калі маладосць калышацца
і напінаецца
пад звон каруселі
калі плыве пад ветразем
надзьмутым пругка
ружа вятроў у валасах
і ружа вуснаў
параўноўваю
археалогію ікаравай тугі
з галоўкай касмічнай ракеты
ведаю
напачатку былі птушкі
а сёння лячу ў блакіт
напачатку былі птушкі
напачатку была младосць
напачатку было каханне
калышу калышу
вачамі свет
зоркі сцягваю ўніз
кіўком галавы
і касу з кручком
ізумруднай какарды
закідваю ў плынь юнакоў
пад вербамі і каштанамі
сябе адкрываю
у выбухах свядомасці
тварам да твару
у абстрэле паглядаў позіркаў слоў
раздваеннях свядомасці
у падабенствах
са спалохам у запытанні
ці гэта Я учарашняя
адкажы
якая ўсё-ткі Я
аднак іду ў ваду
якая ўсё глыбее
божа дай мне малю
пясчанае дно
і празрыстую плынь
і блакіт
у якім ты цяпер
я з атэстатам сталасці
іду насустрач смутку
іду ў няволю вольнасці
веру ў верны выбар свету
што будзе люстэркам
маёй усмешкі