15
Пэпіка чакалі з дня на дзень, але ён не спяшаўся. Ужо тры дні бегаў Драгун у радзільнае аддзяленне, з хваляваннем праглядваў спісы на стале ў пачакальні, але прозвішча свае жонкі ўсё не знаходзіў. І на пяты дзень, калі ўжо нават не верылася, што чаго-небудзь можна дачакацца, убачыў: «Драгун В.— дачка». О, божа! Пэпік, як ты нас падвёў! Расчараванне было горкае, але кароткае. Якая розніца? Усё роўна дзіця! Ён сеў, напісаў запіску.
«Дарагая, любая Вера! Дзякую табе за дачушку (бог з ім, з Пэпікам), шчаслівы і рады, што ўсё добра! Як ты сябе адчуваеш? Я так доўга чакаў гэтага моманту! Уяўляю, як было чакаць і пакутаваць табе! Ну, цалую вас абедзвюх, рад за вас. Як назавём малую? Адсылаю гэту запіску, а сам бягу ў магазін, куплю што-небудзь, бо прыйшоў з пустымі рукамі, думаў, грэшны, што ты мяне зноў нічым не парадуеш. Спяшаюся. Цалую вас!
Бацька. (Ура! Я — бацька!)»
Згарнуў, надпісаў нумар палаты, перадаў жанчыне, якая прымала перадачы, і пашыбаваў у магазін. Што ўзяць? Смятаны, кампоту, яблык. Пакуль што хопіць. Потым яна напіша, што трэба...
Радасна, лёгка адчуваў сябе Драгун. Купляў, ішоў, а думкі ўвесь час круціліся вакол аднаго: у іх дачка! Ён толькі прыйшоў у перадатачную, а яго чакала ўжо запіска, кароткая, але радасная і ўсхваляваная. І зусім змененым почыркам.
«Мой дарагі! Я самы шчаслівы чалавек на зямлі! У мяне ёсць дачка і ты! Мы ўтраіх! Дзякую за твае цёплыя словы! Цалуем цябе. Прывітанне знаёмым, гаспадыні!
Вера і твая зусім малая-малая дачушка».
Драгун ішоў на работу і не чуў пад сабою ног. У магазіне ўзяў бутэльку шампанскага, і ў рэдакцыі яны паціху распілі яе. Драгуна адправілі дадому, сказалі, каб ішоў адаспацца.
І ён пайшоў, сагрэты цеплынёй сяброўскіх словаў. Трохі кружыла ў галаве, на душы стала лёгка. Мароз шчыпаў за вушы, але Драгун нават і не думаў апускаць навушнікаў у шапцы. Глупства мароз! Хай тут хоць які мароз, хай будзе найбольшая замець — цяпер яму нічога не страшна! У яго дачка! Хоць ён яшчэ не бачыў яе, хоць яшчэ не трымаў на руках, не ведае, на каго яна падобная. Ён ішоў і з цікаўнасцю прыглядаўся цяпер да малых дзяцей, на якіх дагэтуль ніколі не глядзеў. А цяпер... Асабліва на тых, што сядзелі яшчэ на руках у бацькоў, на такіх, што закручаныя ў цёплыя коўдзеркі, спавітыя ў пялёначках...
Дома ў пакоі было холадна, але ён не стаў паліць у печцы — не хацелася. Што ж рабіць? Сеў пісаць, каб выліць на паперу ўсе свае пачуцці. Але парваў напісанае. Была нейкая сентыментальнасць, ён не пазнаваў сябе... Пахадзіў па пакоі, трохі супакоіўся. Градуснік на сцяне паказваў усё тыя ж дзесяць градусаў. Гэта адразу ж вярнула яго да клопатаў пра сённяшні дзень. Мо схадзіць у магазін, купіць дзіцячую коўдру, пялёнак, кашулек, распашонак? Але хай мо Вера што параіць сама... За што ні браўся — усё здавалася нецікавым, праўдзівей, не адпавядала важнасці моманту. Ага! Трэба напісаць пісьмы — дадому, сястры ў Казахстан і да Верыных бацькоў. Хай ведаюць, што такая падзея. Хай супакояцца...
Сшарэла, покуль скончыў пісаць.
Пабег, укінуў пісьмы ў паштовую скрынку, зайшоў у магазін. Трэба ўзяць якога напітку, мо зойдзе гаспадар павіншаваць з дачкою. Тут ужо ніяк не абыдзешся без чаркі. Ды трэба купіць што-небудзь назаўтра — Веры...
