43
Падбіў жа Веру нейкі д’ябал сказаць вечарам Драгуну:
— Сёння другога. Ці выпісаў ты за кватэру і за тэлефон?
Драгуну нібы стукнулі абухам па галаве: стала млосна. Сёння другога... Роўна месяц... У дзевяць гадзін, чорт вазьмі! А ён зусім забыўся. Ці не фатальнае што ў гэтым? Прыпомніўся яму нядаўні сон. Здаецца, недзе, як бы на тым праспекце, да яго падыходзіць жанчына і моцна бярэ за руку. Здаецца нават, што ён трохі ведае яе — разам калісьці хадзілі ў сталовую, калі ён яшчэ быў нежанаты. Рослая, дужая, з прыгожымі густымі валасамі пшанічнага колеру, яна адразу чаруе яго, Драгун фізічна адчувае над сабою яе ўладу. Яна бярэ яго за руку і некуды вядзе. Драгун са смехам і жартамі аднекваецца, кажа, што ён жанаты, у яго дзеці, але ідзе за ёю, адчуваючы на сваёй руцэ вышэй локця яе моцную хватку...
Драгун выходзіць са стану здранцвення.
— Выпішу заўтра,— кажа ён жонцы.— Сёння мне трэба схадзіць да аднаго чалавека, дастаць фатаграфіі да рукапісу. Добра, што ты напомніла.
— Я?.. Ды ўжо ж позна.— Вера падазрона глянула на яго. Сядзеў чалавек спакойна, глядзеў тэлевізар, а тут раптам усхадзіўся.
— Нічога, я ненадоўга.
— І я з табою,— прапішчала Аленка.
— Яшчэ цябе там не хапала! Сядзі з мамай!
Малое пачало плакаць.
— Не плач, то куплю цукерак.
— Якіх?
— Ну, тваіх любімых, ірысак.
— Добра, не буду плакаць... Толькі скора.
Драгун зачыніў за сабой дзверы і з палёгкай уздыхнуў. Ужо цямнела на дварэ, стаяла тая пара позняга лета, калі днём яшчэ цёпла, а ночы робяцца штораз даўжэйшыя і халаднейшыя. Да прыпынку хоць і было не так далёка, але часу заставалася лічаныя хвіліны, і ён ішоў хутка, а там, дзе дарогу перасякалі ўсякія перашкоды — канавы і насыпы, што нарабілі газаправодчыкі, ён пускаўся подбегам. Спачатку ў пінжаку было нават холадна, а цяпер ён разагрэўся. «Цьфу, стары дурань, куды ляціш? Мо ў вір галавою...» І ён пайшоў павольней. На прыпынку людзей не было. Пад’язджаў тралейбус, людзі выходзілі і ішлі да сваіх дамоў, прастуючы, каб скараціць дарогу. Драгун стаяў, перабіраючы вачыма жанчын. Ён ужо нават забыўся, як яна выглядала, тая Марына, а калі яна будзе апранута па-іншаму, тады і зусім мала надзеі на тое, што ён яе пазнае. Здаецца, яна... Не, тая вышэйшая ростам, валасы чорныя, а ў гэтай трохі рыжаватыя, фарбаваныя. Прайшла, нават не зірнула на Драгуна, павярнула да магазіна. Вось... Драгуна нібы хто штурхануў.. Марына! У скандынаўскім, тоўстым, з узорамі чырвона-белага колеру, шэрым світры, з накручанымі валасамі, і адна вялікая пасма звісае на лоб. Востры прыгожы носік, поўныя пафарбаваныя на чырвонае вусны, праз плячо, як аўтамат, перакінута чорная сумачка з пакарабачанага палімеру. Марына няпэўным крокам падыходзіць да Драгуна.
— Ды гэта... ці мне здаецца? — пытае нясмела і ўсміхаецца.
— Я... Але вас я адразу не пазнаў.— Ён падаў ёй руку. Яна моцна адказала на поціск.
Яны, не згаворваючыся, пайшлі да аркі батанічнага саду, выйшлі на дарожку між ліповых прысадаў.
