I ў пуні, як толькі сцямнела,
Дзяцей Міхаліна хавае.
Халодныя іхнія целы,
Як маці, яна сагравае.
А вецер — над дахам, над краем,
Сціскае і пальцы, і сэрца.
Паплакала трошкі-б старая, —
Лягчэй-бы ёй стала, здаецца.
I шэпча ласкавыя словы...
Усё палюбіла сялянка —
I Дзініны доўгія бровы,
I Галіны шчокі ў вяснянках.
Хто болей ёй любы і родны?
Абедзвюх заслоніць ад кулі.
Зрабіць-бы, каб злосць і нягоды
За гэтую ноч прамінулі!
I стогне пад пуняю глеба,
I дзеці скрозь сон уздыхаюць.
Чаму не з’яўляецца з неба
Рука, што зладзюг пакарае?
I моліцца ўслых Міхаліна:
— Забойцам пашлі пакаранне! —
... Праз шчыліны пуні гасціннай
Прабілася шэрае ранне.