НЯСКОНЧАНЫ АЎТАПАРТРЭТ


Прамінула ужо

Шэсць дзесяткаў гадоў,

Калі з горкай слязой

У жыццё я прыйшоў.

Я адно тады ўмеў —

Піў у маці з грудзей,

Я не ведаў, што хлеб

Пахне потам людзей.

Вось я трохі падрос,

Бачу многа дарог.

Толькі ў людзі ніяк

Па іх выйсці не мог.

Бацька дзягаю б’е,

Маці словам пячэ...

Так паказваўся свет

Для дзіцячых вачэй.

I падзелена ўсё

Не пароўну было:

Аднаму толькі змрок,

А другому — святло.

*

Свет стары запалаў,

I я з дому пайшоў,

Праз агонь барацьбы

Шлях да шчасця знайшоў.

Стала ўсё дагары —

Быццам смерч над зямлёй,

Але-ж лёгка хадзіць

Простым людзям па ёй.

Сонца выйшла ў прастор,

Так заззяла тады,

Што цяпло і святло

Я прыдбаў назаўжды.

Маю многа сяброў

I сяброўку спаткаў,

I жыццё збудаваў,

I дзіця ўзгадаваў.

Час нічога не сцёр,

Не сатрэ, каб хацеў,

Ён са мною жыве,

Хоць даўно адляцеў.

*

Хоць даўно я пішу,

Маю імя — паэт,

Дапісаць не магу

Я свой аўтапартрэт.

Я навокал зірну:

Колькі трэба сказаць!

Каб управіцца. зноў

Дзіцянём трэба стаць.

Кожны дзень, кожны міг

Новых спраў настаццё,

Кожны дзень я наноў

Пачынаю жыццё.

Час павінен чакаць,

Часу шмат у яго.

Вельмі-ж многа работ

У мяне аднаго.

Што паспею — зраблю.

Дзе прайду — кіну след.

З гэтых рысаў складзецца

Мой аўтапартрэт.


1956


Загрузка...