— А што ты мне, бацька, сягоння прынёс?
Што там выглядае ў цябе з-пад рукі?
— Ці ў свеце ласункі смачнейшыя ёсць,
Як свежы хлябок з пытляванай мукі?
У сілу ўбіраецца летняя ноч,
Паціху ахутваюць хмары зямлю.
Дзіця не кладзецца, чакае яно,
Што зараз абвешчаны будзе салют.
Забыла дзіця, што вячэраць пара, —
Пакроен на лусты ляжыць каравай.
I праўда, чутно: загулі ў рупарах
Знаёмыя словы: «Гаворыць Масква!»
Вось дождж сыпануў і пабег у прасцяг,
Праліўся у полі, вярнуўся назад,
А сон падышоў і загойдаў дзіця,
І светлую казку яму расказаў.
А дзесьці наперад памкнуўся баец,
Асвежаны добрым і цёплым дажджом,
Ізноў зарадзіў ён гарматы свае,
I ворага ўдарыў знішчаючы гром.
1943