— Па-мойму, вы смелая жанчына,— сказаў Драгун, як толькі яны прамінулі арку і пад нагамі заместа гулкага бетону зашастаў пясок.
— Чаму? Што прыйшла?
— І што не забылася... Цэлы месяц...
— А вы ж таксама...
Драгуну было няёмка прызнацца, што ён забыўся, і каб не жонка, то яго тут яна не ўбачыла б, і таму сказаў другое:
— Ну, мужчынам нягожа падводзіць слабую палову чалавечага роду.
— Вы лічыце нас усё-такі слабымі?
— Гэта яшчэ нічога не значыць. Гэтыя слабыя робяць з нас, моцных, што хочуць. Нават уюць вяроўкі.
Марына звонка зарагатала.
— Вы гэта на сабе адчулі?
— На сабе і на другіх... Але ўсё ж такі, што вы рабілі цэлы месяц? Рашалі: прыйсці ці не?
Усмешка ўмомант зляцела з яе твару.
— У мяне было многа клопатаў. Скажу вам адкрыта... Год назад я развялася з мужам. А гэты месяц мы разменьвалі кватэру. Толькі тыдзень назад я атрымала асобны пакой... Проста сіл не было... Пасля ўсіх гэтых судоў-перасудаў... Вы не ўяўляеце, як гэта цяжка! О, я на гадоў дзесяць меней пражыву на свеце пасля ўсяго гэтага пекла, у якім я пабыла. Цяпер адпачываю душою і целам... Вось сёння ледзь не праспала. Добра, што паставіла будзільнік...
— Днём будзільнік? Здорава!
— А што? Прыйдзеш іншы раз з начнога дзяжурства, стомленая, разбітая. Можна праспаць невядома колькі... А хочацца ж нешта зрабіць... Вось і паставіш будзільнік. І тады спіш спакойна...
— А дзе вы працуеце?
— У бальніцы... Я медшколу канчала. Ужо хутка дзесяць год, як працую. А вы?
— Я журналіст... Але няўдалы...
— Чаму няўдалы?
— Не ўмею пісаць. Увесь час лаюць. Трэба перакваліфікавацца ў якога токара ці грузчыка.
— Не кажыце, журналісты — народ вясёлы, дасціпны, пранырлівы. І сваю працу яны любяць, я так думаю, не менш за нас, медыкаў.
— Як хто... Некаторыя яе праклінаюць.
— А мне здаецца, што журналісту цікава... Ён усюды ездзіць, ва ўсё ўнікае, усё ведае. Праўду я кажу?
— Праўду... Але гэта збоку так здаецца. Ён-то ўсюды ездзіць, усюды свой нос садзіць, усё ведае, а як напіша — няма чаго чытаць. Нецікава, бяззуба. У гэтым яго бяда...
— Ды яны, я чула, добра зарабляюць, ездзяць на сваіх машынах,— не слухала яго Марына.— У вас часам няма?
Драгун весела зарагатаў.
— Пакуль што бог крыў...
— Люблю машыны... Мая мара! — летуценна сказала Марына.
— Што ж, ад мары да рэчаіснасці цяпер адзін крок,— супакоіў яе Драгун.— Аднак мяне цікавіць больш не тое, што будзе, а тое, што ёсць... Напрыклад, ці рабілі вы ўжо ўлазіны?
— А, вось што вас цікавіць! — Марына неяк адразу патухла, цікавасць да гутаркі ў яе прапала.— Калі не рабіла, то што?
— Самі разумееце...
— Напрошваецеся? А з кім вы прыйдзеце?
— Як з кім? Адзін!
Марына замоўкла. Яны ішлі, разглядаючы неба, прысады, рэдкія пары. І Драгуна ўвесь час непакоіла адно: а што, калі хто знаёмы ўбачыць яго з гэтай жанчынай?
Марына раптам стала, павярнулася тварам да Драгуна:
— Слухайце... Мо я і памыляюся... Не ведаю... Але як толькі я ўбачыла вас, мне адразу захацелася пазнаёміцца з вамі.