Ісці нікуды не хацелася. Пасля вялікай узбуджанасці надыходзіла стомленасць, вяласць. Хацелася спаць. А што? Хоць адаспіцца... Тыя ночы ён спаў някепска, але трывога за Веру ўсё ж сядзела ў ім глыбока, і нейкая частка мазгоў увесь час жыла пад напружаннем, страшэнна стамілася.
Спаў ён моцна, толькі не давалі спакою сны: недзе ён усё спяшаўся, некуды яму трэба было, і ён баяўся спазніцца. Пабольвала толькі галава.
Раніцай халадэча яшчэ пабольшала. Каб градуснік не мазоліў вачэй, Драгун схаваў яго пад бэльку. І здаецца, адразу стала цяплей. Учора цэлы дзень не паліў, выстудзіў пакой дазвання. Не, трэба ўзяцца за гэта як след! Ён нават перайшоў на свой халасцяцкі рацыён — снедаў толькі з чаем і з маслам, таму ў абед хацелася есці яшчэ з дванаццаці гадзін, а вячэраў таксама сухое. Лаяў сябе за гэта — і нічога не мог парадзіць. Жывот ім ніколі не камандаваў...
Назаўтра пайшоў на работу, але сядзеў, як на цвіках — чакаў дзесяці гадзін, калі пачынаюць прымаць перадачы. Перадаў цэлы набор прысмакаў, запіску, стаў чакаць адказу. Відаць, Вера напісала яму яшчэ ўчора, бо праз хвілін дзесяць Драгун атрымаў ужо цэлы вялікі ліст.
«Костусь мой, дарагі!
Спяшаюся з табой падзяліцца радасцю: учора вечарам прыносілі нашу малечу. Яна вытрашчыла на мяне свае вочкі, нібы што і разумее. Давала грудзей. Яна ссала так нясмела, слаба — мо што была ўжо накормлена. Паварушыцца, пазяхне, пукне разок, нават плакаць сабралася, але потым перадумала. Спакойнае дзіцяня!
У мяне вечарам усё разбалелася, настрой сапсаваўся, але як прыняслі малую, дык неяк адразу ўсё стала на месца і боль прапаў. Выглядае яна малайцом. Я ўсё глядзела на яе — і нібы бальзам прыкладвалі да маіх ран. Не магу перадаць, што рабілася ў маёй душы! Я абяцала ёй быць лепшаю маткай у свеце, а яе бацьку — самаю адданаю жонкай. Якое гэта шчасце — дзіця! Жывенькае, здаровенькае, з ручкамі, з ножкамі, з разумнымі вочкамі, вынашанае і народжанае табою!
Чакаю абходу доктара, потым дапішу яшчэ. У думках гавару толькі з табою. Учора ўспомнілася імя Валерыя (Лера). Ці падабаецца табе?
... Зноў пішу, Кастусёк. А дачушка наша — выліты бацька, гэта значыць — ты. Ніжняя губка звісае сасісачкай, верхняя — фігурная, з вуглом пад носікам. Носік цяпер кірпаценькі, але кончык не востры, як у мяне, а такі, як твой. І броўцы такія шырокія, радкавыя. А вочкі! Каб ты толькі бачыў! Як зорачкі! Учора заняла ўсю маю пасцель, я прыціснулася да сцяны і ўсё глядзела на яе... Крышку пасмактала, а потым адпачыла — і зноў узялася за работу. Пад канец нават задрамала. Мне ўсё хацелася назваць яе Лерачкай. Смешна, праўда?
Косця, у мяне ўсё ёсць, не нясі болей нічога, асабліва ўсякіх сокаў і кампотаў. Малако прыбывае, а малеча наша не паспявае ўсяго выссаць.
Глядзі лепей сябе. Мяне вельмі турбуе, што ты бегаеш галодны. Не забывай, што ты нам цяпер вельмі патрэбен, ты — наша адзіная апора і наш адзіны любы чалавек на гэтым свеце.
Пра нас не клапаціся. З кожным днём мы будзем расці і папраўляцца.
Цалуем цябе — маці і дачушка».
На другі дзень Вера пісала:
«Дарагі наш татачка!
Чакаем цябе сёння пасля работы ці заўтра раніцай. Сумуем па табе. Пасля абходу была дзіцячы доктар і сказала, што наша малеча слабенькая, таму яе сёння не прыносілі да мяне, хоць увогуле яна набірае сілы. Я вельмі трывожуся за яе здароўе. Калі яе прыносілі да мяне карміць, яна здалася мне вясёленькай, толькі дыханне цяжкае, носік заложаны. Хоць бы ўсё было добра! Пра тое, што я табе пішу, нікому не кажы, будзе лепей і мне, і ёй...
