13
Нехта разумны сказаў, што панядзелак — цяжкі дзень. Чалавек прыходзіць на работу, сядзіць, працуе, але ўвесь недзе дома, нечым заняты: то даканчвае тую работу, што не паспеў учора, мо жыве тым, што было ўчора: ездзіў куды, з некім гаварыў, нечым моцна ўражаны, а мо проста перапіў ці недаспаў, або, яшчэ горай, пасварыўся з жонкай. І цяпер сядзіць надзьмуты, ні да каго не загаворыць, і лепей яго не чапаць сёння, нават калі табе што і пільнае трэба. Тым болей калі што непрыемнае.
Такое раздваенне Драгун не раз адчуў на сабе, калі ездзіў дадому ў вёску. Там, праўда, ён хутка і непрыкметна для сябе станавіўся вясковым чалавекам, а вось калі вяртаўся ў горад, пераход заўсёды пакідаў у душы непрыемны, нават балючы след. Вось ён уязджае ў горад, ён ужо гарадскі чалавек — хоць бы па вопратцы,— ды не, душа яго там, дома, і думкі там, і ўвесь ён тут сам не свой — выпадковы, чужы, непатрэбны. Ён заходзіць у тралейбус, едзе, змяшаўся з натоўпам. Але ён і цяпер чужы, і гэтыя людзі, што навокал, таксама яму чужыя, бо ў іх галовах зусім не тое, што ў яго: яны нічога гэтага не адчуваюць, ім няма ніякага клопату да яго думак, да яго пачуццях і да яго самога. А мо гэта таму, што яны гавораць між сабою на другой мове?
У панядзелак звычайна ў рэдакцыі ўсе маўчаць, заўзята працуюць ці робяць выгляд, што працуюць. Як правіла, і аўтары ў панядзелак амаль не заходзяць, бо чалавек ёсць чалавек — пісьменнік ён ці хто: хварэе аднымі хваробамі, што і ўсе людзі.
Сёння Драгун таксама сядзеў надзьмуты. Учора трохі паспрачаўся з Верай. Фактычна з-за глупства. Драгун спачатку ўзгарэўся, а потым пачаў адступаць, бо падумаў, што і праўда — ён вінаваты. Калі ён халасцякаваў, тады было адно, а цяпер — другое. Паспрачаліся з-за таго, што ён захацеў ісці ў лазню, а ёй нешта не выпадала: ці была якая работа, ці яшчэ якая прычына. Яна сказала, што ў яго цяпер ёсць жонка і што хадзіць яны павінны разам: у лазню, у магазін, у госці. Драгун даказваў, што гэта глупства, бо якая розніца — разам ці асобна? Ды навошта траціць час дваім ісці ў магазін, калі можна аднаму?.. Ёй не выпадае ісці ў лазню, дык ён павінен яе чакаць?.. Проста смешна, дзіцячая фантазія... Вера гаворыць, што яе бацькі заўсёды хадзілі разам: па вялікае і малое, у свята і ў будзень, за патрэбай і на пагулянкі. А Драгуновы бацькі, як ён і памятае, былі ўсе па адным: бацька з канём у раз’ездах, а маці ўсё адна ды адна — на яе плячах трымалася ўся гаспадарка і сям’я. Мо гэта і кепска, бо Драгуновы бацькі жылі не дружна, часта сварыліся, а часам даходзіла нават да бойкі.
Урэшце ён прызнаў, што Вера мае рацыю, мужу і жонцы трэба трымацца адно другога, тады сям’я будзе мацнейшая. «Скончылася мая свабода»,— сказаў Драгун Веры і разрагатаўся. «Ніякага тут смеху няма, і гэта не дробязь, як табе здаецца»,— супакоіла яго Вера. На гэтым яны і скончылі сваю дыскусію.
Цяпер Драгун, седзячы над рукапісам, перабіраў усё ў памяці, і яму іншы раз рабілася не па сабе ад таго, якім павучальным тонам гаварыла з ім Вера і як надакучліва падрабязна тлумачыла яму ўсю шкоднасць яго пазіцыі.