Драгун не чакаў такога крутога павароту і хацеў звясці на жарт.
— І селі ля мяне?
— Мне тады здалося, што, каб вы нават не глянулі на мяне, я падышла б да вас, зачапіла б... Нешта я ўбачыла ў вас такое, што мне даўно хацелася бачыць, а яго не было... Відаць, гэта не часта і не з кожным бывае, але я адчула на сабе, як чалавеку часам бывае цяжка...
— Аднаму?
— Не, не аднаму... Менавіта без таго, да каго ён горнецца душою...
— Гм... Да вас я таксама адчуў сімпатыю... І першы раз у жыцці рашыўся пайсці ад жонкі на спатканне...— Драгун правёў далонню па ілбе, выцер пот.— Гэта нядобры знак!
— Можа быць... Але мне хацелася б, каб вы былі маім госцем... А вам хочацца?
— Хоць сёння...
— Сёння позна. Лепей другім разам...
— Яшчэ на месяц адкладзём?
— Не сярдуйце. Цяпер можна і на менш.— Яна засмяялася, і ў гэтым смеху Драгуну пачулася нешта трохі нядобрае, як бы аголена-цынічнае. Але непрыязнасць толькі варухнулася ў яго сэрцы, Марына зноў стала па-ранейшаму прывабнай, зноў цягнула да сябе і клікала ў нязведанае.
Яны развіталіся на прыпынку. Яна ўскочыла ў тралейбус, ужо адтуль памахала яму рукою. Яе ярка расквечаны світар яшчэ доўга відзён быў у тралейбусе.
Потым стала ціха і адзінока. Драгун стаяў на прыпынку, тупа пазіраў у здратаваную нагамі зямлю, усыпаную папяроснымі мунштукамі, а думкі яго былі далёка-далёка адгэтуль. Павольна, як бы баючыся парушыць іх спакойную плынь, ён пакрочыў па вуліцы, выбіраючы ціхія і цёмныя мясціны, каб больш пабыць аднаму. Тое, што з ім рабілася цяпер — гэта выпадковасць ці непазбежнасць? Выпадковасць... Можа, і так... Але ж і раней, жывучы ў горадзе, траплялася яму многа такіх выпадкаў, калі можна было лёгка пазнаёміцца з жанчынай, пайсці на павадку ў свае цікаўнасці. Ды не... Ён мог толькі ўсміхнуцца сам сабе з такога выпадку або адказаць грубасцю на спробу завязаць з ім нейкія кантакты. А цяпер яго цягнула як у вір. І чамусьці ён не супраціўляецца, а спакойна, пакорліва паддаецца плыні абставін і нават яшчэ памагае сам... Галава гуза шукае... Ну, а калі шукае, то і знойдзе.
Перад самым сваім домам успомніў, што не купіў цукерак. Трэба было ісці да бліжэйшага магазіна... Яму не пашанцавала: магазін ужо быў закрыты, выпускалі толькі адтуль. Ён вылаяўся і пайшоў назад... А з галавы не выходзіла думка: хай будзе, што будзе. У ім загаварыла яшчэ простая мужчынская цікаўнасць. Быў і далёкі прыцэл, пра што Драгун нават самому сабе баяўся прызнацца. У яго свядомасці жыў як бы закінуты, моцна адгароджаны ад усяго свету закутак, у якім быў куфэрак, а ў тым куфэрку яйка, а ў тым яйку — іголка... і гэтак далей, як у таго Кашчэя смерць. Там ляжаў яго сакрэт, да якога яшчэ нікому не было доступу.
Ён падыходзіў да дому, і думкі самі сабой вярталіся да сям’і. Дзеці напэўна ўжо ўклаліся спаць, па матчынай звычцы перад сном чыталі — і старэйшая, і малая, якая яшчэ і кніжку не ўмела трымаць як след, але разглядала малюнкі і моўчкі «чытала», перагортваючы старонку за старонкай не адразу, а з інтэрваламі, нібы яна і папраўдзе перачытвала іх.
