50
Раптоўна Драгунам пазванілі з сада, каб забіралі Вальку. Яны спалохаліся: што там такое? Дагэтуль дзеці яшчэ былі на дачы. Вера без памяці пабегла ў сад. Аказваецца, было чаго палохацца.
Сад ужо збіраўся днямі пераязджаць у горад, як здарылася няшчасце: у стары закінуты калодзеж упала чацвёра дзяцей, і ўсе ўтанулі. Некаму стукнула ў галаву знясці зруб, амаль роўна з зямлёю, яго абвязвалі палаткай, каб часам не ўступіла дзіця. І вось некалькі дзяцей аблюбавала сабе месца на гэтай палатцы: сядзелі, як птушаняты ў гняздзе над бяздоннем, грэліся на сонцы. І калі ў гэтае гняздо села чацвёртае дзіця, палатка развязалася, і дзеці паляцелі ў ваду. Быў сярод тых дзяцей і хлопчык выхавацелькі, якая даглядала ўсю групу малых. Дазнаўшыся пра няшчасце, жанчына пайшла ў лес і павесілася...
Вера некалькі дзён хадзіла як аглушаная. Яна і дагэтуль была нейкая як бы сама не свая. У той час як Драгун адпачываў душою, заўзята працаваў, сяды-тады хадзіў па рэдакцыях — даведацца, у які нумар даюць яго апавяданне ці распытаць пра работу — і не вельмі думаў пра ўсякія там дробязі, якіх заўсёды многа і ад якіх ніколі не ўцячэш,— Вера з кожным днём усё хмурнела.
Неяк Драгун пасля бібліятэкі зайшоў яшчэ ў кіно ў Доме афіцэраў і вярнуўся дадому позна.
Вера, аднак, яшчэ не спала. Яна ляжала з кнігай у руках. Як толькі Драгун зайшоў у спальню, яна паклала кнігу на тумбачку, павярнулася да сцяны.
Драгун патушыў лямпу і лёг. Вера пасунулася да самай сцяны. Драгун абняў жонку, прытуліў яе да сябе.
— Адстань,— сыкнула Вера і страпянулася, скідаючы яго руку.— Я хачу спаць.
— Чаму ж ты дагэтуль не спала?
— Хацела ведаць, калі ты прыйдзеш.
— Ах, як гэта важна! Я заходзіў у кіно...
Вера заплакала.
— Чаго ты? Не верыш, ці што?
— Ты яшчэ пытаешся? Як табе не сорамна?
— Чаго мне павінна быць сорамна?
— Гэта праўда!.. Ты даўно страціў сумленне, адкуль табе можа быць сорамна?
— Што ты вярзеш?
— Думаеш, я сляпая, нічога не бачу, нічога не ведаю?
— А што ты ведаеш?
— Не прыкідвайся ягняткам... Болей я маўчаць не буду, цярпенне маё скончылася.
— Цікава, цікава! — Драгун аж прыўстаў на локаць, глядзеў на Верын твар, які цьмяна вырысоўваўся на падушцы.
— Дзе ты быў, скажы шчыра?
— У кіно, кажу шчыра.
— А не ў любоўніцы? Колькі іх у цябе, прызнавайся!
— Што? — Драгун не верыў сваім вушам.
— Хто такая Марына?
— Марына? — глуха спытаўся Драгун. Раптоўная хваля сораму заліла яго твар, і ён адчуў, што шчокі гараць агнём.— Ты знайшла пісьмо?
— Пісьмо у тваім пінжаку...
— Лазіш па кішэнях? — Драгун хапаўся за саломінку.
— Некультурна, праўда? А заводзіць любоўніц культурна?
— Яна ніякая не любоўніца... Проста знаёмая.
— А што значаць гэтыя словы: «Хіба ты ўжо забыў усё?» Прызнавайся, даўно ты туды ходзіш?
— Я туды не хаджу...
— Дапусцім. А колькі хадзіў?
— Быў тры разы.
— Я не веру табе!
— Нават два.. Нават адзін...
— Ты з ёю спаў? Прызнавайся!
— Як табе сказаць? У нас нічога не выйшла...
— Брэшаш! Я не веру ні аднаму твайму слову.
— Я не сабака брахаць! Не вер — табе будзе горай!
— Горай, чым цяпер, мне не будзе! Ты давёў мяне да шаленства. Я болей не магу так! Не магу!
— Не крычы! Разбудзіш дзяцей... Як я цябе давёў?
— Як? Так, як ты адзін толькі ўмееш. Ты бессардэчны, бяздушны, ты подлы, разбэшчаны чалавек.
— Што? — Драгун сеў на ложку.— Як ты сказала?
