Здавалася, сонца замала,
Здавалася, мала святла:
Юнацтва свой шлях пачынала,
А сталасць яшчэ не прыйшла.
Агонь разліваўся па жылах,
У мускулах дужасць расла,
Твая неўтаймоўная сіла
Па хвалях жыццёвых ішла.
Прыгожым было каханне,
Што сэрцы злучыла двух,
Цяжкім было развітанне
З табою, таварыш і друг!
Прыходу твайго чакалі
Твае гарады і палі.
Ты рэк пераплыў нямала,
Ты мораў нямала праплыў.
Усюды — на ўсход і на захад
Дарогі твае праляглі.
Хадзіла юнацтва без страху
Па родных прасторах зямлі.
Ты браў перашкоды з бою,
Ты йшоў без хістанняў наўпрост,
Свой лёс ты звязаў з барацьбою,
Аддаўшы сваю маладосць.
Глядзеў ты з акопа на зоры,
На ззянне далёкіх планет,
I мара па сінім прасторы
За імі імкнулася ўслед.
Сардэчную матчыну ласку,
Вясёлы бацькоўскі жарт
Не чуў ты. Прабітую каску
Стачыла на полі іржа.
А лета ўздыхае прыпарам,
I водар струменіцца з дрэў,
Шчаслівая юная пара
Цалуецца каля дзвярэй.
Старэнькая ціхая маці,
Праплакаўшы вочы даўно,
Самотная ходзіць па хаце,
Штодня паглядае ў акно.
На ганак пахілены выйдзе,
Глядзіць у няўцешнай журбе,
Даўно на цябе яна ў крыўдзе,
Што вестку не шлеш аб сабе.
Не знала, што куля скасіла
Любімага сына яе,—
Яна-б да грудзей прытуліла,
Суцішыла-б мукі твае.
Маўклівыя, сціснуўшы зубы,
Сябры твае неслі цябе.
У гаі пад спаленым дубам
Знайшоў ты магілу сабе.
Хай вораг зламаў тваё крылле
У росквіце гордых надзей,
Юнацтва-ж гарачая сіла
Наперад нястрымна ідзе.
I шчодра гарачае сонца
Адорвае землі святлом
У руху няспынным, бясконцым
Над тым, што жыве і жыло!