нарадзілася ўчора
на золку
на семнаццатым годзе
ўсёведная
ў бляску ўся
і ў ясноце
нарадзілася ўчора
на золку
ускормленая
плодам з біблейскага дрэва
універсальная
чатырохвымерная
атамная ева
ведаю ўсё беспамылкова
канчаткова
бясспрэчна
прасветленай свядомасцю
ахопліваю хвілю
і вечнасць
прасвятляю наскрозь
людскія мыльныя пузыры
з балотнага ўзвару
выкрываю толькі злосць
пыху
і крывадушнасць
над пергаментам кожнага
твару
і вось
адхіляюся я ад завадзі
тонкаю рыскаю
на марскім прасторы
падбіваю вёсламі
ластаўчыны маршруты
гнеўная
на вольным моры
я найдалейшая
я найглыбейшая
неспасцігальнай сілы
маладосць
падары мне крылы
за мной незмаўкальная
цёмная смутная
заблытаная і брудная
рэчаіснасць
да зямлі прыпісаная
прыцягненнем
безгарызантальная
бяскрылая
замшэлая куча камення
з адкрытага мора
азіраюся
каб адштурхнуцца вачамі
як вёсламі
ад далёкае сушы ліхой памяці
вось
мой вузенькі тварык
у пясчанага берага
на вуснах
стаіць непарушна
хоць плыве мора
хоць адплывае душа
....................
ты хто не мае ўлады
да неіснавання заклікаць
цяперашнія і мінулыя расчараванні
дай скаштаваць мне
неатручаны плод
з дрэва пакоры
і
з дрэва кахання