Славянская вуліца. Тут, на Славянскай,
дзе поўня над фабрыкай вартаю ўстала,
сто матак на кроснах снуюць калыханку
крывінкам сваім, сваім дзецям з падвалаў.
А зоркі ўсю ноч задыхаюцца ў дыме.
Далёка да золку — да дня яшчэ далей.
Сірэны сыноў, сном акутых, падымуць —
I рушаць сыны да раз’ясненых даляў.
Але не яснее. Усход вечна ў хмарах,
адзіна што ў чэрвені — часам на бруку
бунтоўна ўзаўецца агнянасць штандараў,
на міг, на пярэдых, на сэрц гулкі тухкат.
Славянская вуліца. Тут, на Славянскай,
на муры фабрычным бляск шыбаў праз краткі.
Гляджу проці бляску і бачу, бы ў рамцы,
штубацтва маё, маладосць маёй маткі...