ДУБРОЎКА


Я маю ўласны свой гай дубовы,

Нёмана серпам абняты —

пад скрыжавальным агнём блакіту,

зорак, чаек, рэха.

Мая дуброва —

месца таемных спатканняў

маладзіка і сонца

у дні зацьмення —

і месца маіх спатканняў

з цішай,

з сабою самім

у маіх жа ўспамінах.

Раскінуўся гай мой дубовы

на мураве сакавітай,

дзе няма мурашнікаў,

павуціны,

імглы камароў —

на чыстай траве,

перамытай расой і дажджом,

грэбенем ветру часанай

і ценем імклівых аблокаў.

У дуброве маёй

імянныя дубы, гербавыя —

як калоны карынфскія,

вытачаныя перунамі, пяскамі,

дах лістоты ўздымаюць

з камінамі буслянак.

Невялікі мой гай дубовы —

вёрст ён пяцьсот займае,

адчынены толькі цяпер

мне,

заўсёды, калі засмуткуецца толькі,

калі зажадаецца.

Да маёй дубровы прыходзяць

праз далягляду шлагбаўм

без пашпарта —

праз граніцу зялёных сноў,

слоў,

гукаў...

Мой гай дубовы такі невялікі,

што змяшчаецца пад павекамі

з пошумам адвячорнага рэквіема

без пашпарта —

які гэты гай мне пакінуў.


Загрузка...