Янку Брылю
Калі набліжаецца восень
Дубы адлятаюць у вырай
Пакідаючы гнёзды з карэння
З пісклянятамі жалудоў
I тады
Грэюць косці свае
Пад каменным скляпеннем каміна
Тады
У пакоях пульсуюць цяплом пазалотай
Ажываючы твары партрэтаў
Гасячы свечак агонь
Тады
Быццам конікі іскры трашчаць
I ўзлятаюць як зоры
Якія ў палёце згасаюць
Тады сінімі стужкамі дыму
Сон варожаць з вачэй
Дубы больш ужо не вяртаюцца
У гай свой
На месца дзе іх пассякалі
А калі і вяртаюцца
Дык толькі на крылах вятроў
Дымам з коміна ці жменей попелу
Але гэта было ўсё даўно
Калі блочных дамоў
Мы не зналі.