— Што, няпраўду сказала? Дакажы, што ты чэсны! Хто табе паверыць? Хто? Гэта я табе верыла, адна, бо была дурная... Мне ўсе гаварылі, што бачылі цябе то там, то там, то з адной, то з другою, а я ўсё прапускала міма вушэй. Я верыла ў тваё сумленне, верыла ў цябе, як у чалавека, свайго мужа, нарэшце, пісьменніка... А ён вось які аказаўся! Самы звычайны, самы ардынарны падлюга, здраднік! Ён растаптаў усе маральныя прынцыпы і нормы, маю веру, надзею — усё!
— Замаўчы! — Драгун перайшоў на злавесны шэпт.— Я не хачу цябе слухаць! — І ён устаў з ложка, выйшаў у другі пакой і лёг на канапу.
Пісьмо! Марына! Стары дурань! Пакінуў у кішэні пісьмо! Забыўся пра тое — ад Ліды Чалевіч! Ніколі не трэба забываць... Але ж Марына! Што ёй трэба ад яго? Даведалася, пэўна, што ён пісьменнік, пабаялася прамахнуцца? Палічыла, што ён перспектыўны? Дзівачка ты, Марына!
Са спальні выйшла Вера, падышла да яго.
— Што табе трэба? — непрыязна спытаўся Драгун.
— Пагаварыць нам трэба.— Вера ўжо здавалася спакойнай.— Не крычы... Пасунься.
Яны ляглі разам. Вера абняла яго за шыю.
— Раскажы мне ўсё... Раскажы па парадку. Мо я табе яшчэ дарую... Толькі шчыра, усю праўду!
— Няма чаго мне расказваць...
— Раскажы, як ты пазнаёміўся з гэтай Марынай, чаго туды хадзіў... Я не супакоюся, покуль ты не скажаш, як усё было.
Драгун паспрабаваў скінуць з шыі яе руку, але яна трымалася моцна.
— Няма чым дыхаць...
— Дыхай... І расказвай. Я чакаю.
— Я хачу спаць.
— Чаму ж ты не лёг у дзесяць? Чаму прыцягнуўся пасля паўночы? Дзе ты быў? У Марыны? Наладжваеш перарваную сувязь? Ці знайшоў другую, лепшую, цяплейшую? Кажы!
— Чаго ты ад мяне хочаш?
— Я хачу ведаць, магу я табе дараваць ці не? Хачу, каб ты расказаў праўду...
— Ого, дык ты многа ведаеш.— Гэта ўразіла Драгуна: як ён ні намагаўся быць спакойным, нічога не выходзіла.— А яшчэ куды я хадзіў?
— Ты сам усё раскажаш. А не раскажаш — давядзецца мне.
Драгун уздыхнуў, памаўчаў, а потым пачаў:
— Дык ты хочаш ведаць усю праўду?.. Праўда гэтая для цябе непрыемная. Таму я і не хацеў гаварыць яе раней часу... Я... хачу вас кінуць...
— Як гэта кінуць?
— Проста: кінуць, і ўсё...
— І пайсці да Марыны?
— І пайсці ў свет.
— Чаму ж ты так вырашыў?
— Расчараваўся ў сям’і...
— Вось як! А ты думаў, што сям’я — гэта адна асалода?
— Не ў гэтым соль... Я лічу, што ты з году ў год разбурала нашу сям’ю... сваімі сваркамі.
— Я разбурала? У цябе паварочваецца язык так гаварыць?
— Пэўна ж, ты толькі мацавала! Ты думала, што ўсе тыя кампаніі, якія ты правяла супраць мяне, пачынаючы ад Лідзінага пісьма і канчаючы сённяшняй размовай,— мацуюць нашу сям’ю? Я хацеў і хачу спакою! Спакою!
— Дык ты ўцякаў да Марыны шукаць спакою?
— А што ты думаеш? Толькі не спакою, а прытулку...
— Ты не прыкідвайся няшчасным! Ты з першага дня, як мы і пазнаёміліся, прыкідваўся казанскай сіратой. І гэтым ты мяне ўзяў. Каб я ведала, што ты такі двухлікі, што ў цябе ў душы адно, а на языку другое — ніколі не падышла б да цябе нават і блізка.
— А ты ведаеш, што я ўзяў цябе замуж толькі таму, што пашкадаваў цябе?
— І цяпер рашыў паправіць памылку?
— Не памылку... Проста лічу, што нам нельга жыць разам... Як бы я ні стараўся, табе ўсё роўна не дагодзіш. Заўсёды я кепскі. Мае родныя — таксама табе кепскія. Урэшце, ты мне не верыш. Цяпер я разумею тваю халоднасць. Ты ўвесь час падазравала, што ў мяне поўна любоўніц...