Сама пачуваю сябе добра, усё патрохі становіцца на месца, хоць боль яшчэ чуваць. Думаю пра дом, пра цябе. Напішы дадому — сваім і маім.
Не насі мне ўсяго так многа. Тут і кормяць нас добра, а ты кожны дзень прыносіш.
Ад тваіх клопатаў цёпла робіцца на душы, каб ты толькі ведаў. Як мне хочацца цябе расцалаваць цяпер і ўбачыць з тваёю дачушкай на руках.
Прынясі мне якіх кніжак, менш будуць лезці ў галаву ўсякія думкі. Чакаю заўтрашняга дня з нецярпеннем. Заўтра пасля абходу, можа, ужо дазволяць карміць. Часта не бегай сюды, хоць мне гэта вельмі патрэбна (асабліва твае цёплыя пісьмы да нас).
Р. S. Да мяне прыходзілі з маёй работы, прыняслі цэлыя абярэмкі цукерак, кампотаў, розных каваў з малаком і без малака, усякіх пажаданняў. Я была вельмі ўзрадавана. І яшчэ сказалі прыемную навіну: мяне перавялі ў малодшыя навуковыя супрацоўнікі. Так што дачушка адразу прынясла нам дабро ў нашу хату.
Будзь здароў! Цалуем».
Да гэтай запіскі было далучана яшчэ адно забаўнае пасланне:
«Мой мілы татачка!
Я ўжо знаёмая з мамай. Яна кажа, што я вельмі падобная да цябе. Няйначай, яна перабольшвае. У адным я з ёю згодна: што я лянуюся плакаць і нават не ўмею. Гляджу бойка на новы свет, дзіўлюся і радуюся. Вось толькі дыханне ў мяне цяжкае. Мамка вельмі турбуецца. Абяцаю табе, татка, быць добраю і паслухмянаю. Вельмі хачу да цябе, дадому.
Цалую цябе. Твая дачушка».
Другі ліст ад дачкі быў спакайнейшы:
«Дарагі татачка! А мяне ўчора тут пакрыўдзілі. Строгая цётка ў белым халаце пляскала мяне па попцы і па шчочках, а я спала і не хацела маміных грудзей. А вечарам і сёння раніцай так добра пад’ела, што мама мяне пахваліла. Я ў яе на грудзях нават вадыры насмактала. Вось якая я малайчына. Цяпер я толькі сплю. Носік прачысціўся, выскачылі два козлікі. Цяпер дыханне глыбокае і роўнае. Сёння цэлую гадзіну спала ля маміных грудзей. А вечарам праз сон нават усміхалася.
Будзь здароў, татка! Цалую цябе. Пішы часцей. Мама мне чытала тваё пісьмо некалькі раз і нават плакала ад радасці.
Твая дачушка».
У кожным новым лісце ад Веры радасці рабілася ўсё менш, яна саступала месца клопату.
«Косця, дарагі! У мяне ўсё добра. Хай завецца Валька, раз ты так хочаш. Я не супроць. Валянціна — значыць, здаровая. Хай і расце здаровая!
Купі мне асяледца, і каб добра салёны. Прынясі ў тэрмасе піва. Кепска ў мяне з малаком, прападае. Раблю ўсё, што раяць, але мала надзеі. Відаць, давядзецца гадаваць на чужым. Сёння мне цяжка — і ўсё з-за малака.
Твая нядобрая Вера».
Праз дзень тон ужо быў зусім дзелавы:
«Косця, калі ў цябе будзе вольная часіна, з’ездзі ў гум і купі наступныя рэчы:
1. Цёплыя пялёнкі — 2—3.
2. Матэрыі белай па 10—14 руб. за метр — 5—6.
3. Грэлку дзіцячую (толькі не круглую).
4. Лямпу настольную.
5. Ціку таннага на матрасік — 2 м.
6. Можа, вазьмі 2—3 цёплыя і 3—4 халодныя распашонкі і 2—3 шапачкі.
7. Цёплую коўдзерку.
Вось і ўсё, мой любы, наш дарагі татка.
Ці шчаслівы ты? Ці не сярдуеш на нас? Што цябе турбуе, што не дае спакою? Ці ўсё добра? Пішы.
Вера».