Сакратарка прынесла пошту — газеты і некалькі лістоў.
— Драгун, табе,— сказаў Пракурат, які выходзіў курыць.
— Піша твой аўтар.— І ён чамусьці хітра падміргнуў, нібы гэта быў ліст ад жанчыны, а не ад аўтара. А мо ён намякаў на той ліст — ад Ліды, які таксама не прайшоў непрыкметна для яго. Апошні час Драгун стаў заўважаць, што гэты хударлявы галавасты чалавек са схільнасцямі да алкагалізму мае над ім непрыкметную для другіх уладу. Драгуна чамусьці цягнула да яго.
Ліст быў ад Базылевіча, першую кніжку якога рыхтаваліся выдаваць у гэтым годзе. Драгун адарваў беражок канверта, стаў чытаць. Базылевіч цікавіўся, што з яго кнігай, ці гатова рэцэнзія на яго другую аповесць, якую ён даслаў месяц назад. Гэтую новую аповесць ён хацеў уключыць у сваю кніжку заместа ранейшай, якая ўжо была ўхвалена рэцэнзентам.
«Дзівак,— падумаў Драгун,— навошта здымаць рэч, якая ўжо ўхвалена, і ставіць тое, што яшчэ невядома як сустрэне той жа рэцэнзент».
А ад такога рэцэнзента, як Аўчыннікаў, можна было чакаць усяго. Новая аповесць Базылевіча «Жураўліны клін» чыталася цікава, вызначалася вастрынёй і нязвыклай трактоўкай ваеннай тэмы. Незвычайнай была і кампазіцыя твора: шэсць герояў дзейнічалі там, і кожнаму з шасці адводзілася пароўну месца. І кожны герой выступаў закончаным тыпам, са сваёй біяграфіяй, са сваімі поглядамі, перажываннямі і думкамі і са сваім трагічным канцом.
Пакуль Драгун чытаў і думаў, што адказаць аўтару, у пярэднім пакоі пачуўся моцны голас Аўчыннікава.
«Няйначай, прынёс рэцэнзію,— цюкнула Драгуну.— Ісці ці не ісці? Не. Хіба толькі пакліча Гушчынскі».
Чамусьці Драгун быў упэўнены, што рэцэнзія яго не ўзрадуе.
Аўчыннікаў нешта доўга гаварыў з Гушчынскім, потым пайшоў.
Драгун, нібы нічога не ведаючы, выйшаў у пярэдні пакой, сеў на канапе. Гушчынскі чытаў і, здаецца, ці не тую рэцэнзію. Драгун цярпліва чакаў.
— Зараз дам табе,— буркнуў Гушчынскі і зноў унурыўся ў чытанне. Але перарваў тэлефон. Гушчынскі памалу ўзяў трубку.
Па тоне яго можна было пазнаць, хто на провадзе: дзіця, прыгожая кабета, важны начальнк ці проста які п’яны аўтар без імені або выпадковы чалавек, які памыліўся і трапіў не туды.
— Вітаю, вітаю... Ваш голас — як музыка... Вы цудоўна выглядаеце! Клянуся!.. Клянуся... Заходзьце, рады вас бачыць. У любы час... Ва ўсякім выглядзе!.. Цалую ручку...
А калі другі раз зазваніў тэлефон і ён зняў трубку, яго нельга было пазнаць.
— Шаноўны, нічога не магу парадзіць... Звяртайцеся ў вышэйшыя інстанцыі... У вышэйшыя... Дайце ўрэшце працаваць... Прашу вас... без такіх выразаў... Шаноўны, ідзіце да д’ябла.
Ён бразнуў трубку на апарат. І спакойна, нібы гэта не ён так рэзка гаварыў толькі што, зноў стаў чытаць.
Але яму сёння не шанцавала. Зайшоў галоўны рэдактар і спытаўся, ці гатовы спісы твораў, якія выдаваліся ў перакладзе з кітайскай мовы.
