***


Вайна. Папялішчы — не хаты...

I лета ў крывавых праменнях...

На лузе нямыя цяляты

Глядзяць на маланкі ў здзіўленні.

I пахне травой сакавітай,

I шэпча трава тая ціха:

— Галіна, цялят беражы ты,

Інакш будзе ліха! —

Так, ёсць гаспадар у цяляці,

А Галя адна ў гэтым полі.

На фронце татуля,

а маці...

Не прыйдзе ніколі, ніколі!

На вёрсты, на цэлыя мілі

Палі працягнуліся ўдалеч,

I кветкі галовы схілілі,

Ласкава ўсміхаюцца Галі.

... Праз буры і ўранку і ў змроку

Імчыць яе тата здалёку,

I Галю ён вызваліць першы...

Ён прыйдзе ці конна, ці пешшу!

На крыллях ляціць яе тата,

А можа, на шумных гарматах,

I гэткіх, як тата, нямала,—

Іх тысячы — воінаў дбалых!


Загрузка...