ЗЯМЛЯ АДАМАВАЙ МАЛАДОСЦІ


Калі б ні прыпаў я да струн Тваіх кніг,

Поруч бацька сядае, што пайшоў назаўсёды,—

Твой зямляк, з тых жа самых краёў Наднямоння...

Там, пад цёплым любові таўром, дом мой родны:

Маці (ведае кнігі Твае ўсе на памяць),

Брат задумны, сястра, закаханая ў Нёман...

Калі месяц кідаў на касцёл навагрудскі

Цень ад замка ў руінах — пілою зубатай,—

Як Ты колісь,— блукаў тут і я, закаханы

У дзяўчо-вузкавочку з завулкаў татарскіх.

Па слядах маладосці Тваёй вандраваў я,

Як цябе, калыхала з дзяўчатамі Свіцязь,

I былі закаханыя ўсе мы ў той томік,

На якім Тваё імя стаяла, Адаме.

Твае словы я ў гуках вышукваў і ў фарбах,

У абліччах людскіх, зорным небе й сінечы,—

Ты ж іх шчодра, як зерне, рассыпаў усюды,

Каб цвілі маладосцю яны векавечнай.

Воза скрып на распаленай, сыпкай дарозе,

Млосць ядлоўцу, дзядоўніку сінія кветкі,

Бурштыновая — з коўзкім арэхам — вавёрка,

Ручаінка пад клямкай крывою масточка;

Як замовы — млыны, курганы — як паданні,

Цэрквы, могілак жудасць бяззорнаю ноччу,

Стрэхі ў моху, свіронкі, грэблі, копанкі чорныя,

Смех крынічак — і спеў «жураўлёў» даўгашыіх;

Перавозы, брады, чаек тлум над чаўнамі,

Шчары шызай дарога, блакітны тракт Нёмна...

О, Адаме! Паўсюль, скрозь у гэтых малюнках —

Твая постаць, і вусны, і вочы, і сэрца!..

Ўзіму,— воўчыя зрэнкі, ашклёныя сцюжай,

Далягляд абніжаюць лядзяным мігценнем,—

Я з Дзярэчына браўся, страляючы пугай

Над трывожнымі коньмі і брычкай пявучай.

Увесну, едучы ў Слонім хрыбетнікам грэблі

Паўз асколкі люстэрак на поплаве росным,

Думаў я: ці калі Ты блукаў тут, Адаме?

Грэбля ж, як ксілафон, Тваім ладам звінела.

Летам — зелень, блакіт і дзявочыя вочы,

Працінае гармонік вечаровую цішу,

А панураю восенню — вёска ў панцыры ночы

Залатым пульсам вокан цямнечу калыша.

На пясчаным гарбе — волат дуб-раскарака,

Варта гонкіх таполяў наўкол гаспадарак,—

З кніг Тваіх знаў я гэта ўсё лепш і дакладней,

Чым пасля мне наяве пабачыць прыйшлося.

Паўтараў Твае вёсны ў тых самых мясцінах,

Між людзей гэткіх самых з засценкаў і вёсак.

О, каб мог я патрапіць расказаць пра ўсё гэта

З Тваёй сілай любові, з радкоў Тваіх звонам!

Дзе, калі б ні прыпаў я да струн Тваіх кніг,—

Поруч бацька сядае, што пайшоў назаўсёды,

Маці (ведае кнігі Твае ўсе на памяць),

Брат задумны, сястра, закаханая ў Нёман...


Загрузка...