Гушчынскі стукнуў сабе кулаком у лоб.
— Хоць разарвіся. Заўтра дам... Вось чытаю рэцэнзію на Базылевічаву аповесць.
— Потым дасі мне,— сказаў галоўны і сеў на канапу побач з Драгуном, закінуў нагу на нагу, нібы хвалячыся сваімі чэшскімі туфлямі.— Што піша Аўчыннікаў?
— Увогуле хваліць, але робіць сур’ёзныя заўвагі.
— Дапрацоўка?
— Відаць, давядзецца...
Драгун ужо далей не мог змоўчаць. Аповесць проста цудоўная рэч, а тут нешта гавораць пра дапрацоўку.
— Павел Пятровіч, пачытайце аповесць вы самі. Я ўпэўнены, што яна вам спадабаецца...
— Ды ўжо ж, давядзецца чытаць...
Драгун узяў са стала ў Гушчынскага сінюю папку, у якой была аповесць, і падаў Быліне. Той развязаў тасьму, пагартаў рукапіс — і раптоўна грымаса злосці заслала яго твар.
— Чаму вы даяце мне другі экземпляр?
— Аўтар прыслаў нам другі...
— Што, у мяне вочы казённыя, я буду сляпіцца над яго другім экземплярам? — і ён шпурнуў папку на стол.— Адашліце, хай перадрукуе!
— Ён пісаў, што ў яго цяжка з перадрукам. Мы тут перадрукуем за яго кошт,— растлумачыў Драгун.— І час зэканомім.
— Нічога не хачу ведаць. У нас не райсабес, а выдавецтва. Гушчынскі, каб болей так не было: трэба прымаць у двух экземплярах, па інструкцыі.
— Для тых, што жывуць на перыферыі, ёсць агаворка ў інструкцыі, Павел Пятровіч,— памяркоўна сказаў Гушчынскі.— Яны могуць прысылаць і ад рукі.
— Як хочаце. А я другі экземпляр не буду чытаць.— Ён устаў.— І каб заўтра звесткі мне прынёс.
— Абавязкова! — з гатоўнасцю сказаў Гушчынскі.
— Глядзі ж! — нязлосна прыгразіў Быліна і выйшаў.
Гушчынскі вылаяўся, што з ім рэдка здаралася.
— Звар’яцець можна на гэтай рабоце.— І ўзяўся чытаць.
Гэта было ў панядзелак, а канчалі размову толькі ў суботу. Якраз прыехаў Базылевіч, яшчэ малады, хударлявы, з афіцэрскай выпраўкай. Далі пачытаць яму рэцэнзію.
Ён чытаў і моршчыўся, а потым спытаў, чмыхнуўшы некалькі разоў:
— Я хацеў бы ведаць, ці ў рэдакцыі згодны з тым, што піша рэцэнзент?
Драгун глянуў на загадчыка, той — на яго. Яны так яшчэ і не паспелі пагаварыць, што кожны думае пра аповесць, а галоўнае, пра рэцэнзію. Драгун чакаў, што скажа загадчык.
— Пачынай, Драгун,— кіўнуў галавою загадчык на Драгуна.— Гэта ваш будучы рэдактар,— звярнуўся ён да Базылевіча.
— Дзякую,— сказаў сціпла Базылевіч.— Мы ўжо пазнаёміліся.
— Пятрусь Ігнатавіч, а мо вы першы? — чамусьці Драгуну не хацелася задаваць тону: калі перад начальствам каго пачынаеш хваліць, кепска будзе таму, каго хваліш. Гэтага якраз і баяўся Драгун.— Усё ж такі вы загадчык, начальства...
— Начальства любіць падводзіць вынікі,— шматзначна сказаў Гушчынскі і падняў угору ўказальны палец.— Так што давай першы.
Драгун спачатку гаварыў пра зборнік увогуле: што ў ім аркушаў дзесяць добрых апавяданняў і аповесць, якую аўтар цяпер хоча замяніць.
