НА ЗМЯРКАННІ ЛЯ ВАДАПОЮ


Крысо пяску,

Адкінутае хваляй на расісты луг,

Замацоўвае негатывы

Капытоў.

Бярозы, што нясуць свой цень,

Спіхваюць яго з адхону

Ў вадапой.

Конь праз шкло вады

Цалуе сваю пысу

I з дна азёрнага глядзіць

На стэп нябёс,

На бледна-серабрыстую падкову,

Згубленую пегасам

У галопе.

Крывавае вока сонца,

Прыплюшчанае пагоркам,

Пазірае на распранутых дзяўчат,

Што ў золаце царкоўным

Сыходзяць

У цішыню вады,

У насцярожанасць аеру.

А я

З высокага акна гляджу

На ўсход неонаў гарадскіх,

Мо яны мяне

Да вадапою вернуць,

Каб мог я прагу наталіць

Тым золатам царкоўным.


Загрузка...