Толькі Драгун бразнуў дзвярыма, як яна ўжо кінулася са спальні да яго:
— Купіў цукерак?
Драгун стаў на кукішкі і прытуліў малую да сябе. Нечуваная пяшчота нахлынула раптам на яго, на вачах закруціліся слёзы. Ах, дзіця, дзіця, ці ты вінаватае? А табе будзе цяжка...
— Дачушка, не купіў... Зачынілі ўсе магазіны. Вось пабачыш, заўтра табе куплю. Ты толькі не плач. Ідзі спаць, ідзі, я таксама зараз іду.
Яна сумная пабегла ў спальню, смешнае малое птушаня ў жоўценькай мультановай піжамцы. Малую яшчэ лёгка можна было ўгаварыць, пераканаць, не то што старэйшую, якая ўжо ўсё разумела. «Ах, дзеці, дзеці»,— уздыхнуў Драгун. Ён пачысціў зубы, потым памыў ногі і таксама пайшоў у спальню, лёг побач з Верай, але не чытаў, у яго нават не было такой добрай звычкі, і ён трохі зайздросціў Веры. Ён ляжаў з заплюшчанымі вачыма і думаў, а Вера ўсё яшчэ доўга шапацела старонкамі кнігі. Недзе ля дванаццатай, калі дзеці ўжо паклалі свае кніжкі пад падушкі і паснулі, Вера выключыла лямпу. Паляжаўшы трохі, яна спыталася ціха:
— Ты яшчэ не спіш?
— Сплю,— сонна прамовіў Драгун.
Яна ведала, што гэта азначае: не чапай мяне.
Аднак, памаўчаўшы трохі, сказала зноў:
— Я хачу з табою пагаварыць.
— Не выдумляй...
— Няўжо ты так стаміўся за дзень?
— Стаміўся... І заўтра рабочы дзень...
— Няўжо цябе не цікавіць, што я хачу табе сказаць?
— Я ведаю тваё «сказаць»... На ўсю ноч. Заўтра днём пагаворым.— І ён дэманстратыўна пазяхнуў, адвярнуўся ад яе.
Вера толькі цяжка ўздыхнула і замоўкла.
Яна ляжала доўга і не магла заснуць, не спаў і Драгун, але абое, як змоўшчыкі, маўчалі. Драгун думаў пра тое, што нарэшце яго лёс можа крута змяніцца, што мо гэтая Марына стане тым каталізатарам, паскаральнікам падзей, яна скране яго са звыклых, наседжаных падвалін і звядзе на новыя рэйкі, якія прывядуць яго да таго невядомага, што запланаваў ён у сваёй галаве. «Сам я, як той штучны спадарожнік, не дам рады сысці са свае арбіты, пакуль нешта не паскорыць ці не замарудзіць майго руху. Толькі тады я змагу змяніць арбіту. Інакш інерцыя прывычкі навечна прывяжа мяне да таго, да чаго я прывязаў сябе сам, завёўшы сям’ю... Гэта будзе страшэнна цяжка, страшэнна цяжка... Маючы ўсё — і адмовіцца ад усяго... Самому... Вось гэтая мяккая, чыстая пасцель... Цяпло жончынага цела... Вясёлы шчэбет дзяцей... Звыклая думка знаёмых, сяброў, што Драгун робіць поспехі, набірае тэмп... Упэўненасць бацькоў у тваім жыцці... І раптам — усё гэта разбурыць адным махам! Для гэтага патрэбна жалезная воля, якой у яго, здаецца, няма... Але трэба скіраваць падзеі так, каб усё рабілася нібы само сабою... Вось гэтая Марына... Невядома, у які бок зможа яна павярнуць звыклае Драгунова цячэнне жыцця. Але трэба зрабіць усё, каб якраз у той бок, што трэба... А як сапсуе ўсю задуму, перакрэсліць такі вынашаны даўно і абдуманы план? Ой, глядзі! Каб потым не каяўся, не грыз сабе локцяў. Глядзі!»