ГОРАД, ДЗЕ ГРАЮЦЬ ФАРТЭПІЯНА

Зенану М.


У салоне, у змрок адчыненым,

з крылом фартэпіяна,

выплывае акно аблачынкай

у спеўным горадзе Тагліяна...

Упёршыся ў поручань крэсла,

гляджу ў твае пальцы ўпарта

і чую — у грудзях закіпае

крык: torte, forte, forte!

О людзі, о добрыя людзі,

разнасцежце вокны шырока,

хай у кожнай маленькай вулцы

булькочуць песні ў рыштоках.

Хай хлынуць вясёлкі мелодыі

берагамі вулак, да рынку,

хай з вокан лятуць на галовы

музычныя пырскі тынку.

Хай пяцілісцёва далоньмі

гарадскія ўдараць каштаны

ў сукаватую клавіятуру,

у штыкеты, бы ў фартэпіяна.

Хай вырасце звон з тратуараў,

хай звоняць з бетону пліты

з-пад ног пахаджан вясёлых

фантанна і самавіта.

Няхай узрываюцца рамы,

хай валяцца сцены нанаў,

хай лесвіц лятуць staccato,

дзе граюць фартэпіяна.

Хай блытаюцца і пеняцца,

плывуць цераз верх нараканнем,

ірвуцца ў завулках мелодыі,

працятыя бэзам, змярканнем.

Хай адпачне мелодыяй

блакіт, над горадам распластаны,

ў горадзе спеўпым Тагліяна

па сёмым небе ў Тагліяна.

Б’юць, б’юць як у звоны

ў горадзе спеўным Тагліяна

тысячы і мільёны

касмічных фартэпіяна...

Тут перад скверыкам рынка

па ратушных белых прыступках

самотны сяджу — і чую:

свет маё сэрца прастукаў,

а вочы ўслуханы ў помнік:

у рапсодыю масянжовую бургамістра —

пераношу ў згаслае неба,

дзе першая зорка бліскае.

Чакаю накцюрн Фрыдэрыка,

гонт маладога поўніка —

Бургамістр! Сон наплывае —

ссунься з цокаля помніка.

Як на клавішы, на прыступкі

масянжовыя пакладзі далоні —

ноч, поўнік, Шапэн і ціша

сон звонкі ўціснуць у скроні!

Заснём у дзівосным Тагліяна,

ў каменныя ўтулімся пліты!

Ты ажыўлены зноў мелодыяй,

а я мелодыяй зноў забіты.


Загрузка...