Яшчэ праз дзень тон быў зусім заклапочаны і сухі:
«Косця, знайдзі дзіцячую кансультацыю і даведайся, ці можна браць малако ад якой-небудзь жанчыны, адной. Відаць, заўтра нас выпішуць. Мяне гэта радуе і турбуе.
Будзь здароў! Твае Вера і Валька».
Драгун чытаў і то хмурыўся, то ўсміхаўся.
Прыехала Верына маці, і яму стала трохі лягчэй. Хоць было каму прапаліць печку, згатаваць есці. А яму дарог цяпер хапала. Здаецца, дробязі, а покуль ты ўсё знойдзеш, адходзіш ногі.
У кансультацыі яму далі два адрасы: адзін блізка ад дому, другі — далей. Трывога пакрысе праходзіла. Якраз паменшаў і мароз, паспакайнела на дварэ, пацяплела ў хаце.
...Драгун злавіў таксі і паехаў у радзільны дом. Аддаў дзіцячую і Верыну вопратку, стаў чакаць. Чым болей ішоў час, тым больш ён хваляваўся. Не шкодзіла б захапіць кветак, але дзе ты іх знойдзеш у лютым? Купіў толькі каробку цукерак для медсястры. Усе так робяць, ён тут ужо наглядзеўся.
Нарэшце паказаліся свае: Вера першая — у паліце і белай хустцы, за ёю сястра з дзіцем на руках. Драгун убачыў радасны Верын твар, падышоў да яе, пацалаваў у шчаку. Потым узяў з рук медсястры лёгенькі белы скрутачак, зірнуў на раскрытае месца — тварык. Чырвоненькі маленькі тварык, заплюшчаныя вочкі, кірпаты шырокі носік. Няўжо гэта яго дачка? Божа!
На іх глядзелі цікаўныя вочы людзей, хоць такія сцэны тут былі кожны дзень па некалькі разоў.
Яны пайшлі да таксі. Драгун сеў з малою, Вера побач. Яны глядзелі адно на другое і ўсміхаліся. Таксі кранулася.
— На Лагойскі тракт,— сказаў Драгун шафёру. І да Веры: — Прыехала твая маці.
— Ты прасіў, каб прыехала?
— Яна сама. Я толькі напісаў, калі прыблізна вас выпішуць.
— То добра. Малако знайшоў?
— А як жа!
Яны маўчалі. Драгун усё паглядваў на сваю дачку і ніяк не мог паверыць, што ўсё ж ён бацька. Здаецца, нічога не змянілася, ніякіх рэзкіх перамен у сабе ён не адчувае. Ён такі ж, як і быў дагэтуль. Няўжо такі ж? Няўжо ніякіх пачуццяў да гэтай малой істоты ў яго няма? А каб хто сказаў: «Дай яе мне, я выкіну!» Што б ён сказаў?
Спачатку ўзбунтаваўся б розум, а потым і сэрца. Гэта напэўна. Але пакуль што Драгуну здавалася, што ён трымае не сваё роднае дзіця, а звычайны скрутак, з коўдры і матэрыі. І яго ахапіла трывога. Няўжо і ў Веры... Не можа быць! Яна вынасіла яе, гэтулькі напакутавалася. Радзіла... Не, маці заўсёды бліжэй да дзіцяці, чым бацька.
— Ці шкадуеш ты сваю дачку? — спытаў Драгун у Веры, як бы шукаючы ў яе падтрымкі сваіх думак.
Вера павярнула да яго галаву, доўга ўзіралася ў яго твар, усміхнулася.
— Маці шкадуе не толькі сваё дзіця, але і ўсё тое, што яна ў яго ўклала. Гэта як ашчадная кніжка, прабач за параўненне.
— А што, гэта трапна. Чым больш укладзеш, тым яна табе даражэйшая. Але кніжку любяць не душой.
— Гэта абстракцыя. Я не ведаю, што такое кніжка.
Вось наша жывая кніжка.
— Твая першая кніжка. А вось калі я дачакаюся?
— Ты пра гэта? Не вешай носа. Пішы... А ты здорава схуднеў. Чаго гэта?
— Не ведаю. А ты трошкі як бы паправілася. Памаладзела.
— Гэта што ты пра нас клапаціўся.— Вера ўзяла яго руку, пагладзіла.— Дзякуем табе, татка.
— Што ты! Гэта я вам дзякую, што ўсё добра скончылася. Я так баяўся...
— Ну, усё ўжо мінула... Прыехалі!
Таксі стала.