Жонцы
Гляну ў неба на знічку-зорку:
любіць не любіць... Кахае...
Так заўжды, калі хтось на падворку
пры расстанні хусцінкай махае.
Ты сказала: «За сёмай гарою...»
Ты сказала: «За сёмай ракою...»
Я падумаў: «Прыгожыя вочы...»
Я такую чакаць ахвочы.
Не вяртаўся адтуль поезд,
грукатаў, абмінаў і гінуў,
у снягах, што былі па пояс,
наплывала вясна — з успамінаў.
Я спаткаў цябе неяк уночы,
быццам зоркі, свяцілі вочы.
Ты сказала: «За сёмай ракою...»
Адказаў я: «Паеду з табою!»
Гляну ў неба на знічку-зорку,
любіць не любіць, кахае...
Ды ўжо я не гадаю — горка
даўні боль у душы аціхае.
Я кажу: «За сёмай гарою».
Я кажу: «За сёмай ракою».
Я вярнуся, ты гэта знаеш,
Хоць і зрокам мяне не кранаеш.