Дзяўчына — натуршчыца ветру,
Стаіць пад вясеннім дажджом.
З-пад стрэшкі далоні ўздымае
Зялёна-праменныя вочы
На хмару, што адплывае,
Прабітая коп'ямі сонца.
Як парусам мокрым сукенкі
Абвіў вецер цёплае цела
I абрысаваў яе грудзі,
I сцёгны, і стройныя ногі.
I вырваўшыся за вароты
На луг пад крыло пералеска,
Зялёна-праменную недзе
Панёс у вясёлку, ў туман.
I я ветру ў полі шукаю,
I я ветру ў лесе шукаю,
Шукаю дажджу веснавога,
Хоць восень даўно.