не высільвайся дужа
навошта
не будзе ўсё роўна факт зразуметы
я радуюся ад таго што
ходзіш дзеля мяне ты
ідзеш насустрач прыгодзе
якая была
альбо не была
а магла і адбыцца
з трыма галубятнікамі
п’янымі
у пустым гразкім завулку
што сыра імгліцца
і нічога ты не разумееш
ні таго што са мной ідзеш поруч
але
для мяне цёмнай ноччу
твае міны нязграбныя жэсты
і не баючыся нічога ідзеш ты
не тое што ты — а не хтосьці
важна што йдзеш
дзеля мяне такі моцны
што
дзеля мяне такі важны і ўзнёслы
што
дзеля мяне такі ўжо дарослы
мой гладыятар са школьнага балю