ВЁСКА НАД ОДРАЙ


I

Вецер-гарэзнік шарыць і шарыць

па белых блузках,

то грудзі кране,

то пагладзіць па твары,

то прыпадзе да вуснаў.

Кружыць галовы водарам мяты,

лашчыць калені травою.

Ой, дзяўчаты, дзяўчаты,—

асвяжыце губы вадою!


II

Хлопцам вецер на касавіцы

паблытаў чупрыны.

Прыйдуць дадому — як ім адбіцца

ад кпінаў.

Не дзіва дзяўчатам перакалоцца:

чубы як шчаціна, тырчаць бадылямі.

Ой, хлопцы, хлопцы,—

застанецеся бабылямі!


III

А познім прыцемкам неспадзявана,

нібыта сустрэчы ніхто і не хоча,

сышліся-такі над Одрай люстранай

і прастаялі да ночы.

З вады маладзік выскаляўся шчарбаты,

зоркі ўваччу мільгацелі.

Ой, хлопцы, ой, дзяўчаты,—

другія пеўні прапелі.


IV

Пеўні ўжо досвітак абвясцілі,

сонечны промень рэчкі крануўся,

а пацалункі яшчэ не астылі —

так і палаюць на вуснах.

Гоніць падпасак ад хаты да хаты

перад сабой пагалоску...

Ой, хлопцы, ой, дзяўчаты,—

прачнулася вёска!


Загрузка...