***


Аб сёстрах спявай, маё сэрца!

Прыйшло красавіцкае сонца,

I дождж над зямлёй пранясецца,

I гром адгукнецца ў аконцы.

Вось снегу няма ўжо,

і травы

Усходзяць ля студні вясковай,

I тысячы сонцаў ласкавых

Вада пачала адлюстроўваць.

У сне неспакойным, уночы,

Да Галі з’яўляецца мама;

Як цяжка па снезе ёй крочыць,

Па коўзкіх руінах і ямах!..

У мамы разбітыя скроні...

О мама, чаму ты нямая?

І падае Галя ў бяздонне,

За што затрымацца не мае.

Сцюдзёныя сцены навокал

Адточаны гладка...

I раптам

Ёй робіцца цёпла і лёгка,

Хтось Галю паціху пакратаў.

У хлеве — цяляты малыя,

Тут цёпла ад іхняга пару.

Дзве мяккія, гладкія шыі

Ля Галінай шыі і твару.

Сябры дарагія, цяляты,

Пастушку маю беражыце,

Бо могуць фашысцкія каты

Прыйсці і да вас...

Не кажыце,

Што Галя прыйшла мая з гета,

Ёй крыжык наўмысля надзелі.

Няхай гэта будзе сакрэтам,

Каб немец яе не застрэліў!


Загрузка...