Ля самых ног
усплёск
і пырскі,
і наплывае
бераг блізкі
сярэбранай лускі палоскай
і выбліскам зары
над вёскай.
Яшчэ хвіліна на світанку,
і ноч канчае
калыханку
над возерам,
але дасвеццем
гарэзлівыя зоркі,
быццам дзеці,
так разгуляліся —
ні ўпыну,
ні спачыну,
падміргваюць адна другой вачыма
і ў люстра возера
не наглядзяцца,
ім толькі б абдымацца,
мілавацца.
З вышынь
адна
ў ваду нырае,—
са дна
другая
выплывае.
Паддайся толькі,
заглядзіся,
зачараваны,
здзіўлены,
спыніся —
аслепіць вочы свіцязянка,
і не пабачыш
яснага світанку,
як набліжаецца
той бераг
нізкі,
як разбіваецца
на пырскі
сярэбранай лускі налоска,
як прыбярэжная
трымціць
бярозка.
Адзіны ён
навечна ўзяў уладу,
князь песень,
князь рамансаў
і баладаў,
над гэтым возерам
зачараваным
і над уласпым сэрцам
закаханым,
над сітнягамі
і над берагамі,
што ў свет ідуць
бясконцымі
кругамі.