баку гаварылі нешта сваё, на гэтым — сваё.
— А ў мяне,— летуценна сказаў Драгун,— першае каханне таксама звалася Шурай. І гэтае імя да смерці будзе гучаць для мяне райскаю музыкай.— Адчуў, што гаворыць высакапарна, змоўк, пазіраў у стол.
— Хіба галоўнае ў імені? — далікатна спытала Шура.
— Пэўна ж, не,— падумаўшы, адказаў Драгун.— Але добрае імя так прыстае да добрага чалавека, што здаецца, яны і радзіліся разам. А потым, сустрэўшы чалавека, які носіць такое ж імя, міжволі ажываюць тыя пачуцці, якія яно выклікала некалі, даўно...
— А што, ад першага кахання вам засталося толькі імя?
— Як ні сумна, толькі імя... Я быў яшчэ зусім зялёны. Хадзіў у восьмы клас... Адразу пасля вайны. Беднасць страшэнная, галеча... І тут гэтае каханне, як нешта светлае... Як кветка на руінах... Ім я жыў... Скажу шчыра: чыстае, сарамлівае, трывожнае, радаснае пачуццё, калі абняць яе здаецца самым найбольшым шчасцем на зямлі...
— Што ж вам не дало сысціся?
— Хто яго ведае... Відаць, усё тая ж беднасць. Куды я яе прывёў бы? У бацькаву хату, дзе і самім было цесна? Каб гэта на цяперашні розум... А тады... Ды я не выкідаў з галавы школу, хацеў скончыць дзесяць... За гэты час яна паехала дадому...
— Яна была прыезджая?
— Бежанка, як мы тады называлі, з-пад Калугі. Прыязджала тады многа людзей да нас у Заходнюю — са Смаленшчыны, Браншчыны — шукаць работы і хлеба... Пасля вайны ў нас яшчэ не ўсюды былі калгасы, некаторыя багацейшыя бралі сабе парабкоў... Вось і тая... мая Шура служыла ў аднаго... Эх, час быў неўладкаваны! Усё вісела на валаску. Адно развальвалася, другое пускала карэнні, набірала сілу...
— І што, вы так і не ведаеце, што з ёю?
— Няйначай, выйшла замуж, як і ўсе дзяўчаты, на якіх заглядваюцца хлопцы. А тых, якія прыязджалі з Заходняй, бралі нарасхват — яны сёе-тое прывозілі з сабою, заробленае.
— Дык вы каецеся? Прабачце, што я ўсё ў вас распытваю.
— А што тут такога?.. Ці каюся? Цяжка сказаць... Калі б ажаніўся з ёю, лёс мой быў бы зусім іншы... Да таго ж у нас няма традыцыі жаніцца ў васемнаццаць год... Так што я прыняў наша расстанне як волю неба: не суджана, як казалі раней.
— А мо яна вас не кахала?
— Не думаю... Гэта адразу адчуваеш... Ці вы скажаце, што не?
— Пэўна ж, у такім узросце людзі не ўмеюць прыкідвацца — яны шчырыя... Ведаю па сабе... Я выходзіла — мне было семнаццаць. І я кахала свайго мужа, бо ён быў маё першае... ды і апошняе каханне...
— А скажыце, вы верыце ў каханне з першага погляду?
— Не, са мною такога не здаралася.
— Дык, значыць, яго няма?
— Я так не кажу... Але хто не перажыў сам, той не вельмі некаму паверыць.
— А я — веру! Ёсць такое каханне! І я вам... каб болей выпіў... прывёў бы самы свежы прыклад.
Ён апусціў галаву, замоўк. Словы прасіліся ў яго на язык, але ён не даваў сабе волі. Чаму? Мо каб яна не падумала, што ён хлусіць? А мо што на другім баку стала сядзелі людзі? Ва ўсякім разе, нешта перашкаджала выліць яму сваю душу. Ён мог бы вось цяпер сказаць ёй самыя высокія словы кахання, якіх не гаварыў нават той, першай Шуры, нават жонцы. Самыя высокія словы гаварыў бы ён зараз — і не пакрывіў бы душою, бо яны як ніколі адпавядалі таму стану, у якім ён быў цяпер.
— Але ж у вас, здаецца, жонка, дзеці? — лінула Шура халоднай вады на распалены на белае камень яго пачуцця.
— Ну і што? А мо я памыліўся тады? — з імпэтам запярэчыў Драгун.— Іншы раз чалавек знаходзіць сваё шчасце на краі магілы. І ён ідзе за ім!
— А калі гэта не шчасце, а міраж?
— Тады — у вір галавою, так ці іначай!
— Ці не занадта вы смелы?
— Наадварот...— Драгун трохі астыў.— І ў гэтым мо ўся мая бяда...
Шура глянула на гадзіннік і сказала, што пара збірацца дадому. Гаспадыня, Яніна Акімаўна, яшчэ ўпрошвала трохі пасядзець. Шуру нечакана падтрымаў Жук. Ён першы ўстаў з-за стала і падзякаваў.