— А што, няпраўда? І падазравала. І пакутавала. Яшчэ на той кватэры мне Плоткіна казала, што як я паехала з дзіцем дадому, то ты кожную ноч прыходзіў у дзве гадзіны.
— Плоткіна казала! Свайму ворагу ты верыш! Пляваў я на тое, што табе Плоткіна казала! А мне ты не верыла! Вось чаму табе было кепска, вось чаму і мне было не салодка!.. Чаго ж ты маўчала гэтулькі год, калі ты падазравала мяне?
— А нашто перашкаджаць? Нацешся, рабі так, як табе падабаецца! А рана ці позна ўсё выйдзе наверх. Вось і выйшла... А цяпер ты ўжо хочаш звярнуць на мяне! Не, дарагі мой, ты сам заварыў усю гэтую кашу і цяпер бачыш, што далей няма куды... Яны цябе зусім абселі, цяпер ужо не вырабішся... Вось і хочаш уцячы ад сям’і... Уцякай, ідзі да маладой, прыгожай, яна нічога не будзе з цябе патрабаваць, будзе толькі маліцца на цябе... Там ты аджывеш, там цябе ацэняць, ты будзеш мець спакой, поўную волю, ласку, якой ты тут, бедны, ніколі не бачыў... Ідзі, я не трымаю цябе... Мне толькі крыўдна, што я ўсю сябе аддавала гэтай сям’і, днём і ноччу думала, дрыжала за яе, мацавала яе, як магла, і тут раптам бачу, што дарэмна. Я мацавала, а ты капаў пад намі яму.— Вера зноў заплакала.
Драгун яе не супакойваў. Але плакала яна нядоўга, а слёзы яе былі скупыя, як у мужчыны.
— Цяпер ты звальваеш на мяне... Шукаеш, за што можна ўчапіцца... А ты ўжо забыўся, як я табе казала не раз: пабудзь дома, не хадзі ты кожны дзень у сваю бібліятэку ці куды, пагуляй з дзецьмі, выйдзі з жонкаю на вуліцу, ці ў кіно, ці куды ў госці... Ці слухаў ты мяне? Хадзіў, не глядзеў ні дня ні ночы — і дахадзіўся! Не вярні на мяне! Ты разбурыў сям’ю, ты давёў мяне да таго, што мяне ўжо людзі не пазнаюць... Пытаюць, што са мною робіцца... А другія супакойваюць: нічога, не ў адных вас так бывае, цяпер гэта не рэдкасць. Пацярпі, хай пакруціцца трохі, мо стане разумнейшы... А ён круціўся датуль, покуль не скруціўся... Зусім разбэсціўся, плюнуў на ўсё: на чалавечы гонар, на сям’ю...
Яна так растраўляла сябе, развярэджвала душу, што не магла стрымацца ні на хвіліну: словы, як вогненная лава, вывяргаліся з яе вуснаў, гарачым каменем падалі на набалелае Драгунова сэрца, то апякаючы, то, як халодны град, халадзілі і кідалі ў дрыготку, то прымушалі скрыгітаць зубамі і сціскаць кулакі.
Нарэшце Драгун не вытрымаў: у яго ўжо трашчала галава.
— Калі ты скончыш сваю малітву? Дакуль можна гаварыць? І што гэта дасць?
— Не хочаш гаварыць ты, буду я... Ды, урэшце, ты павінен выслухаць усё тое, што я табе павінна была сказаць даўно. Табе ж не было калі нават пагаварыць з жонкаю... Ты ўсё спяшаўся да сваіх б...
— Замаўчы, а то я заткну табе рот,— прыгразіў ён груба.
— Не замаўчу! Слухай! Хай усе людзі пачуюць, які ў мяне харошы муж! Як ён апаганіў сябе, абгадзіў сваю жонку, яе душу, яе чэсць, як наздзекаваўся з яе, выставіў на пасмешышча перад усім народам! Клянуся — ніколі табе гэтага не дарую!..
— Ідзі адгэтуль! — ён штурхнуў яе з канапы.
— Куды ты мяне гоніш? — яна села на край.— Гэта я цябе зараз вытуру з хаты, каб твайго і духу тут не было.
— Не выводзь мяне з цярпення! — закрычаў Драгун.— Дай мне заснуць.
— Ах, табе хочацца спаць? Прабач, дарагі, я і забыла, што ты любіш спакой, цішыню... Даруй мне, грубай, нявыхаванай, цёмнай!.. Ах ты! Спі! Хай ты не прачніся!
Яна плюнула і пайшла на кухню курыць. І ўсё нешта доўга гаварыла сама сабе, нешта бурчала пад нос, потым падалася ў спальню.
А Драгун таксама доўга варочаўся на канапе і не мог заснуць.