— Лічу, што смелую рэч трэба даваць смеламу рэцэнзенту. Ва ўсёй аповесці менавіта навізна і смеласць. Навізна не тэмы, а падыходу да тэмы, кампазіцыя, будова аповесці, паказ унутранага свету герояў. Цікавяць пуката, асязальна выпісаныя героі, іх біяграфіі, іх вельмі розныя адносіны да жыцця, да падзей, да даручанай справы. Вось гэтага ўсяго і спалохаўся рэцэнзент. Бачыце, што ён піша? «Аказваецца, што ўсе гэтыя героі ў жыцці няўдачнікі, усе натуры «ущербленные»... Заўважце — «ущербленные...» «Свістуноў — сядзеў у турме, Елісееў — мамчын сынок, баязлівец, Файнберг — таксама чалавек эксцэнтрычны, ён так захапіўся мастацтвам старажытнасці, што страціў усякую меру ў ацэнцы цяперашніх падзей». А горай за ўсіх — гэта Ячны. Вось што піша Аўчыннікаў: «Паглыбіўшыся ў псіхалогію Ячнага, гэтага кулацкага вылюдка, аўтар і не заўважыў, як сам апынуўся на пазіцыях шкоднага аб’ектывізму... Аўтар так моцна раскрыў, паказаў разважанні і думкі Ячнага, што пачынаеш верыць у лагічнасць і абгрунтаванасць яго здрадніцкага ўчынку, яго пераходу да немцаў. Нават калі яны застрэлілі Ячнага, падсвядома застаецца ўражанне, што яны паставіліся да яго несправядліва, знішчылі свайго сябра... Аўтар павінен павярнуць справу так, каб чытач не спачуваў Ячнаму, а абураўся яго паводзінамі». «Трэба аздаравіць фон твора»,— піша ён трохі ніжэй. Заўвагі, як бачым, сур’ёзныя... Але рэцэнзент абвінавачвае аўтара ў тым, у чым той зусім невінаваты. Яго ўся віна ў тым, што ён моцна паказаў, пераканаўча паказаў. За гэта мы, па-мойму, павінны хваліць аўтара, а не дакараць і лаяць. І вобраз Ячнага... Не ведаю, чым ён спалохаў рэцэнзента? Не такі ён ужо страшны... Ну, ён не раскайваецца ні ў чым, кідае вінтоўку, ідзе да немцаў. А што? Ён лічыць, што яму няма за што паміраць у гэтай вайне, ён пакрыўджаны. Колькі такіх было...
— Слухай, Драгун, ты зрабіў цэлы даклад, я чуць не задрамаў, хай прабачыць аўтар,— перабіў Драгуна Гушчынскі.— Бліжэй да справы... Я ўвогуле згодны з тваёй канцэпцыяй, але баюся, што Важнік разаб’е яе адным довадам: так не бывае. Чаму такая асуджанасць, такі фаталізм, такая пакутніцкая тога на ўсіх героях, нават на Ячным? Дзе той аптымізм, тая вера, якая памагла нам, нягледзячы ні на якія беды і няшчасці, выстаяць і перамагчы?
— А няўжо той, каго пакідалі на верную гібель, радаваўся і быў шчаслівы, што выбралі менавіта яго, а не другога? — спытаўся Драгун.
— Дарагі мой, скажы гэта каму іншаму, а не мне ці аўтару. Справа ў тым, як мы прывыклі ўсё бачыць і ўсё паказваць.
— Любімае выслоўе Важніка, наколькі я ведаю: так, у жыцці можа быць яшчэ і не тое, але навошта ўсё гэта цягнуць у літаратуру? Тады ўзнікае пытанне: а што такое літаратура? Ілюстрацыя да жыцця ці адлюстраванне самога жыцця?
Тут пачалася спрэчка.
Гушчынскі. Усе мы гэта разумеем. Толькі нельга адразу прабіць ілбом сцяну.
Драгун. Выходзіць, уся бяда ў тым, што аўтар паказаў вайну ў нязвыклым ракурсе?
