З ілба непаслушную пасму
адкіну —
і затрапечацца сэрца ў зняменні.
Пабудзь,
пачакай
яшчэ хоць хвіліну,
яшчэ хоць адно імгненне.
Школьны званок нас аберагае,
ведае — часу мала.
Ці гэта пачулася мне:
«Дарагая!» —
ці гэта сама я сказала?
I ты на паўслове замоўк
і сумеўся,
зламаўшы ў трывозе бровы.
Званок! — а мая таямніца
ўва мне ўся
чаканнем
трапеча
новым
і светлым ветразем выплывае
у акіян неабдымны, бясконцы.
Я гэтак шчасце сваё схаваю:
ніхто не пабачыць —
ні неба,
ні сонца,
ні нават той,
якога стварыла
з думак,
з пачуццяў,
з трывогі чакання
і падняла на магутных крылах
да запаветных вышынь кахання,
не здагадаецца,
не папытае —
каго кахаю.