БЫЛО ТОЕ ДАЎНО I НЯПРАЎДА


раўнадушна

з холадам вонкавым абмінаючы

абмацваеш мяне ты вачыма

нават не скажаш мне:

дзень добры

нават не скажаш:

да пабачэння

рэдка пырхне слова

між табою і мной

на кажановых крылах

а зданяў іглістых ядловец

раніць заўсёды даткліва

мая панурая

пятнаццацігадовая

а бурклівая

адно як заснеш

калі мяне няма для цябе

і ты перапоўнена

снамі

углядваюся я ў цябе потайкам

і знаю

а я

перш чым прачнуся

перш чым сны растварацца

рана

рана

чую як туркочуць маторы

не казалі сабе мы: дабранач

не скажам сабе: дзень добры

ашукваем мы прахожых

вуліца

дом

бакавушка

кажуць: якія чужыя якія варожыя

толькі сябе ашукаць не можам

дачушка

.........................

у назве гэтага верша

найбольшы боль і скарга

паслухай:

было тое даўно і няпраўда


Загрузка...