Базылевіч. Я хацеў паказаць, як людзі па-рознаму падыходзяць да адной і той жа з’явы. Нас прывучалі думаць і ўспрымаць усе з’явы аднолькава. Аднак гэта не так проста. Кожны чалавек жыве, думае, успрымае і ацэньвае ўсё па-свойму. З чалавека вельмі цяжка зрабіць аўтамат ці манекен. І вось гэта я хацеў паказаць. Якім трэба быць чулым, мудрым і пранікнёным, каб правільна накіроўваць масу, у якой кожны чалавек — асоба, а не баран.
Драгун. А калі падысці да гэтай масы з аднаю меркай, можна наламаць дроў.
Гушчынскі. І ламалі, колькі ўлезе...
Драгун. Мяне ўвесь час мучыць пытанне, і ніхто мне не даў на яго талковага адказу: чаму нам, каб даць немцу па зубах, трэба было страціць фактычна ўсю кадравую армію, тэхніку, аддаць пад акупацыю каля васьмідзесяці мільёнаў насельніцтва, каля шасці рэспублік, велізарныя базы сыравіны, прамысловыя цэнтры? Няўжо мы, страціўшы ўсё гэта, сталі мацнейшыя? Хоць і цяжка паверыць, а выходзіць, што сталі, бо толькі ў сорак другім немец адчуў нашу сілу.
Гушчынскі. Гэта не адносіцца да тэмы нашай гутаркі.
Базылевіч. На гэта пытанне адкажа час.
Гушчынскі. Бліжэй да справы... Мяне турбуе Ячны. Вы паказалі яго ворагам — беспаваротна.
Базылевіч. А хіба гэта супярэчыць праўдзе?
Гушчынскі. Не. Але гэта кідае цень на іншых сумленных людзей, якія, нягледзячы на ўсе крыўды, засталіся сумленнымі савецкімі людзьмі — і не здрадзілі, не пайшлі ў паліцыю.
Драгун. А ўласаўцы?
Гушчынскі. Гэта не з той оперы. Гэта ахвяры абставін.
Драгун. Чалавек — ахвяра абставін, хоць у нас яго прывыклі лічыць кавалём свайго лёсу. Ячны — таксама ахвяра лёсу, абставін. Ён быў адвержаны — так ці інакш. Яму ніхто не давяраў, як кулацкаму сыну. Ён затаіў злосць. Гэтая злосць магла б з ім памерці і не выйсці наверх, каб не абставіны. Ён ведае, што ўсе яны памруць — ушасцярых немцаў не стрымаеш. І ён падумаў: завошта я буду паміраць? Ён кідае вінтоўку і ідзе здавацца немцам. А тое, што яны яго забілі, у гэтым відна аўтарская пазіцыя. За здраду — ганебная смерць і пагарда нават ад ворага... Дык чаго мы баімся за аўтара, за яго пазіцыю? Пазіцыя яго правільная. Елісееў фактычна таксама здрадзіў, хоць стаў уцякаць не ў той бок, куды Ячны. Ён зросся з думкай, што ён савецкі чалавек, але не хацеў прымірыцца з тым, што якраз ён павінен памерці за гэты лад, які яго ўзгадаваў і вывеў у людзі. Чаму менавіта яго выбраў лёс? Ды не лёс, а нейкі там камбат, старшына Карпухін. Дарэчы, хто мне хоць у нейкай меры нагадаў схему, дык гэта старшына. Надта ён просталінейны, без усякіх сумненняў і думак гатоў злажыць галаву. Паміраць не так проста любому.
Базылевіч. Я згодзен з вамі. Карпухін болей схематычны, чым хто іншы. А што датычыць Ячнага, то якраз тое, што ён у безвыходным становішчы, штурхае яго на здраду. Пры іншых, болей спрыяльных абставінах, ён мог бы ніколі не быць здраднікам, а нават знешне лаяльным да ўлады чалавекам.
Гушчынскі. Выходзіць, мы не ведаем, што ў нас сядзіць?
Базылевіч. Чаму не? Не ведаем толькі, што з яго выйдзе.
