Тут крыж не ставілі, і толькі зорка
Паверх слупка, у пяць пялёсткаў краска.
Пад ім гарбок, як кратавіння горка,—
Абвеяная ветрам з Одры каска.
Таблічка на слупку — імя магілы:
«Пятро Сямёнаў з Уладзівастока».
Далечыня!.. Якія ж трэба крылы,
Каб даляцеў сюды той рускі сокал!
Два кантыненты — Азія, Еўропа —
Ў даўгу перад адвагай сакалінай
Тaгo, хто сном салдата ўзбоч акопа
Заснуў навек пад супескам і глінай.
Усіх прахожых спыніць тут магіла,
I зорка будзе сведкай іх паклонаў.
Каб Одра польскай мовай гаварыла,
Аддаў жыццё i ён — баец Сямёнаў.