Жонка мая гадуе кветкі
мае іх цэлы дзетсад
звычайных і рэдкіх —
яны расселіся на падаконні
на схілах балкона
у гаршчэчках гліняных
у кратарах вазонаў
паўзуць па сценах
вісяць пад столлю
пляскаюць лапкамі лістоў
усміхаюцца шукаючы пары
і апякаюць на сонцы каляровы твары
жонка правярае штодня
лінію прысутнасці
лісток да лістка просячы
выклікае па імю
і па прозвішчы
потым выводзіць на шпацыр
на ўзятай з конаўкі прывязі
ў цяністыя сады сноў
пад месячык прыязны
корміць іх з рукі —
глытаюць кропелькі срэбнай расы
і вітаміны сонца і блакіт
— глянь белыя браткі зацвілі ўначы —
жонка кажа натхнёна
— глянь заблакітнела над ятрышнікамі
— глянь на свежы лісток радэндрона
— глянь як калючкі ў кактуса пасівелі
а я захінуты ў газеты і цішы радзюжку
ўдыхаю фарбы друкарскай пах
і — хоць не бачу, не чую — мушу
пад нос мармытаць: — Ах!