Былі напачатку бель і сны,
Сны немаўленчай абстракцыі,
Пакуль не збудзілі мяне званы
I водар рускай акацыі.
Царкоўкі, чароды кабет і вазоў,
I словы, як покліч бою,
Як голас спрадвечных айчынных азоў:
«Polska z tobą» — Польшча з табою!
Пасля — барабанны пошчак ног,
Рэкруцкі спеў з грукам,
Ступіла вайна на самы парог
Гвалтоўным сталёвым друкам...
З высокіх паверхаў праз вокны на брук
У зябкай ранішняй сіні
Кветкі ляцелі з дзявочых рук
Да песні: «О мой размарыне...»
Драбінай раслі за гадамі гады,
Поўдзень выходзіў з дасвецця,
Дужэў, даспяваў лес малады,
Будзілася сэрца ў паэце.
Да трапяткіх вуснаў дзяўчат
Падносіў я полымя ружы,
Хмар навальнічных п’янлівы чад
Вецер гайдаў дужы.
Нарэшце я незабыўнай вясной
Зірнуў пранізліва ў вочы адной...
I зноўку белы малочны сон
Па-над калыскай дачушкі —
Вайна дратавала жытнёвы загон,
Бухалі ў далечы пушкі...
Забраўшы і песню і сэрца маё,
Восень ірдзела іржава,
Друз прыглушыў агню вастрыё —
Упартая змоўкла Варшава.
Граў потым вецер песню журбы
На трэснутых струнах руінаў,
Пакуль апошні выстрал пальбы
На вуснах вайны не застынуў...
Вяртаюся, любая, з дальніх мясцін,
З поля аціхлага бою,
Ты, помніш, пісала, ускліквае сын:
Польшча са мной —
Польшча з табою!