Гушчынскі. Мне не падабаецца зададзенасць. Калі ён сын былога кулака, значыць, здраднік. Калі пакрыўджаны Савецкай уладай — значыць, патэнцыяльны здраднік.
Драгун. Але ж Свістуноў таксама ў пэўнай меры пакрыўджаны, аднак паводзіць сябе як герой.
Гушчынскі. Свістуноў заслужана пакараны.
Драгун. Гэта аб’ектыўна. А сам ён мог палічыць сябе толькі пакрыўджаным.
Базылевіч. Тут трэба зыходзіць з характару. Відаць, Свістуноў паводзіў бы сябе на месцы Ячнага зусім па-іншаму. Але тут мае значэнне выхаванне, асяроддзе і ўвогуле біяграфія чалавека. Нездарма я па меры сваіх сіл хацеў больш падрабязна паказаць біяграфію кожнага героя.
Драгун. У вас тут таксама некаторая зададзенасць... ці свая філасофія: корань усіх учынкаў, добрых і благіх, крыецца ў тым, які жыццёвы багаж у чалавека за плячыма. Сава не прывядзе сокала — гэта даволі пераканаўча.
Гушчынскі. Я зноў за сваё: якраз гэтая зададзенасць мне не падабаецца. Як у Заля — спадчыннасць, зачараванае кола, з якога не вырвацца.
Базылевіч. Якраз не. Учынкі чалавека не зададзены, не запраграмаваны, калі гаварыць моваю кібернетыкі. Яны лагічна вынікаюць з характару чалавека, з таго, як ён рос, жыў, як выхоўваўся. Учынак чалавека ў даным выпадку — не якая-небудзь нечаканасць, а лагічны крок. Свістуноў шчыры, ён увесь як на далоні, ён нічога ад нікога не хавае, і калі ён робіць так, а не так — яго разумееш — інакш ён не мог зрабіць. А Ячны — зусім іншы характар.
Гушчынскі. Здрада ў яго ў крыві — ці не так?
Базылевіч. Не. Але пры пэўнай сітуацыі здрада магчыма.
Драгун. Менавіта. Мы пачынаем паўтарацца... Чаму вас, Пятрусь Ігнатавіч, хвалюе, як я бачу, якраз гэтае пытанне?
Гушчынскі. Ды таму, што я сам... я сам не здрадзіў, а пайшоў у партызаны. Хоць, як пачалася вайна, мяне не ўзялі ў армію як сына рэпрэсіраваных бацькоў. Мог я пакрыўдзіцца на ўладу за гэта?
Базылевіч. У вас была закладзена здаровая аснова. Моцны хрыбет. Слабы такіх нагрузак не вытрымлівае, ломіцца.
Гушчынскі. Вы, я бачу, майстар падводзіць базу.
Яны спрачаліся яшчэ з паўгадзіны. Драгун заўважыў, што Гушчынскі паволі схіляецца на бок Базылевіча. Гэта ўжо адно, а яшчэ тое, што Гушчынскі — сын рэпрэсіраваных бацькоў, адразу ўзняло яго ў Драгуновых вачах.
Нарэшце вырашылі: аповесць выдаваць так, як напісана, насуперак думцы рэцэнзента.
Якраз канчаўся рабочы дзень, усе разыходзіліся. Апрануты ў светлы макінтош, у капелюшы, зайшоў у рэдакцыю галоўны. Іншы раз ён заходзіў па Гушчынскага, яны жылі па-суседству.
Гушчынскі неяк афіцыйна сказаў галоўнаму:
— Пазнаёмся, Павел Пятровіч, гэта аўтар «Жураўлінага кліна» Базылевіч.
Быліна не выказаў ніякіх пачуццяў, холадна кіўнуў галавою і нават не падаў рукі. А Базылевіч устаў і зрабіў паклон галавою.
...Потым, праз некалькі год, калі Базылевіч стаў нечакана для многіх адным з лепшых празаікаў, той жа Быліна кланяўся яму і з кітайскай усмешкай паціскаў руку.