Старыя дарожныя боты
Яшчэ не паспеў я змяніць,
I дзень мне здаецца каротак,
I ноч не дае цішыні.
Гляджу я, раскрыўшы павекі,
На ўзоры дзівоснай разьбы,
Як быццам я роўна поўвека
На вуліцы роднай не быў!
Куды я свой позірк ні кіну, —
Усюды адбітак падзей,
Шле час, што ні крок, мне навіны,
Ён сам, што ні дзень, маладзей.
Здаецца, нядаўнюю ростань
Прайшоў я абрывам крутым,
А ўжо не дагнаць тыя вёрсты
Нагам пастарэлым маім.
Насустрач імчацца машыны,
Вітаюць сябры на хаду.
Сваю без памылкі мясціну
Я ў руху жыццёвым знайду!
Іду я, бадзёры, вясёлы,
Схаваць не магу пачуцця,
I колеры дзіўных вясёлак
У зрэнках маіх зіхацяць.
А лета пануе ўрачыста,
Над пышнымі кронамі дрэў
У небе празрыстым і чыстым
Апошні прамень дагарэў.
1956