Мацеку
Калыхаліся моры далёкія,
калыхаліся пушчы вялікія,
нахіляліся вольхі надрэчныя,
нахіляліся сны паніклыя.
Калыхаліся хмары на небе,
калыхаліся слёзы пад вейкамі
(так далёка ты, сынку, недзе,
без цябе мне так сумна, маленькі мой).
Калыхаліся нівы і травы
(я не бачыў цябе, мой сыночак).
Калыхаліся ў возеры зоркі
(ты не знайся з тугою, хлопчык).