Нямала пабачыла дзей і здарэнняў
На вуліцы роднай нямое каменне.
Нямое нямым застаецца заўсёды
I сцерпіць маўкліва бяду і нягоды.
Ліхія гадзіны над ім праляталі.
У рукі не раз і не два яго бралі,
Ім ворага білі, пабраўшы, як зброю,
На смерць з ім ішлі барыкадаў героі.
Старое каменне, ты многа спазнала:
I подыхі буры, і посвіст навалы!
Ляжыш нерухомай халоднай цвярдыняй,
Пабітае громам, абмытае ліўнем.
Ішлі па табе закаханыя пары,
Ішлі пераможцы, грымелі фанфары.
Упарта, каменне, маўчыш, як магіла,—
Цябе гаварыць не прымусіш і сілай.
Няхай ты сягоння пакрыўджаным будзеш,
Ды зломяць упартасць упартыя людзі.
Прыйдуць, раскапаюць, каб некуды звесці
Для новае вуліцы ў новае месца.
Прабач, цябе заўтра заменяць асфальтам,
Ты ўпартае — час яшчэ болей упарты!
Яшчэ паслужы, бо на звалку зарана,—
Аздобіш ты бераг ракі ўтаймаванай.
Для новых часін, для вялікай будовы
Ты ляжаш надзейнай і цвёрдай асновай!