Хто выдумаў так той дуб
I хто апланаваў
Далягляд, у які
Ён упісаўся, кампактна стаў?
Карэнне, як жылы, пусціў
На пясчаных, гарбатых узгорках,
А шумлівым лісцём
Нырае ў блакітнае мора.
Хто выдумаў гэткі дуб,
З такой лірычнай высновай,
Што ў кроне, нібы ў галаве,
Трымае гняздо буслова?
Адгэтуль вёска відаць —
Платы, цэркаўка, хаты
I нізка схілены крыж —
Плён жыцця небагаты.
Ясна — калі б не дуб,
Вятры узгорак разнеслі б
I збяднеў краявід
Вёскі, што просіцца ў песню.
Вёскі гэтай маёй
З хатаю, кузняй, ставам,
З крыжам на стыку дарог,
З рэчкай, з мостам дзіравым.
Не было б і гнязда,
Дзе абжываецца бусел,
I найперш не было б
Радкоў гэтых самых, мусіць.