Зямля мая! Слаўная наша краіна!..
У ружовых світаннях — дымкі цягнікоў...
Я рады, што заўжды завеш мяне сынам,
Што еду па родных абшарах дамоў.
Мяне сустракаеш ласкаваю гэткай,
Быў верным табе я заўжды і ва ўсім.
Хай вецер далёкі мне будзе за сведку:
У сэрцы любоў да цябе я насіў.
Дзень добры, айчына мая дарагая!
У міры і ў шчасці заўсёды квітней...
Я родную мову пачуў свайго краю,
Убачыў пагляды зычлівых вачэй.
Хвала тваім травам, вільготным ад росаў,
Да іх прыхінешся — лягчэе цяжар...
Табе я пад вечар свой смутак прыносіў,
Каб пот асушыла, авеяла твар.
Мільгаюць масты... Семафоры маячаць...
Агні пазіраюць, як вочы, услед...
Бы ў казцы забытае кніжкі дзіцячай,
Знікае зімовы аснежаны свет.
Праносяцца вёрсты... А іскры, як пырскі,
Ляцяць ў наваколле... Імчыцца цягнік...
Сустрэча ўжо блізка!
Сустрэча ўжо блізка!
I знікла адлегласць, і час ужо знік.