НЕНАПІСАНЫ ВЕРШ


Цябе даганяў я сваёй маладосцю

і не пабачыў, як ты сталела.

Сам пасталеў, а ты ўжо ва ўзросце

такім, калі ўся галава пабялела.

Скроні мае маразы апалілі,

зноў ты ў дарозе, на дальнім паўстанку.

Зноў я імчуся праз гады і мілі

услед за табою бесперастанку.

Сустрэнемся, сыдземся недзе нарэшце,

роўныя ўзростам і сівізною.

Гэта і будзе верш мой найлепшы —

размова з табою.


Загрузка...