ВОГНІШЧА


Толькі кволы агеньчык

перада мною,

толькі люстра рачное,

начное

ды маўчанне —

найлепшая наша размова

без ніводнага гуку,

ніводнага слова.

Не чапае нас вецер,

мы самі яго не чапаем,

не спалохаем рэха —

няхай спачывае.

Спіць адвечная пушча,

спяць прырэчныя дрэвы,

салаўіны алешнік

стаміўся ад спеваў.

Толькі мы на ўзбярэжку

незабыўнай парою,

твая ціхая ўсмешка

і дагэтуль са мною.

Наш агеньчык гарыць,

і стракоча запознены конік,

а на вёсцы не спіць

закаханы гармонік.


Загрузка...