— Я вас хачу правясці,— сказаў Драгун Шуры.
— Дзякую, дзякую, мне тут блізка.
— Хай сабе і далёка... Я толькі абуюся.
Шура развіталася з гаспадыняй, нешта шапнула ёй на вуха, потым падала руку Івану.
Драгун выйшаў следам за ёю. Яны апусціліся на два ці тры паверхі, і яна стала.
— Вось тут я жыву,— сказала яна і паказала на дзверы.— Дзякую, што правялі.
— Я хачу зайсці да вас.
— Калі ласка.
Яна прапусціла яго наперад, потым у цемнаце пашарыла рукою, запаліла святло ў прыхожай. Яны стаялі побач, ён чуў яе дыханне.
— Шура,— сказаў ён усхвалявана і моцна абняў яе.— Вы цудоўная жанчына.— І стаў шчыра цалаваць яе.— Вы проста не ведаеце, якая вы...
— Якая? — смеючыся, яна далікатна адбівалася ад яго.
— Самая лепшая ў свеце! Самая-самая...
— Па-мойму, вы п’яны... А так вы не гаварылі б абы-чаго...
Драгуна апяклі яе словы.
— Я кажу тое, што адчуваю. Клянуся!.. Скажыце, да вас можна прыходзіць? — Ён не выпускаў яе з абдымкаў.
— Не,— коратка, як нажом, адрэзала яна.— Я занята... У мяне ёсць чалавек... Мы збіраемся сысціся, вось толькі аддам замуж дачку...
Драгун апусціў рукі.
— А я толькі думаў...— прастагнаў ён.
— Ды ў вас жа жонка, дзеці...— паўтарыла яна ранейшае заклінанне.
Драгун маўчаў.
— Ды вы і маладзейшы за мяне...
— Гэта глупства! — вырвалася ў Драгуна.
У замку заскрыгітаў ключ.
— Дачка ідзе,— сказала Шура і адышлася ў пакой. Зайшла дзяўчына, вельмі мала падобная да маткі: высокая, тонкая, светлавалосая. Яе псаваў трохі зашырокі нос.
Яна павіталася і, зашапацеўшы плашчом-балонняй, насцярожана прайшла міма Драгуна.
— Праходзьце сюды,— паклікала Шура і выйшла да Драгуна.— Чаго вы? — яна неяк адразу пасмялела, перамянілася да яго, у голасе ўпершыню за ўвесь час адчулася нейкая прыязнасць.
— Не, дзякую, я пайду. Спакойнай ночы...— Ён яшчэ раз глянуў на Шуру, і сэрца яго зашчымела.
Узняўшыся па лесвіцы на два паверхі, Драгун пазваніў. Дзверы адчыніліся тут жа, нібы яго чакалі.
— Я думала, вы забудзеце плашч,— сказала Яніна Акімаўна.
— А дзе Іван?
— Пабег! Нават кніжку забыўся... Праходзьце далей.
— Гэта ён знарок, каб зайсці другі раз... Ну, як ён вам?
— Ай, мне такія не падабаюцца. Ды і ён на такіх, як я, не хоча глядзець.
— Як у вас усё проста выйшла...
— А ў вас? — у голасе яе чулася цікаўнасць.— Я бачу, што яна ад вас без памяці.
— Наадварот...
— Вы ад яе? — яна звонка зарагатала.
— Я хацеў сказаць, што я для яе — пустое месца.
Са спальні выглянула апранутая ў чырвоны халат Жана, усміхнулася і кіўнула яму галавой.
— Бачыце, толькі прыйшла. Вось якія цяпер дзеткі.
— Перастань,— буркнула дачка і зачыніла дзверы.
Драгун сеў за стол, хоць яго ніхто не запрашаў.
— А я закахаўся,— сказаў сумна.— Што рабіць?
— Няўжо? — Яніна Акімаўна ўспляснула рукамі.— Вы? У гэтую...— І яна дадала абразлівае для жанчыны слова.— Ды яна кожны вечар прыводзіць з парку свежага кавалера... Што вы ў ёй знайшлі?
— А вам не ўсё роўна?
— Пэўна ж не ўсё роўна! Хто з ёю толькі ні круціў! Во, водаправодчык мяняў там нейкія батарэі, ці што, дык хваліўся, што даплачвала натурай... А я тыдзень назад заходзіла, дык яна прымала аднаго. Што вы! Гэта такое балота, што страшна! А вы адразу абедзвюма рукамі... І такі салідны мужчына...
Драгун устаў.
— Хай будзе так...— сказаў ён няпэўна.— Мне не шанцуе... Я пайшоў. Не сярдуйце на мяне.
Ён ішоў дадому і пляваўся.
«Разнюніўся, адразу гатоў на калені стаць... Святую знайшоў... Так яна цябе і чакала... Сорамна, сорамна...» А потым падумаў: «Урэшце, хто іх тут разбярэ? Няўжо зайздрасць? Што за народ гэтыя бабы? Адна адну гатовы з’есці жыўцом».