...На рынку гандляры з тварам апосталаў
прадаюць чортава зелле карыцу і глог
з крывой вулкі сухія званкі ксілафонаў
брук музычны гучыць ад ног
узносіцца горб вулкі і сплывае спакойна
у адмеранай сонцам пашчы замкавай брамы
лета спякота горыч і паўдзён
і ты спявак у чорную апанчу ўбраны
скрып жураўля і звон бляшаных конавак
смех дзяўчыны срабрыць ваду ўсхвалявана
тут крычаць далёкія ў тлустым пыле дарогі
што вядуць у свет пусты неспазнаны
тут цень звільгатнелы пад дахам заезнага дому
і дрэў старыя кароны атрасуць табе ветру акраўкі
тут засні калі збудзішся вачыма падвоіш зоры
што запоўнілі дзень срэбрам зялёным раптам
распагодзь чало глянь да цябе хінуцца забойцы
табе давяраюць каты і разбойнікі ахвоча
табе верыць паэт з палкім сэрцам
усе ўсе каму зямля плюе ў вочы
уночы месячык прагоніць змору
вызваліць песню заклятую каб на струнах бліскала
бледна-зялёныя расшумяцца і ноч і мора
і вочы нейчыя будуць блізка дужа блізка
песня забойцам пяе пра волю
песні болей песні болей